Перайсьці да зьместу

Паўтаржыцкія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб «Прыяцель»

Паўтарж́ыцкія (Паўтарыцкія, Пултаржыцкія; Paŭtaržyckija, Paŭtaryckija, Pułtaržyckija) — беларускі шляхецкі род татарскага паходжаньня. Карыстаўся гербам «Паўтаржыцкі», а пасьля «Прыяцель».

Зьяўляюцца адгалінаваньнем роду Панарскіх, якія былі прыпісаныя да Найманскае харугвы й да сярэдзіны XVIII ст. карысталіся тытулам князёў.

Род Панарскіх выводзіцца з паволскіх татараў. Пачынальнікам роду быў Алі-Бэрдэй. Ягоны сын Багдан атрымаў вёску Панары ў Ашмянскім павеце, ад якое й атрымаў свае прозьвішча. Сын Багдана Алей фігуруе ў попісе войска літоўскага 1528 году як «мусульманін з падданых пасяленцаў». Алей быў бацькам Сенка й Багдана, якія адзначаныя ў 1559 годзе як уладальнікі Панараў. Другі сын Алея — Багдан — і стаў заснавальнікам роду Паўтаржыцкіх.

Сын Багдана — Івашка ў 1575 купіў частку Панізьзя й Даўбуцішак (Смаргонскі раён Гарадзенскае вобласьці), разьмешчаных непадалёк ад Панараў. Амаль адначасова яго брат Бектыш таксама набудзе землі ў Панізьзі, а ў 1600 годзе яго сыны — князі Якуб і Ахмет Бектышавічы — прадалі сваю частку Яшу Паўлоўскаму.

Якуб Бектышавіч ня меў нашчадкаў. Затое брат ягоны Івашка быў пладавітым: яго сыны Ахмет і Адам у 1604 годзе абмяняліся землямі ў Панізьзі зь нейкім Ізаяшам Есманам (магчыма, жыдом або караімам).

Сын Івашкі Ахмет застаўся саўладальнікам сяла Даўбуцішкі. Пра Ахмета Івашкевіча пасьля не засталося зьвестак, магчыма, ён загінуў у вайне з Масковіяй і не пакінуў нашчадкаў. Брат ягоны Адам жыў яшчэ ў 1621 годзе, калі саступіў частку Панізьзя нейкаму Войну Абрагімовічу за 15 коп грошаў.

Сын Адама Юсуп у 1645 годзе вылучыў першаму сыну Халембеку, жанатаму з Нускай Хурамавічоўнай, частку ўладаньняў, а ў 1650 годзе другому сыну Халіму адпісаў другую частку.

Сынамі Ахмета Івашкевіча былі Абрагім, Алей і Юзаф, адзначаныя ў рэвізіі двароў татарскіх 1631 году як саўладальнікі частак у маёнтках Хамзічы, Панары й Даўбуцішкі ў павеце Ашмянскім. У 1623 годзе Абрагім саступіў частку Даўбуцішак Рыгору Курылоўскаму. Затым пра яго й ягонага брата Алея няма ніякіх зьвестак. Юзаф жа ажаніўся зь Яганай з Уланавых-Ластайскіх, а ў 1644 годзе разам з жонкай саступіў частку Понараў Лізьдзіевічам, затое ў 1653 годзе набыў сядзібу ў Панарах ад Яна Дубанасовіча. У другой палове XVII ст. губляюцца сьляды нашчадкаў Івашкі, якія, магчыма, загінулі падчас вайны 1654—1667.

Сын Юзафа князь Мустафа ў 1723 годзе тастамантам запісаў частку сваіх уладаньняў у Панарах за сваім сынам Аляксандрам. Аляксандар памёр у 1762 годзе, пакінуўшы пяць сыноў: старэйшых Хасеня, Асана й Сулеймана, саўладальнікаў яго маёнткаў, і малодшых — Самуэля й Юзафа.

Пасьля Хасень асеў у Менску, дзе ажаніўся з Геленай з Гембіцкіх, і ў 1812 і 1815 гадах стаў бацькам двух сваіх сыноў: Самуэля і Бекіра, якія пацьвердзілі сваё дваранства ў 1853 годзе перад дэпутацыяй Віленскае губэрні.

Другі сын Аляксандра — Асан — у 1780 годзе ўзгаданы таварышам у Палку Варты Пярэдняе Войскаў Каронных, меў сына Азюля, згаданага ў 1819 годзе.

