Плябанскія Млыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Xqbot (гутаркі | унёсак) у 00:31, 3 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Рака Сьвіслач каля Замчышча (Плябанскія млыны знаходзіліся ніжэй па плыні), малюнак Я. Драздовіча

Плябанскія млыны — комплекс вадзяных млыноў на рацэ Сьвіслач у Менску.

Пачаткова левабярэжны млын належаў менскаму дамініканскаму кляштару, правабярэжны — вуніяцкай царкве. Пазьней першы млын перайшоў у валоданьне касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, другі — да праваслаўнага Архірэйскага двара.

З боку Траецкай Гары да млыноў ішла аднайменная вуліца (у 1866 року перайменаваная ў Шырокую, цяпер Куйбышава).

Гісторыя з Плябанскімі млынамі

У 1893 року месьцічы, якія жылі каля млыноў пачалі скардзіцца на вялікую шкоду Плябанскай плаціны. Збудаваньне стрымлівала вольную пратоку вады, што вяло да забалочваньня мясцовасьці і паводак. Апроч таго, маларухомая вада зьбірала брудныя сьцёкі з суседніх рынку ды лякарні і такім чынам рабілася крыніцай эпідэмічных захворваньняў.

Пасьля абсьледваньня стану мясцовасьці мескі санітарны камітэт вырашыў, што плаціну мэтазгодна зруйнаваць. Тады ж меская ўправа пачала перамовы з канторай архірэйскага дома і плябаніяй касьцёла Сьвятой Тройцы. Праваслаўныя згадзіліся зьнесьці млын за 12,6 тыс. рублёў, каталікі — за 10 тыс. Але такіх грошаў у места не знайшлося, а хадайніцтва на атрыманьне ўрадавай пазыкі засталося безвыніковым.

Справа пра выкуп млыноў разглядалася ў Сынодзе — найвышэйшай духоўнай інстанцыі Расейскай імпэрыі. У сакавіку 1900 року той дазволіў прадаць архірэйскі млын, але толькі на знос бяз права на прылеглую зямлю. Такая ўмова не задаволіла мескія ўлады, якія жадалі выкупіць млын разам зь зямлёй. У сваю чаргу архірэйскі дом, каб яшчэ раз падкрэсьліць свае ўласьніцкія правы, пачаў рамантаваць млын і сваю частку плаціны. У 1901 року ўлады спрабавалі зруйнаваць млын судовым парадкам, але беспасьпяхова.

Пасьля вялікай вясновай паводкі 1906 року, якая амаль разбурыла плаціну, зноў паўстала пытаньне пра выкуп. Праз колькі рокаў места купіла ў Сьвята-Траецкага касьцёла ягоны млын разам з прылеглай зямлёй за першапачатковую суму. Управа спадзявалася распаўсюдзіць свае правы і на астатнюю частку плаціны. У 1909 року падчас вясновага крыгаходу мескі галава Стэфановіч загадаў зьняць усе засаўкі каб пазьбегнуць паводкі. Аднак архіяпіскап Міхаіл за парушэньне правоў уласнасьці прыягнуў увесь склад мескай управы да судовай адказнасьці. Пан Стэфановіч страціў пасаду.

У 1911 року ўправа аднавіла перамовы наконт выкупу плаціны і млына. Аднак пры падпісаньні канчатковых дакумэнтаў высьветлілася, што места заплаціўшы значна большую суму (17 тыс. рублёў) так і не набыло правоў на зямлю пад плацінай. Тым часам жыхары прыбярэжных раёнаў па-ранейшаму цярпелі ад частых паводак і пілі ваду, зусім не прыдатную да ўжываньня (у ёй, у прыватнасьці, ішло гніеньне трупаў жывёлаў, затрыманых плацінай).

У траўні 1913 року тэрмін арэнды архірэйскага млына скончыўся. Але мескай управе так і не ўдалося дамовіцца наконт выкупу, таму арэнда працягнулася на новае дзесяцігодзьдзе. Плаціна не была зьнесенай.

Такім чынам, непахіснасьць палажэньняў закону аб прыватнай уласнасьці і бязглуздыя амбіцыі Расейскай праваслаўнай царквы перамаглі першачарговую неабходнасьць паляпшэньня санітарнага стану Менску.[1]

Крыніцы

  1. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 114

Літаратура

  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. ISBN 985-6302-46-3.

Вонкавыя спасылкі