Сергій Радакоўскі
Сергій Радакоўскі (па-расейску: Сергий Родаковский) — протаіярэй, настаяцель Сьвята-Троіцкай царквы ў вёсцы Таль Любаньскага раёну, адзін з 23 сьвяшчэннамучанікаў Менскіх.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сергій Радакоўскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў горадзе Жыткавічы Менскай губэрні ў сям’і псаломшчыка. У 1904 годзе пасьля пасьпяховага заканчэньня Менскай Духоўнай Сэмінарыі быў пасьвечаны ва іярэі й прызначаны настаяцелям царквы Ўсьпеньня Божай Маці вёскі Лаўрышава Наваградзкага павету Менскай губэрні, дзе праслужыў дзесяць гадоў. Падчас Першай Сусьветнай вайны ён служыў сьвятаром санітарнага цягніка, а ў 1916—1917 гадах праходзіў паслухмянства палкавога сьвятара.
Сьвятарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля рэвалюцыі бацюшка ўзначаліў прыход у вёсцы Таль Бабруйскага павета Менскай губэрні. У 1930 годзе бацюшку Сергія арыштавалі за няўплату надмерна высокага падаходнага падатку, які патрабавалася выплачваць за служэньне ў царкве. Яго адправілі на прымусовыя працы па нарыхтоўцы. У адмысловую віну бацюшку залічылі яго пытаньне: «Чаму савецкая ўлада не накладвае нормаў па нарыхтоўцы на рабінаў, а ўсё на сьвятароў?»
Вярнуўшыся ў сваю вёску праз шэсьць месяцаў, бацюшка працягнуў служэньне ў храме. У яго канфіскавалі хату, і ён зь сям'ёй бадзяўся па суседзях. У сакавіку 1933 году бацюшку Сергія зноў арыштавалі й 21 красавіка 1933 году прысудзілі да расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне.