Перайсьці да зьместу

Пэдра Кальдэрон дэ ля Барка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэдра Кальдэрон дэ ля Барка
Pedro Calderón de la Barca
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 студзеня 1600
Мадрыд, Гішпанія
Памёр 25 траўня 1681 (81 год)
Мадрыд, Гішпанія
Пахаваны
Дзеці Пэдра Хасэ Кальдэрон дэ ля Барса[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, паэт,
Кірунак барока, маньерызм
Жанр драма, камэдыя
Мова гішпанская мова[1][2]
Дэбют «Amor, honor y poder», 1623
Творы на сайце Lib.ru (рас.)

Пэ́дра Кальдэро́н дэ ля Ба́рка (17 студзеня 1600 — 25 траўня 1681) — драматург і паэт пэрыяду Залатога веку гішпанскае літаратуры. Яго творы лічацца адным з найвышэйшых дасягненьняў літаратуры таго пэрыяду. Аўтар амаль 200 драматычных сачыненьняў, Кальдэрон завяршае гісторыю гішпанскае клясычнае драмы. З пачатку XIX ст. Кальдэрон набывае міжнародную вядомасьць і часта параўноўваецца з Шэксьпірам па значэньні для эўрапейскага тэатру.

Нарадзіўся ў Мадрыдзе. Яго маці, Ганна Марыя дэ Энао, была дачкой збройніка, родам з Фляндрыі, памерла ў 1610 годзе; яго бацька, Дыега Кальдэрон, быў сакратаром пры казначэйстве, памёр у 1615 годзе. Кальдэрон атрымаў адукацыю ў езуіцкім калегіюме ў Мадрыдзе, дзе спачатку мусіў стаць духоўнае асобай, але пасьля, вывучаў юрыспрудэнцыю ва ўнівэрсытэце Саламанкі і Алькала-дэ-Энарэс. Тым ня менш, у 1620 годзе ён пакінуў вучобу дзеля вайсковае службы.

Сваю першую камэдыю Кальдэрон піша ў 13 гадоў і ўдастойваецца пахвалы Лопэ дэ Вэгі. Паміж 1620 і 1622 гадамі Кальдэрон перамагае ў некалькіх паэтычных спаборніцтвах у гонар сьв. Ісыдора ў Мадрыдзе. У якасьці драматурга, Кальдэрон дэбютаваў п’есай «Каханьне, гонар і ўлада» («Amor, honor y poder»), прадстаўленай 29 чэрвеня 1623 году.

Паводле некаторых зьвестак, у пэрыяд 16251635 гг., Кальдэрон служыў у гішпаньскім войску ў Італіі і Фляндрыі. Аднак згодна зь некаторымі тагачаснымі дакумэнтамі, у гэты пэрыяд Кальдэрон знаходзіўся ў Мадрыдзе. Цягам часу дзьвюх наступных дэкадаў, Кальдэрон напісаў больш за 70 пьес, большасьць зь якіх былі сьвецкімі драмамі, якія пісаліся для камэрцыйных тэатраў. На пачатку 1629 году адзін зь яго братоў быў паранены акторам, які пасьля атрымаў прытулак у манастыры. Кальдэрон, разам са сваім другім братам і зь некалькімі канстэбэлямі ўварваўся ў манастыр, імкнучыся схапіць злодзея. Неўзабаве сьвецкі прапаведнік Гартэнзьё Фэлікс Паравасына ў пропаведзі перад Філіпам IV абвінаваціў учынак Кальдэрона. Кальдэрон у сваю чаргу адказаў на гэтую пропаведзь сваёй прамовай El príncipe constante, выкрываючы напышлівае красамоўства Паравасына. З-за сваёй прамовы драматург быў пакараны трохдзённым хатнім арыштам і быў вымушаны прыбраць абразьлівыя радкі са сваёй пьесы.

Чарцёж сцэны прыдворнага тэатру ў палацы Буэн-Рэтыра

К часу сьмерці Лопэ дэ Вэгі ў 1635, Кальдэрон ужо лічыўся першым драматургам Гішпаніі. Ён выклікаў нямалую прыхільнасьць да сваёй асобы з боку двара, і ў 16361637 гг., Філіп IV пасьвяціў Кальдэрона ў рыцары ордэна Сьв. Санцьяга і замовіў у драматурга сэрыю тэатральных п'есаў для мадрыдзкага каралеўскага тэатру, уладкаванага ў нядаўна збудаваным палацы Буэн-Рэтыра.

У 1640—1642 гадах, выконваючы воінскія абавязкі, Кальдэрон у складзе роты кірасіраў, сфармаванай графам-гэрцагам Аліварэсам, удзельнічаў у падаўленьні «Паўстаньня жняцоў» (нацыянальна-сэпаратысцкага руку) у Каталёніі, дзе праславіўся сваёй мужнасьцю ў бітве каля Тарагоны. У 1642 годзе па стане здароўя ён пакідае вайсковую службу і праз тры гады атрымлівае спэцыяльную ваенную пэнсію за заслугі ў бітве.

