Пасёлак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 15:35, 6 верасьня 2010. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Пасёлак — тып буйнога шматвулічнага паселішча квартальнага тыпу ў сельскай мясцовасьці. Таксама вылучаюць пасёлкі гарадзкога тыпу. Адпаведна, у статыстычных падліках насельніцтва пасёлкаў уключаецца ў склад сельскага насельніцтва, а пасёлкаў гарадзкога тыпу — у склад гарадзкога насельніцтва.

Этымалёгія

Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі слова «пасёлак» зьяўляецца нядаўнім запазычаньнем з расейскага посёлок.[1]

Гісторыя

Сфармаваўся ў сярэдзіне — другой палове ХХ ст. як вынік рэалізацыі праграмы па ўзбуйненьні і рэканструкцыі «пэрспэктыўных» паселішчаў. Забудова пасёлкаў вялася паводле тыповага, радзей індывідуальнага праекту (генэральнага пляну). У паселішчы вылучаліся наступныя функцыянальныя зоны:

  • адміністрацыйная (праўленьне, пошта, ашчадная каса);
  • гандлёвая (комплекс прадуктовых і прамтаварных крамаў);
  • службаў побыту (пункты КБА, лазьня, пральня);
  • культурна-адукацыйная (школа, дзіцячы садок, клюб, бібліятэка);
  • жылая (галоўны масіў забудовы);
  • вытворчая (фэрмы, мэханічныя майстэрні, перапрацоўчыя прадпрыемствы і г.д.).

Прадугледжвалася добраўпарадкаваньне вуліц, пракладка інжынэрных сетак (электрычнасьць, сувязь, вадаправод, каналізацыя), камфартабэльная жылая забудова. Жылы масіў забудоўваўся блёчнымі двух- чатырохпавярховымі будынкамі зь невялікімі прысядзібнымі дзялянкамі і мінімумам гаспадарчых пабудоваў. У падобныя паселішча назіраўся прыток працаздольнага насельніцтва, што вяло да заняпаду навакольных (г. зв. «непэрспэктыўных») вёсак.

Да канца 1980-х у сыстэме сельскага расьсяленьня Беларусі акрэсьліліся значныя зоны, структуру якіх утварала даволі шчыльная сетка пасёлкаў: БабруйскМагілёўДоўск; СлуцакСалігорск; навакольле Менску, Віцебску, Гомлю. Найбольш разьвітая структура пасёлкаў склалася на лініі БабруйскМагілёў.[2]

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Пасёлак // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 8. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 181
  2. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 33—35.

Літаратура