Юзаф таксама асеў у Менску, дзе ў 1790 годзе ажаніўся з Зухрой зь Біцюткаў і меў сына Мустафу (Стафана). Мустафа пакінуў трох сыноў — Захара, Адама й Сулеймана (1832, 1837 і 1840 гадоў нараджэньня, запісаных у кнігу дваранаў Віленскіх у 1853 годзе).

Сулейман узгаданы ў 1775 годзе таварышам у Палку Варты Пярэдняе Войскаў Каронных, выкупіў дзель братоў у Панарах. Ён меў двух сыноў: Мустафу-Стафана і Яна, згаданых у актах продажу сваіх земляў у Панарах Марціну Супінскаму. Пасьля продажу сваіх земляў Ян асеў у Наваградку, дзе стаў бацькам Аляксандра (1822), Абрагама (1826), Сулеймана (1828) і Юзафа (1834). Усе яны запісаныя да дваран віленскім у 1853 годзе.

Старэйшы брат Яна, Мустафа, пераехаў у Менск, дзе ад жонкі Айшы з Багдановічаў меў сыноў Абрагама (1807), Сулеймана Шымона (1809) і Якуба (1813). Першы зь іх, Абрагам, паручнік кавалерыі войскаў расейскіх, а апошні — Якуб (памёр у 1872 годзе), верагодна, не пакінулі нашчадкаў, ува ўсялякім разе, зьвестак пра іх няма. Сулейман Шымон, згаданы ў 1848 годзе начальнікам пошты ў Сьвянцянах, ад жонкі Шаластыкі Яблонскай меў двух сыноў — Юзафа (1846, мэтрыка ў Менску) і Аляксандра (1849, мэтрыка ў Даўбуцішках), таксама запісаных у дваранскую кнігу Віленскае губэрні ў 1853. Першы зь іх, Юзаф — генэрал расейскіх войскаў, памёр у 1909 годзе, пакінуўшы ад жонкі Зоф’і Сулькевічаўны сыноў Аляксандра (1886, мэтрыка ў Варшаве), намесьніка начальніка агульнага аддзела паштовае касы, жанатага з Станіславай з Камінскіх гербу «Ляліва», ад якой меў дачок Заіру й Джанэт, і Міхала (1886, мэтрыка ў Варшаве), адваката, жанатага з Тамарай з Смольскіх.

Алі-Бэрдэй

  1. Багдан Панарскі
    1. Алей (узгадваецца ў 1528)
      1. Сенка (узгадваецца ў 1559)
      2. Багдан Паўтаржыцкі (узгадваецца ў 1559)
        1. Івашка (? — пасьля 1575)
        2. Бектыш
          1. Якуб (узгадваецца ў 1600)
          2. Івашка(? — паміж 1600 і 1604)
            1. Ахмет (? — 1610-я)
              1. Абрагім (узгадваецца ў 1631)
              2. Алей (узгадваецца ў 1631)
              3. Юзаф (? — пасьля 1653), ж. — Ягана з Уланавых-Ластайскіх
                1. Мустафа (? — 1723?)
                  1. Аляксандар (? — 1762)
                    1. Хасень, ж. — Гелена з Гембіцкіх
                      1. Самуэль (1812 — пасьля 1853)
                      2. Бэкір (1815 — пасьля 1853)
                    2. Асан
                      1. Азюль (? — пасьля 1819)
                    3. Сулейман
                      1. Мустафа, ж. — Айша з Багдановічаў
                        1. Абрагам (1807 — ?)
                        2. Сулейман Шымон (1809 — ?), ж. — Шаластыка зь Яблонскіх
                          1. Юзаф (18461909), ж. — Зоф’я з Сулькевічаў
                            1. Аляксандар (1886 — ?), ж. — Станіслава з Каменскіх гербу «Ляліва»
                              1. Заіра
                              2. Джанэт
                            2. Міхал (1886 — ?), ж. — Тамара з Смольскіх
                          2. Аляксандар (1849 — ?)
                        3. Якуб (18131872)
                      2. Ян
                        1. Аляксандар (1822 — ?)
                        2. Абрагам (1826 — ?)
                        3. Сулейман (1828 — ?)
                        4. Юзаф (1834 — ?)
                    4. Самуэль
                    5. Юзаф, ж. — 1790 Зухра зь Біцюткаў
                      1. Мустафа
                        1. Захар (1832 — ?)
                        2. Адам (1837 — ?)
                        3. Сулейман (1840 — ?)
            2. Адам (? — пасьля 1621)
              1. Юсуп (? — каля 1650)
                1. Халембек, ж. — каля 1645 Нуска Хурамівічоўна
                2. Халім (узгадваецца ў 1650)