Біяграфія наступнага пэрыяду жыцьця Кальдэрона застаецца няяснай. У 1647 г. памірае яго брат, Дыега Кальдэрон. Паміж 1647 і 1649, ад невядомае жанчыны ў драматурга нараджаецца сын. Кальдэрон даручае гадаваньне свайго сына свайму пляменьніку, сыну памерлага брата Дыега. Верагодна, што гэтыя падзеі (сьмерць брата, нараджэньне незаконнага сына, пачатак ціску на тэатар) паўплывалі на рашэньне Кальдэрона канчаткова далучыцца да служэньня Богу. У 1650 годзе ён становіцца тэрцыярыям ордэна сьв. Францішка, і ў 1651 прысьвячаецца ў сьвятары. Пасьля прысьвячэньня Кальдэрон адмаўляецца пісаць сьвецкія пьесы і зьвяртаецца да жанру autos sacramentales — алегарычным п'есам па сюжэтах, запазычаных галоўным чынам зь Бібліі і Сьвяшчэннага Пісаньня, драматычна ілюструючым таінства Эўхарыстыі. У 1662, дзьве з аўто Кальдэрона, Las órdenes militares і Mística y real Babilonia, былі аб’ектамі следства інквізыцыі; першая была забароненая, рукапіс пьесы канфіскаваны і праляжаў занядбаны да 1671 году.

У 1663 годзе Кальдэрон быў прызначаны прыватным духоўнікам Філіпа IV; гэтую ганаровую пасаду за Кальдэронам захаваў і пераемнік караля, Карл II. На 81 гаду жыцьця Кальдэрон піша сваю апошнюю сьвецкую пьесу, Hado y Divisa de Leonido y Marfisa, у гонар шлюба Карла II і Марыі-Луізы дэ Арлеан. Нягледзячы на папулярнасьць яго п'есаў і ласку з боку каралеўскага двара, апошнія гады Кальдэрона прайшлі ў заўважнай галечы.

Кальдэрон памёр 25 траўня 1681 году.

Драматургія Кальдэрона — барокавае завяршэньне тэатральнае мадэлі, створанай напрыканцы XVI — пачатку XVII стст. Лопэ дэ Вэга. Паводле сьпісу твораў, які быў складзены самім аўтарам незадоўга да сьмерці, пяру Кальдэрона належаць каля 120 камэдыяў і драмаў, 80 autos sacramentales, 20 інтэрмэдыяў і нямалая колькасьць іншых твораў, у тым ліку вершаў і паэм.

Існуе мноства клясыфікацыяў п'есаў Кальдэрона. Часьцей за ўсё дасьледнікі вылучаюць наступныя групы:

Comedias verdaderas, 1726
Тытульны аркуш збору камэдяў Кальдэрона (Мадрыд, 1640 г.)
  • Драмы гонару. У гэткіх творах вяршэнствуе традыцыйная для гішпанскага барока праблематыка: каханьне, рэлігія, гонар. Канфлікт зьвязаны альбо з адступленьнем ад гэткіх прынцыпаў, альбо з трагічнай неабходнасьцю іх выканаць, нават коштам свайго жыцьця. Хоць дзеяньне часта адбываецца ў мінулым Гішпаніі, асяродзьдзе і праблематыка набліжаныя да сучаснасьці Кальдэрона.
  • Філязофскія драмы. Пьесы гэткага тыпу кранаюць фундамэнтальныя пытаньні быцьця, перш за ўсё — чалавечага лёсу, свабоды волі і прычынаў чалавечых пакутаў. Часьцей за ўсё дзеяньне адбываецца ў экзатычных Кальдэрону краінах (напрыклад, Ірляндыі, Польшчы, Масковіі); гістарычны і мясцовы калярыт падкрэслена ўмоўны і створаны дзеля акцэнтаваньня іх пазачасавае праблематыкі. Прыклады: «Жыцьцё ёсьць сон», «Чароўны маг».
  • Камэдыі інтрыгі. Самая «традыцыйная» група п'есаў Кальдэрона ўключае ў сябе камэдыі, пабудаваныя па канонах тэатру Лопэ дэ Вэга, з заблытанай і захапляльнай любоўнае інтрыгай. Ініцыятарамі і самімі актыўнымі ўдзельнікамі інтрыгі часьцей за ўсё становяцца жанчыны. Камэдыям уласьцівы так званы «кальдэронаў ход» — выпадкова трапіўшыя да герояў прадметы, лісты, якія дайшлі памылкова, патаемныя хады і дзьверы. Прыклады: «Дама-прывід»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Calderón de la Barca, Pedro // CONOR.SI