ПФМ-1
ПФМ-1 «Пялёстка» | |
---|---|
Пара навучальных мінаў (2007 год) | |
Тып | супрацьпяхотная міна |
Краіна паходжаньня | Савецкі Саюз |
Гісторыя выкарыстаньня | |
Пэрыяд выкарыстаньня | ад 1980 году |
Выкарыстаньне | Расея, Украіна |
Войны | Аўганска-савецкая вайна, Вайна на Данбасе, Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну (з 2022) |
Гісторыя вытворчасьці | |
Дата стварэньня | 1980 (44 гады таму) |
Вытворчасьць | 1980—1997 гады |
Мадыфікацыі | ПФМ-1С |
Характарыстыкі | |
Вага | 80 г |
Даўжыня | 119 мм |
Шырыня | 64 мм |
Вышыня | 20 мм |
Выбуховае рэчыва | вадкае (ВС-6Д) |
Маса выбуховага рэчыва | 37 г |
Мэханізм дэтанацыі | націскны (МВВДМ ВГММ-572) |
ПФМ-1 «Пялёстка» — проціпяхотная фугасная міна савецкай і расейскай вытворчасьці.
Была адпаведнікам амэрыканскай міны БЛЮ-43 «Зуб цмока», якую выкарыстоўвалі падчас вайны ў Віетнаме да 1971 году. Ад 1980 году Ўзброеныя сілы СССР пачалі скідваць касэты па 64 ПФМ-1 з паветра падчас Аўганска-савецкай вайны для закрыцьця праходаў на аўганска-пакістанскай мяжы.
Уласьцівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адчувальнасьць ПФМ-1 «Пялёстка» складала 5—25 кг. Далёкае ўзьвядзеньне займала 1—10 хвілінаў. Плошча чуйніка мэты складала 34,1 см², пры ўступленьні ў якую адбываўся выбух. ПФМ-1С самазьнішчалася цягам 1—40 гадзінаў у залежнасьці ад цеплыні навакольля ад −20 да +40 °C. Для аддаленага мінаваньня выкарыстоўвалі: перанасны камплект мінаваньня ПКМ-1, верталётную сыстэму мінаваньня ВСМ-1, унівэрсальны мінны загароджвальнік (УМЗ) і рэактыўную сыстэму залпавага агню (РСЗА) «Ураган» са снарадамі 9М27К.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2003 годзе ўрад Беларусі далучыўся да Атаўскай канвэнцыі 1997 году «Аб забароне прымяненьня, зьбіраньня запасаў, вытворчасьці і перадачы супрацьпяхотных мінаў і аб іх зьнішчэньні». Увосень 2007 году Эўрапейская камісія (Бэльгія) выдаткавала 4 млн эўра на праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя боепрыпасаў, якія зьмяшчаюць міны тыпу ПФМ-1, у Беларусі». У лютым 2011 году на 2271-й базе інжынэрных боепрыпасаў (в/ч 22403) у Рэчыца (Гомельская вобласьць) гішпанскае прадпрыемства «Экспал»(es) пачало ўзводзіць цэнтар утылізацыі супрацьпяхотных мінаў. На стварэньне выбуховай бронекамэры абсягам 89 кубамэтраў для «халоднага» падрыву мінаў пайшло 100 тонаў сталі. Таксама камэру засыпалі 136 тонамі пяску для супраціву ўдарнай хвалі[1].
У траўні 2014 году ў цэнтры ўтылізацыі на 2271-й базе ў Рэчыцы па Хвойніцкай шашы, д. 1 зьнішчылі першую партыю ПФМ-1. Далейшае зьнішчэньне мінаў ішло ў 3 зьмены па 6 дзён на тыдзень. Цьвёрдыя адкіды ад выбуху складаліся з кавалкаў алюміну і сталі. За дзень маглі зьнішчыць да 8000 мінаў. Кіраўнік гішпанскага прадпрыемства «Экспал» Францыска Тарэнтэ заўважыў, што ПФМ-1 зьмяшчала вадкасьць. Начальнік інжынэрных войскаў Беларусі Андрэй Куракоў адзначыў, што такія міны прымянялі аддалена. Намесьнік міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні Ігар Лацянкоў заявіў: «У Беларусі звыш 3,3 млн мінаў тыпу ПФМ-1, якія пакуль знаходзяцца на захоўваньні ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь». У ліпені 2014 году цэнтар утылізацыі меў выйсьці на поўную магутнасьць, каб зьнішчыць усе беларускія міны ПФМ-1 за 20 месяцаў[1].
Да лютага 2016 году зьнішчылі 2,2 млн мінаў. Да 8 сакавіка 2018 году беларускія запасы ПФМ-1 цалкам зьнішчылі[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ірына Асташкевіч. Мін ня будзе // Зьвязда : газэта. — 30 траўня 2014. — № 99 (27709). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Зьнішчэньне боепрыпасаў сэрыі ПФМ-1 у Рэспубліцы Беларусь // Праекты ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу, 2024 г. Праверана 6 верасьня 2024 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |