Пісьменьнікі свабоды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Пісьменьнікі свабоды
Freedom Writers
Жанр фільм-драма і экранізацыя літаратурнага твору
Рэжысэр Рычард ЛяГравенэзэ
Прадусар
Сцэнарыст Рычард ЛяГравенэзэ
У ролях
Кампазытар
Апэратар Джым Дэно
Мантаж Дэйвід Морыц
Вытворчасьць
Дата выхаду 5 студзеня 2007
Час 122 хвіліны
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $21 мільён
Прыбытак $43 090 741
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Пісьменьнікі свабоды» (па-ангельску: Freedom Writers) — драматычны фільм рэжысэра Рычарда ЛяГравенэзэ, выпушчаны ў 2007 року. У галоўных ролях — Гілары Сўонк, Скот Глэн, Аймэлда Стонтан і Патрык Дэмпсі.

Фільм заснаваны на кнізе «Дзёньнік пісьменьнікаў свабоды» настаўніцы Эрын Грувэл, якая апісала свой прафэсійны досьвед працы ў сярэдняй школе Вудраў Ўілсан у Лонг Біч (Каліфорнія). Назва — алюзія з выразам «Вершнікі свабоды», якім называлі шматрасавых дзеячоў за грамадзянскія правы, якія правяралі дзеяньне выраку Вярхоўнага суду ЗША па дэсэгрэгацыі міжгародніх аўтобусаў у 1961 року.

Ідэя фільму прыйшла журналістцы Трэйсі Дэрнінг, якая сфільмавала пра Эрын Грувэл дакумэнтальны фільм, паказаны на канале ABC News. Яна таксама стала супрадусаркай мастацкага фільму.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя падзеі разгортваюцца ў 1993—1996 роках, завязка фільму пачынаецца з забурэньняў у Лос-Анджэлесе за год перад гэтым. Эрын Грувэл (Гілары Сўонк), маладая, захопленая школьная настаўніца пераяжджае з роднага Ньюпарт Бічу ў Лонг Біч, каб працаваць у школе па праграме інтэграцыі праблемных падлеткаў. Ейны энтузіязм хутка згасае, калі яна ўсьведамляе, што ейныя вучні — павышанай рызыкі, да таго ж ня хочуць вучыцца. Паміж імі існуе самасэгрэгацыя, паміж ватагамі адбываюцца бойкі, і ў рэшце рэшт амаль усе вучні перастаюць наведваць заняткі. Да таго ж Эрын даводзіцца яшчэ сутыкнуцца зь непаразуменьнем з боку сваёй дырэктаркі, якая не дазваляе вучням карыстацца бібліятэчнымі кнігамі, бо яны іх нявечаць і губляюць; замест гэтага дырэктарка раіць засяродзіцца на выхаваньні і дысцыпліне.

Аднае начы дзьве вучаніцы, амэрыканская мэксыканка Эва (Эйпрыл Лі Эрнандэс), якая ў фільме выступае таксама ў ролі дыктара, і камбаджыйская ўцякачка Сындзі (Жаклін Нган), апынаюцца ў адной кругласутачнай краме. Тут жа знаходзіцца яшчэ адзін вучань Грант Райз (Арманд Джонз), які прайграўся ў гульнявы аўтамат ды патрабуе ад прадаўца вяртаньня грошай. Не дабіўшыся нічога, ён вырываецца вонкі, і ў гэты момант сябар Эвы Пака страляе ў яго з аўтамабіля, аднак замест Гранта выпадкова забівае хлапца Сындзі. Эва — адзіная сьведка забойства, і як чалец банды, яна мусіць сьведчыць на карысьць «свайго» Пака.

На адным з заняткаў Грувэл перахоплівае намаляваны адным з вучняў расісцкі малюнак іншага вучня і на ягоным прыкладзе праводзіць аналёгіі з Галакостам, пра які, як высьвятляецца, шкаляры ня чулі. Пакрысе яна пачынае заваёўваць іхні давер, набывае за ўласныя грошы кнігі для заняткаў, пасьля дае ім сшыткі, каб яны маглі весьці ўласныя дзёньнікі. Каб мець грошы на іхняе навучаньне, Грувэл уладкоўваецца на дзьве дадатковыя працы і ўсё даўжэй застаецца ў школе з вучнямі, што вельмі не задавальняе ейнага мужа (Патрык Дэмпсі). Тым часам вучні пачынаюць ставіцца адзін да аднаго з шанаваньнем і яшчэ болей адкрываюцца. Асабліва заўважная перамена ў адным вучні, Маркусе (Джэйсане Фіне). Грувэл запрашае на сустрэчы са сваімі вучнямі розных жыдоў, што перажылі Галакост, а таксама ладзіць для вучняў экскурсію ў Музэй цярплівасьці. Тым часам ейныя калегі і дырэктарка Маргарэт Кэмпбэл (Аймэлда Стонтан) пачынаюць высьмейваць ейныя ўнікальныя мэтодыкі навучаньня.

Надыходзіць наступны сэмэстар, і ў першы дзень заняткаў Грувэл прапануе клясе прамовіць «Тост за перамены», дзе кожны можа выказацца пра свае адчуваньні і намаганьні зьмяніцца. Падчас вывучэньня кнігі «Дзёньнік Ганны Франк» яны запрашаюць для сьведчаньня Міп Гіс (Пэт Кэрал) — жанчыну, якая хавала Ганну Франк ад нямецкіх жаўнераў. Кляса зьбірае грошы на ейны прыезд зь Нідэрляндаў, і Міп распавядае клясу пра тое, як яны хавалі Ганну Франк. Вучні называюць Міп Гіс гераіняй, аднак яна адмаўляе гэта, сьцьвярджаючы, што яна проста рабіла тое, што мела зрабіць. Гэтыя словы падштурхоўваюць Эву адмовіцца ад хлусьні на судзе над сваім паплечнікам па бандзе. Пасьля ейнага сьведчаньня сваякі разгубленыя, а сама Эва падвяргаецца нападам з боку ўдзельнікаў банды і вымушаная пераехаць жыць да цёткі, каб не загінуць.

Грувэл прапануе вучням аформіць дзёньнікі, у якіх яны распавядалі пра ўласныя жыцьці, у кнігу. Усе гісторыі, сабраныя пад адной вокладкай, атрымліваюць назву «Дзёньнік пісьменьнікаў свабоды». Муж, ня вытрымаўшы адзіноты, разводзіцца зь ёю; а Маргарэт паведамляе, што ў наступным годзе Грувэл ня можа працягваць навучаньне гэтае клясы. Эрын Грувэл спрабуе дамагчыся дазволу на навучаньне ў старэйшых клясах і даходзіць да старэйшага інспэктара, якога ўрэшце пераконвае і атрымлівае дазвол працягнуць выхаваньне сваіх вучняў на два наступныя гады. У эпілёгу паведамляецца, што Грувэл пасьпяхова падрыхтавала мноства выпускнікоў, якія пасьля паступілі ў коледжы, што ў іхніх сем’ях сталася ўпершыню.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Пісьменьнікі свабоды» атрымалі збольшага ўхвальныя ацэнкі крытыкаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]