Партыя свабоды расейскага народу
Партыя свабоды расейскага народу | |
Заснавальнік | М. Грачуха, Ф. Казлоўскі |
---|---|
Дата заснаваньня | 2 лістапада 1956 года |
Распушчаная | 9 лютага 1957 года |
Штаб-кватэра | Гомель |
Ідэалёгія |
Антыкамунізм Дэмакратызм |
Колькасьць | 5 чалавек |
Партыя свабоды расейскага народа (ПСРН) — адно зь першых задзіночаньняў агульнадэмакратычнага характару, якое існавала ў Гомлі з 2 лістапада 1956 году да 9 лютага 1957 году.
Утварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Партыя свабоды расейскага народу была заснаваная 2 лістапада 1956 году на сустрэчы М. Грачухі, памочніка санітарнага лекара абласной санэпідэмстанцыі, з Ф. Казлоўскім, загаднікам крамы. У прыватнай гутарцы па абмеркаваньні працэсаў у Вугоршчыне й Эгіпце знаёмыя прыйшлі да размовы пра неабходнасьць заснаваньня арганізацыі на манэр партыяў, якія існуюць у краінах з дэмакратычнымі традыцыямі. Ініцыятыва сыходзіла ад М. Грачухі. У той жа дзень з гэтай ідэяй быў азнаёмлены прадавец мясакамбіната Г. Віньнікаў, які, паводле собскіх слоў, выразіў палкае жаданьне далучыцца да незалежнага руху. У тым жа месяцы ў арганізацыю ўступілі электрамантэр Гомельскае ЦЭС М. Дзехцяроў і гравёр фабрыкі «Палесдрук» А. Яткін. Апошні зрабіў пячатку арганізацыі й вынес з фабрыкі шрыфт для вырабу ўлётак і вокладак партбілетаў.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадугледжваліся таксама розныя сродкі барацьбы з камуністычным рэжымам. М. Грачуха адстойваў паступовую й крапатлівую працу па прыцягненьні новых сябраў партыі. Ф. Казлоўскі выступаў за больш радыкальныя дзеяньні — за збор зброі, выпуск улётак, арганізацыю радыёпрапаганды.
Пакараньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1957 году былі арыштаваныя М. Грачуха, Ф. Казлоўскі, А. Яткін, крыху раней Г. Віньнікаў, а 16 лютага 1957 году — М. Дзехцяроў. 16 верасьня 1957 году рашэньнем Судовае калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда сябры арганізацыі асуджаныя: М. Грачуха, Ф. Казлоўскі на 10 гадоў зьняволеньня, Г. Віннікаў на 5 гадоў зьняволеньня, А. Яткін на 3 гады, М. Дзехцяроў — 1 год. Усе яны абвінавачваліся ў стварэньні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы Статуту й прысягі, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод заснавальнікаў ПСРН былі 2 беларусы, 2 расейцы, 1 украінец. Удзельнікамі былі:
- М. Грачуха
- Ф. Казлоўскі
- А. Яткін
- Г. Віньнікаў
- М. Дзехцяроў
Асноўныя пункты праграмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На паседжаньнях бюро ПСРН (5 і 12 студзеня 1957 году), якія адбываліся на кватэры Ф. Казлоўскага, быў выпрацаваны Часовы статут і некаторыя праграмныя палажэньні партыі. Асноўнымі пунктамі праграмы былі:
- Прызнаньне права прыватнай уласнасьці на зямлю, вытворчасьць і сродкі вытворчасьці.
- Будаўніцтва дэмакратычнага грамадзтва.
- Адмаўленьне кіроўнай ролі КПСС.
- Шматпартыйнасьць.
- Дэкляраваньне сяброўства народаў «Вялікай Расеі» й ўсяго свету.
Ад сябраў партыі патрабавалася выкананьне задач па паляпшэньні жыцьця народу й зьдзяйсьненьня дэмакратычных асноваў.
Прысяга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клянуся перад абліччам свайго народу аддаць усе сілы вызваленьню расейскага народу ад камуністычнага прыгнёту.