Самуіл Кастравіцкі
Самуіл Андрэй Кастравіцкі | |
Род дзейнасьці | польскі і беларускі вайсковы дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 4 сьнежня 1902 |
Месца нараджэньня | Ліда, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 12 жніўня 1953 |
Месца сьмерці | Буэнас-Айрэс, Аргентына |
Месца вучобы | |
Занятак | вайсковец |
Сябра ў | Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў |
Бацька | Амброжы Кастравіцкі |
Маці | Марыя з Багушэўскіх[d] |
Самуіл Андрэй Кастравіцкі (4 сьнежня 1902, Ліда — 12 жніўня 1953, Буэнас-Айрэс) — польскі і беларускі вайсковы дзяяч.
Самуіл Кастравіцкі быў сынам лекара, беларускага грамадзкага дзеяча Амброжыя Кастравіцкага. У 1915—1918 гадах вучыўся ў менскай гімназіі. Пазьней служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у сьнежні 1921 звольнены ў запас. У 1923 вывучаў права ва ўнівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1930-я гг. працаваў у Варшаўскай зямельнай Палаце.
Перад самай вайной С. Кастравіцкі пасяліўся ў Вільні. Пасьля верасьнёўскай кампаніі спачатку хаваўся ў Вільні, а пад канец 1939 прыбыў у Варшаву, удзельнічаў у кансьпірацыйных вайсковых арганізацыях. У канцы 1940 стаў членам Партыі беларускіх нацыяналістаў (ПБС), таксама супрацоўнічаў з СУБ-АК.
У 1941 шэф выведкі СУБ-АК на паўночна-ўсходнім абшары палкоўнік Тамаш Зан даручыў С. Кастравіцкаму кіраўніцтва выведвальным прадстаўніцтвам аддзела Галоўнага Камандаваньня ў Менску. У гэты ж час Кастравіцкі запісаўся ў Беларускі камітэт, дзе на сваіх членаў глядзелі як на будучых кандыдатаў да займаньня разнастайных пасад у цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У жніўні 1941 разам з В. Буткевічам С. Кастравіцкі выехаў ненадоўга ў Баранавічы і Вільню, але пасьля спатканьня з добра яму знаёмым В. Іваноўскім вярнуўся ў Варшаву. У канцы лістапада С. Кастравіцкі прыбыў у Менск з мэтай арганізаваць на месцы выведвальную ячэйку СУБ, зь ім прыехаў В. Буткевіч. Пасьля сустрэчы з В. Іваноўскім, які быў прызначаны на пасаду бургамістра Менска, С. Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву, а ў Менску застаўся В. Буткевіч, які атрымаў пасаду ў гарадзкой управе. У далейшым С. Кастравіцкі трымаў зь ім канал сувязі. Пасьля вяртаньня ў Варшаву Кастравіцкі застаўся ў контрвыведчым сэктары на пасадзе кіраўніка ячэйкі, якая займалася, між іншым, беларускімі справамі. На гэтай пасадзе ён прымаў захады дзеля падрыхтоўкі ў Галоўным камандаваньні СУБ-АК спрыяльнай глебы для перамоў з прадстаўнікамі ПБН, але яго высілкі не прынесьлі плёну.
У ліпені 1944 Самуіл Кастравіцкі атрымаў званьне маёра запасу. Пасьля Варшаўскага паўстаньня апынуўся ў лягеры палонных Лямсдорф, затым Волдэнбэрг. Са жніўня 1945 служыў у ахоўных ротах у Нямеччыне. Быў дэмабілізаваны ў 1948. Пасьля дэмабілізацыі эміграваў у Аргентыну.