Пакуль ногі носяць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пакуль ногі носяць
The Bucket List
Жанр бадзі-муві[d], кінакамэдыя[d], драматычны фільм[d] і трагікамэдыя
Рэжысэр Роб Рэйнэр
Сцэнарыст Джастын Закгэм
Прадусар
У ролях
Дыктар Морган Фрымэн
Кампазытар Марк Шаймэн
Апэратар Джон Шварцмэн
Мантаж Робэрт Літан
Вытворчасьць Warner Bros. Pictures
Распаўсюд InterCom[d], Netflix, Vudu[d] і Warner Brothers[d]
Дата выхаду 15 сьнежня 2007 (16 гадоў таму)
Працягласьць 97 хв.
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $45 млн[1]
Прыбытак $175,4 млн[1]
Старонка на IMDb

«Пакуль ногі носяць» (па-ангельску: The Bucket List) — амэрыканская камэдыйная драма 2007 року рэжысэра Роба Рэйнэра. У галоўных ролях зьняліся Джэк Нікалсан і Морган Фрымэн[2], якія гуляюць двух невылечна хворых мужчынаў, якія выпраўляюцца ў падарожжа, каб пасьпець спраўдзіць усе свае жаданьні, перш чым сканаюць.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два 70-гадовыя старыя, мэханік Картэр Чэмбэрз (Фрымэн) і мільярдэр Эдвард Коўл (Нікалсан) знаёмяцца ў шпіталі, дзе абодва лекуюцца ад раку лёгкіх. Падчас перабываньня ў палаце яны пасябравалі, паколькі маюць агульныя інтарэсы, хоць і належаць да абсалютна розных сацыяльных слаёў. Картэр пачынае складаць свой сьпіс жаданьняў, якія хацеў бы выканаць перад сьмерцю. Аднак даведаўшыся, што жыць яму засталося менш за год, сьпіс той выкідае. Наступнага дня паперку знаходзіць Эдвард і прапануе Картэру сваю кампанію і сродкі дзеля выкананьня ўсіх пажаданьняў (дадаючы заадно і ўласныя).

Такім чынам Картэр з Эдвардам выпраўляюцца ў падарожжа па сьвеце. Яны скочуць з парашутам, кіруюць Shelby Mustang, пралятаюць над Паўночным канцавосьсем, абедаюць у замку Шэўр д’Ор(fr), захапляюцца прыгажосьцю Тадж Махалу, ганяюць матацыкламі па Вялікай кітайскай сьцяне, удзельнічаюць у сафары на льва ў Танзаніі, дасягаюць падножжа гары Эвэрэст.

Падчас размовы Картэр распавядае пра жонку Вірджынію, якую пакінуў дома, а Эдвард — пра сваю адзіную дачку, якая адмовілася ад яго з-за таго, што ён выгнаў ейнага мужа за зьдзекі зь яе. У Ганконгу Картэр вырашае вярнуцца дадому, усьведаміўшы, што любіць сваю жонку і не жадае ёй здраджваць. На адваротным шляху ён спрабуе дапамагчы Эдварду памірыцца з дачкой, аднак той абураецца ўмяшаньнем у свае справы.

Картэр вяртаецца да жонкі, дзяцей і ўнукаў. Яны цудоўна бавяць час разам, у той час як Эдвард застаецца ў хаце самотны. Тым ня меней, ідылія цягнецца нядоўга, бо ў Картэра здараецца прыпадак, і ён апынаецца ў шпіталі. Тут яго наведвае Эдвард, у якога тым часам рэмісія. Картэр просіць Эдварда завяршыць сьпіс жаданьняў безь яго; неўзабаве ён канае на апэрацыйным стале пасьля няўдалай апэрацыі.

Перадаўшы Картэравай сям’і навіну пра ягоную сьмерць, Эдвард вырашаецца памірыцца з дачкою. Тая паказвае яму ўнучку, якую Эдвард ніколі ня бачыў. У эпілёгу паведамляецца, што ён дажыў да 81 году і быў пахаваны на вяршыні адной з гораў у Гімалаях, такім чынам выканаўшы апошні пункт зь сьпісу жаданьняў.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Джэк Нікалсан — Эдвард Коўл
  • Морган Фрымэн — Картэр Чэмбэрз
  • Шон Гэйс — Томас/Мэт’ю, Эдвардаў слуга
  • Бэвэрлі Тод — Вірджынія Чэмбэрз, Картэрава жонка
  • Роб Мораў — доктар Голінс
  • Альфонса Фрымэн — Роджэр Чэмбэрз
  • Равэна Кінг — Анжэліка
  • Джэніфэр ДэФрансыска — Эмілі Коўл
  • Сэрэна Рыдэр — Рэйчэл
  • Антон Бэры-малодшы — Кэй
  • Вэрда Брыджэз — Чандра
  • Дэстыні Браўнрыдж — Мая
  • Браян Коўплэнд — Лі
  • Ен Энтані Дэйл — інструктар
  • Ноэль Гульлельмі — мэханік
  • Джонатан Эрнандэс — Мэні
  • Андрэа Дж. Джонсан — Элізабэт
  • Джордан Лунд — татуіст
  • Джонатан Мангум — Рычард
  • Крыстафэр Стэйпэлтан — Кайл
  • Алекс Трэбэк — сам
  • Тэйлар Эн Томпсан — Эдвардава ўнучка

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм атрымаў зьмяшаныя водгукі крытыкаў. На Rotten Tomatoes «Пакуль ногі носяць» мае рэйтынг 40% на падставе водгукаў гледачоў і сярэднюю ацэнку 5,1/10[3]. Metacritic даў фільму ацэнку 42/100[4].

У пракаце фільм зарабіў $175 372 502[1].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в The Bucket List (анг.) Box Office Mojo Праверана 25 траўня 2017 г.
  2. ^ Bucket list, the (2007) (анг.) Turner Classic Movies Праверана 25 траўня 2017 г.
  3. ^ The Bucket List (2007) (анг.). Rotten TomatoesПраверана 25 траўня 2017 г.
  4. ^ The Bucket List 2007 (анг.) Metacritic Праверана 25 траўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]