Перайсьці да зьместу

Пераклады Бібліі на грузінскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мацамецкае(ka) Дабравесьце, напісанае пісьмом асамтаўрулі(ka)

Перакла́ды Бі́бліі на грузі́нскую мо́ву — пераклады Бібліі, выкананыя ў розныя гістарычныя часы рознымі аўтарамі.

Хрысьціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй у Картлі ўжо ў IV стагодзьдзі. З гэтага моманту пачынаюць зьяўляцца першыя прыклады грузінскага пісьма. Першы вядомы пераклад кніг Бібліі датаваны V стагодзьдзем[1]. Гэта былі нататкі грузінскімі сымбалямі, зробленыя на старонках Ерусалімскага Талмуду(en)[2].

Пачынаючы з VI стагодзьдзя грузінскія пераклады кніг Бібліі прадстаўленыя ў шматлікіх сьпісах, напрыклад у Сынайскім многаглаве (груз. სინური მრავალთავი; перапісаны ў 864 року), Адыскім Чацьвераглаве(ka) (перапісаны ў 897 року), Апіскім(ka) Чацьвераглаве (перапісаны ў 913 року)[3]. Самы раньні рукапіс Старога Запавету — Ашкійская(ka) Біблія — перапісаны ў 978 року Янам Торнікам(ka)[4].

З закладаньнем на Атоне грузінскага манастыру пачынаецца пераарыентацыя з сырыйска-арамэйскай у бок грэцкай культуры. У 978 року Яўхім Атонскі(ka) ўпершыню пераклаў Адкрыцьцё Яна Багаслова з грэцкага рукапісу[4]. У XI стагодзьдзі Георгі Мтацміндэлі(ka) параўнаў пераклады Бібліі, зробленыя да яго, з грэцкім арыгіналам, і пераклаў недастатнія часткі. Ягоную працу працягнуў сучасьнік Яфрэм Мцыры(ka), які стварыў новы пераклад некалькіх кнігаў Бібліі ды сфармаваў навуковы падыход да перакладніцкай і літаратурнай дзейнасьці[2]. Яшчэ адным перакладам, які наблізіў грузінскія тэксты да грэцкага арыгіналу, стала Гелацкае Эвангельле(ka) (XII—XIII стагодзьдзі)[3].

У канцы XII — пачатку XIII стагодзьдзяў створаны ілюмінаваны рукапіс Дабравесьцяў пад назвай Ванскае чатырохэвангельле(ka) (груз. ვანის ოთხთავი, Ваніс атхтаві), напісаны альфабэтам нусхуры(ka).

Першая друкаваная кніга Бібліі на грузінскай мове — Псалтыр — была выдадзеная ў 1705 року ў Маскве. У 1709 року картлійскі цар Вахтанг VI збудаваў у Тбілісі друкарню, дзе выдаў грузінскі пераклад Новага Запавету. Рэдагаваньне тэкстаў з мэтай прывядзеньня да тагачаснай грузінскай мовы было даручанае каталіцкаму манаху Сулхану-Сабе Арбэліяні(ka)[5], які валодаў грэцкай, лацінскай і яшчэ некалькімі мовамі і заняўся набліжэньнем перакладу да арыгінальных тэкстаў. У 1709—1711 выйшлі 3 выданьні Псалтыры, у 1710—1711 — кнігі прарокаў ягонай рэдакцыі[4]. Аднак Арбэліяні ня скончыў сваю працу з-за апазыцыі праваслаўнае царквы.

Дзякуючы намаганьням Вахтангавых нашчадкаў прынцаў Бакары(ka) і Вахушці(ka) ў 1743 року ў Маскве была надрукаваная першая поўная Біблія ў перакладзе на грузінскую мову[2]. Тэкст гэтага выданьня, аднак, складзены з розных перакладаў: кнігі Левіт, Лічбаў, Паўтораны Закон, Рут ды Судзьдзяў пераважна грунтуюцца на Ашкійскай Бібліі; Псалтыр і Новы Запавет — на рэдакцыі Георгі Мтацміндэлі; кнігі прарокаў — на Гелацкай Бібліі; Макабэйскія кнігі і Мудрасьць Сырахава перакладзеныя з царкоўнаславянскага тэксту. У 1883 року на аснове гэтага выданьня выйшла новая рэдакцыя грузінскага Старога Запавету[4].

  1. ^ Philip A. Noss. 2.4. Georgian translation By the second half of the fifth // A history of Bible translation. — Amer Bible Society, 2007. — 521 с. — ISBN 9788884983732
  2. ^ а б в A Treasure Hidden for Centuries (анг.) The Watchtower. Jehovah’s Witnesses (June 2013). Праверана 29 траўня 2017 г.
  3. ^ а б Грузинская литература. Памятники древнегрузинской литературы. Переводные сочинения (рас.) Энциклопедия Кругосвет Праверана 29 траўня 2017 г.
  4. ^ а б в г А. В. Муравьёв. Библия. IV. Переводы. Древнегрузинский (рас.) Православная энциклопедия Праверана 29 траўня 2017 г.
  5. ^ Грузинская литература. Литература эпохи Возрождения (рас.) Энциклопедия Кругосвет Праверана 29 траўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]