Вялікае Княства Літоўскае (1811)
Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае (Плян Агі́нскага) — прапанаваны Міхалам Клеафасам Агінскім у 1811 року праект дзяржавы на тэрыторыі васьмі губэрняў Расейскай імпэрыі: Віленскай, Валынскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай, а таксама Беластоцкай вобласьці і Тарнопальскай акругі. Плянавалася стварыць дзяржаву ў процівагу герцагству Варшаўскаму.
Плян Агінскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідэя стварэньня з заходніх губэрняў Расеі асаблівай правінцыі была выказаная сэнатарам М. К. Агінскім на абедзе ў імпэратара 13 красавіка [ст. ст. 25 красавіка] 1811. 15 траўня [ст. ст. 27 траўня] 1811 граф Агінскі прадставіў цару цыдулку, дзе абгрунтоўваў уключэньне ўкраінскіх губэрняў у склад новага дзяржаўнага ўтварэньня[1]. Кіраваньне герцагствам было прапанавана перадаць вялікай княгіні Кацярыне Паўлаўне, сястры імпэратара.
Мэтай расейскага імпэратара Аляксандра I была нэўтралізацыя прафранцускага ўплыву ў «польскіх губэрнях» і ўмацаваньне сваіх пазыцыяў. Аднак ня менш важным, калі не галоўным, было жаданьне Аляксандра I максымальна выкарыстоўваць чалавечы і матэрыяльны (харчовы) рэсурсы Беларусі.
22 кастрычніка [ст. ст. 3 лістапада] 1811 Агінскі ў лісьце выклаў імпэратару падрабязнае бачаньне стваранай дзяржавы, распрацаванай групай магнатаў (М. К. Агінскі, Ф. К. Любецкі, Л. Плятэр(pl), Т. Ваўжэцкі і інш.). Прапаноўваліся наступныя крокі:
- утварэньне зь Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Менскай, Падольскай губэрняў, Беластоцкай і Тарнопальскай(uk) абласьцей асаблівую правінцыю пад назвай Вялікае герцагства (княства) Літоўскае з цэнтрам у Вільні і на чале з імпэратарскім намесьнікам;
- прадугледжвалася стварэньне асаблівых органаў кіраваньня (Літоўскай канцылярыі ў Пецярбургу і Адміністрацыйнай рады ў Вільні);
- заканадаўчым кодэксам павінен быў стаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, а польская мова — мовай справаводзтва;
- стварэньне ў Вільні Вярхоўнага трыбуналу як апошняй інстанцыі дзеля вырашэньня судовых справаў;
- усе дзяржаўныя пасады плянавалася замяшчаць толькі выхадцамі Княства;
- прапаноўвалася вылучыць сродкі на адукацыю ў ВКЛ на асобны рахунак дзяржаўнага бюджэту[2].
На думку графа Агінскага, падобны крок выбіў бы ініцыятыву з рук Напалеона, прымусіў палякаў бачыць у Аляксандры I абаронцу іхняе Радзімы. У выпадку ж вайны з Францыяй Польшча выступіць на баку Расеі, і тады імпэратар павінен прыняць польскую карону.
1 сьнежня Агінскі прадставіў яшчэ адну цыдулку, у якой раіў імпэратару не абмяжоўвацца стварэньнем Вялікага Княства Літоўскага, а прапанаваў аднавіць Польскае каралеўства і пазьней аднавіць дзеяньне Канстытуцыі 3 траўня[1]. Аднак познай восеньню Аляксандар I, адмовіўшыся ад ідэі прэвэнтыўнай вайны супраць Напалеона, перастаў цікавіцца плянамі стварэньня герцагства і заняўся ўзмацненьнем абароны. Узімку 1812 року пасьля апошняй сустрэчы з Агінскім імпэратар больш ня згадваў пра аўтаномію і вярнуўся да плянаў абвяшчэньня Польскага каралеўства.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палітычныя задумы М. К. Агінскага і ягоных паплечнікаў засталіся незрэалізаванымі, аднак паспрыялі пэўнай кансалідацыі буйных землеўласьнікаў вакол ідэі адраджэньня Радзімы з дапамогай царызму. Акрамя таго, былі ўпарадкаваныя пытаньні ўнутранай палітыкі царызму ў заходніх губэрнях.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ерашэвіч 2002.
- ^ Лукашевич 2002.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Булаты П. План Агінскага: як спрабавалі адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае пад скіпетрам Расійскай імперыі // Наша гісторыя. — 2021. — № 12 (29).
- Ерашэвіч А. Палітычныя праекты адраджэння Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў палітыцы расейскага царызму напярэдадні вайны 1812 г. // Гістарычны альманах : Навуковы гістарычны і краязнаўчы часопіс. — Гародня: 2002. — Т. 6.
- Лукашевич А. М. Западный пограничный регион в военно-стратегических планах Российской империи (конец XVIII в. — 1812 г.): в 3 кн. Кн. 1: Политическая ситуация по данным служб разведки и контрразведки (рас.). — ИВЦ Минфина, 2012. — 359 с. — ISBN 978-985-6993-82-7
- Лукашевич А. М. Проекты восстановления Речи Посполитой и Великого Княжества Литовского и их место в военно-стратегическом планировании Российской империи (1810—1812 гг.) // Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы международной научной конференции (рас.). — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2002. — С. 46—59.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кастусь Тарасаў. (13.11.2009) Вялікае герцагства Літоўскае Культура. Новы Час. Праверана 29 кастрычніка 2015 г.