Перайсьці да зьместу

Прыніжаныя і зьняважаныя (раман)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прыніжаныя і зьняважаныя
Униженные и оскорблённые
Жанр: раман
Аўтар: Фёдар Дастаеўскі
Мова арыгіналу: расейская
Год напісаньня: 1861
Публікацыя: 1861
Папярэдні твор: Вёска Сьцяпанчыкава і яе жыхары
Наступны твор: Занатоўкі зь мёртвага дому
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Прыні́жаныя і зьнява́жаныя» — раман Фёдара Дастаеўскага, упершыню апублікаваны ў 1861 годзе ў часопісе «Время» з падзагалоўкам: «З запісак нязьдзейсьненага літаратара» і прысьвячэньнем М. М. Дастаеўскаму. Сёлета ў Пецярбурзе друкаваўся асобным выданьнем. Пры жыцьці пісьменьніка перавыдаваўся ў 1865 і 1879 гг. Гэта першы са шматлікіх раманаў Дастаеўскага, у якім цэнтральную ідэю занімаюць чалавечыя пакуты і ўпершыню распрацоўваецца вобраз «эгаізму пакутаў». Экранізаваны ў 1991.

«Прыніжаныя і зьняважаныя» зьяўляецца першым вялікім раманам Дастаеўскага пасьля катаргі. У ім адлюстраваліся ідэйна-мастацкая эвалюцыя пісьменьніка, у якога ў Сыбіры сасьпела перакананьне ў трагічнай адарванасьці перадавой расейскае інтэлегенцыі ад «глебы», нявер’е ў рэвалюцыйны шлях пераўтварэньня расейскае рэчаіснасьці[1].

У аснове апавяданьня закладзеныя дзьве сюжэтныя лініі: любоўны трохкутнік Каця — Алёша — Наташа, і ўзаемадзеяньне Івана Пятровіча з асірацелай дзяўчынкай Аленай (Нэлі), якой ён аказвае сваё заступніцтва. Дастаеўскі паказвае рэжысэра гэтага жудаснага і разам з тым звычайнага і бясконцага пецярбурскага спэктакля — чалавека з уладай і сувязямі[2], увасабленьнем якога зьяўляецца Пётр Валкоўскі. Яго жыцьцё пазначана сьмерцю тых, хто меў няшчасьце зь ім зблізіцца. Першай яго жонкай была купецкая дачка, другая — дачка прамыслоўцы Іераміі Сьміта. Абедзьве яны сталі нецікавымі пасьля таго, як даверылі яму свае грошы. Сувязі і махінацыі дапамаглі Валкоўскаму выйсьці сухім з вады. Вобраз Валкоўскага прачытваецца як алюзія на ўладатрымальнікаў у імпэрыі. Улада — гэта апошняя іхняя апора. Дзяржаўная служба цікавіць Валкоўскага толькі як даходнае месца[2].

Яна як быццам бы хацела некага зьдзівіць або напалохаць сваімі подзьвігамі; быццам яна хвалілася перад некім? Але штосьці тайнае высьпявала ў яе душы… Так, стары меў рацыю; яна зьняважана, рана яе не магла загаіцца, і яна нібы знарок старалася разьвярэджваць сваю рану гэтай таямнічасьцю, гэтым недаверам да ўсіх нас; яна быццам бы атрымлівала асалоду ад свайго болю, ад эгаізму пакуты, калі можна так сказаць. Гэтае разьвярэджваньне болю і асалода ад яго былі мне зразумелыя: гэта асалода многіх пакрыўджаных і зьняважаных, якія прыгнечаны лёсам і ўсьведамляюць яго несправядлівасьць

«Прыніжаныя і зьняважаныя», частка IV, разьдзел 4
  • Іван Пятровіч, пецярбурскі літаратар, ад яго асобы вядзецца наратыў
  • Мікалай Сяргеевіч Іхмянёў, памешчык
  • Ганна Андрэеўна Іхмянёва (да шлюба Шумілава), жонка Іхмянёва
  • Наташа Мікалаеўна, дачка Іхмянёва
  • Маўра, пакаёўка Наташы Мікалаеўны
  • Князь Пётр Аляксандравіч Валкоўскі
  • Князь Аляксей Пятровіч Валкоўскі, сын Пятра Валкоўскага
  • Іерамія Сьміт
  • Алена (Нэлі), унучка Сьміта
  • Філіп Філіпыч Маслабоеў, стары знаёмы Івана Пятровіча па ўнівэрсытэту
  • Аляксандра Сямёнаўна, жонка Маслабоева
  • Кацярына Фёдараўна, будучая жонка князя Аляксея Валкоўскага
  1. ^ Выбраныя творы : Пер.з рус. А. Каляды / Фёдар Дастаеўскі; Прадм. А. Рагулі. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2004. — 672 с — (Беларускі кнігазбор: замежная літаратура) ISBN 985-6730-38-4 С. 663
  2. ^ а б Выбраныя творы : Пер.з рус. А. Каляды / Фёдар Дастаеўскі; Прадм. А. Рагулі. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2004. — 672 с — (Беларускі кнігазбор: замежная літаратура) ISBN 985-6730-38-4 С. 9—10