Паводка ў Цэнтральнай Эўропе (1997)
Паводка тысячагодзьдзя | |
Затоплены дарожны знак у Старым Двары (Польшча) | |
Краіна | |
---|---|
Тып катастрофы | паводка |
Дата | 5 ліпеня — 6 жніўня 1997 |
Наступствы | |
Загінулі | 114 |
Паво́дка ў Цэнтра́льнай Эўро́пе — паводка, якая здарылася ў ліпені 1997 на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Лужыцы (Нямеччына), Славаччыны і Аўстрыі. У гэтых краінах загінулі 114 чалавек, матэрыяльная шкода склала каля 4,5 мільярда даляраў ЗША. Разьліліся воды басэйнаў рэк Одры, верхняй Віслы і Лабы.
Прычыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1997 року праз наплыў халоднага паветра з Заходняй Эўропы над паўночнай Італіяй утварылася зона паніжанага ціску(d). Перасоўваючыся на паўночны ўсход, да Балканаў, гэты цыклён выклікаў наплыў гарачага паветра з Чорнага і Міжземнага мораў на поўнач. Сутыкненьне над Балтыкай цёплага вільготнага паветра з халодным выклікала выпадзеньне моцных ападкаў на мяжы сутыкненьня абедзьвух паветраных масаў. У пэрыяд з 4 да 8 ліпеня на абшары між Уроцлавам, Катавіцамі і Брном зафіксаваная колькасьць ападкаў больш за 200 мм, а дзе-нідзе больш за 300 мм. Агулам на ўсім абшары ад Аўстрыі да Польшчы цягам некалькіх дзён выпала месячная колькасьць ападкаў, а ў гарах нават двухмесячная.
Праз два тыдні, 18—22 ліпеня, Чэхія трапіла ў зону паніжанага ціску з цэнтрам над Італіяй. Гэты цыклён зноў выклікаў працяглыя ападкі галоўным чынам у Карканошах й Ізерскіх горах, дзе выпала месячная колькасьць ападкаў. Цягам ліпеня агульная колькасьць ападкаў перавысіла сярэднямесячную ў 3—4 разы, а ў гарах — у 5 разоў.
Падзеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3—10 ліпеня 1997 ападкі выпалі на абшары паўднёвай Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі. 6 ліпеня пачалося разводзьдзе Нысы, Одры, Прудніку і Залатога Патоку, пачалася эвакуацыя ваколіцаў. Тут колькасьць ападкаў перавысіла 500 мм, што ў 3—4 разы болей за сярэднямесячную норму. У Клодзка ў выніку падмыцьця Нысай разбурыліся некалькі шматсотгадовых камяніцаў.
10 ліпеня Одра заліла левы бераг Аполя і Рацібор, праз два дні — Уроцлаў і Рыбнік, далей Глогаў. 12 ліпеня найбольшая хваля паводкі дасягнула Ўроцлава, дзе паднялася на ўзровень 180 см, часам дасягаючы другога паверху. Былі зьнішчаныя камяніцы часоў да Другой сусьветнай вайны.
На тэрыторыі Чэхіі паводка закранула Оламаўц, Опава, Острава, Отракавіцы, Пршэраў.
Разводзьдзе Віслы найбольш пашкодзіла верхняе цячэньне і дайшло да Кракава.
18 ліпеня ў Польшчы быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы.
18—22 ліпеня здарылася другая хваля ападкаў, падчас якой на абшары пабітыя зафіксаваныя раней рэкорды ўзроўню вады. Прыкладам, у Слубіцах і Франкфурце-на-Одры 27 ліпеня вада дасягнула ўзроўню 657 см, што вышэй за ўзровень першай хвалі (17 ліпеня — 620 см) і за найбольшы дагэтуль узровень (лістапад 1930 року — 635 см).
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памятныя табліцы пра паводку ўсталяваныя ў Аполю, Уроцлаве. Помнікі — у Аполю, Лягніцы, Новай Солі, Уроцлаве.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паводка ў Польшчы (пол.)