Перайсьці да зьместу

Ненецкая лясная мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нешанская мова»)
Лясная ненецкая мова
Нешаӈ вата
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Заходняя Сыбір, Расея (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Ханты-Мансійская аўтаномная акруга)
Колькасьць карыстальнікаў 1 500 чал. (~5% ад носьбітаў ненецкіх моваў; 1989)[1]
Клясыфікацыя Уральскія мовы
Афіцыйны статус
Пісьмо кірыліца і Nenets alphabet[d]
Коды мовы

Не́нецкая лясна́я мова (таксама нешанская, нешчанская) — самадыйская мова ўральскае моўнае сям'і, на якой размаўляюць групы ненцаў, якія жывуць у лясных зонах Ямала-Ненецкай ды Ханты-Мансійскай аўтаномных акругаў Расеі, у прыватнасьці ў навакольлях рэк Аган, Пур, Лямін і Надым[2].

Датычна ненецкае лясное мовы існуюць вызначаныя праблемы ў клясыфікацыі. Набліжэйшай да яе мовай зьяўляецца тундравая ненецкая, разам зь якой ненецкая лясная можа лічыцца дыялектам агульнае ненецкае мовы, аднак пачынаючы з 1990-х гадоў мова пачала лічыцца асобнай. Варта адзначыць, што ступень узаемазразумеласьці між абедзьвюма мовамі зьяўляецца слабай.

Іншымі роднаснымі ненецкай лясной мове зьяўляюцца нганасанская ды энецкая мовы, у меншай ступені — селькупская ды іншыя ўральскія мовы.

Асноўная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Галосныя

Галоснымі гукамі ў націскных склада у ненецкай лясной мове зьяўляюцца[3]:

Пярэдняга шэрагу Задняга шэрагу
Кароткія Доўгія Кароткія Доўгія
Верхняга ўздыму i u
Сярэдняга ўздыму (e) (o)
Ніжняга ўздыму æ æː ɑ ɑː

У ненаціскных складах даўжыня галосных не вылучаецца. Існуе толькі пяць якасьцяў галосных, а менавіта /æ/, /ɑ/, /ə/, /i/, /u/. Націск у слове не фіксуецца на пэўнай пазыцыі ў корані, што прыводзіць да чаргаваньня націскных галосных сярэдняга ўздыму зь ненаціскнымі галоснымі верхняга ўздыму. Падоўжаныя галосныя сустракаюцца трохі часьцей за кароткія, хоць варта заўважыць, што ў словах аднаскладовага паходжаньня могуць вымаўляцца толькі кароткія галосныя. Кароткія галосныя сярэдняга ўздыму /e/, /o/, у прыватнасьці ў крайняй пазыцыі, сустракаюцца толькі ў невялікай колькасьці аднаскладовых словаў і звычайна аб'ядноўваюцца ў адмысловыя галосныя верхняга ўздыму /i/, /u/. Гэтая зьява дадаткова ўскладняецца працэсам ператварэньня кароткіх галосных пярэдняга верхняга ўздыму /i/, /u/ у /e/, /o/ у пазыцыі перад /ə/. Фінскі навуковец Тапані Салмінэн у сувязі з гэтымі двума фактамі адзначаў, што доўгія галосныя варта лічыць асноўнымі, а кароткія — маркіраванымі (то бок, радзейшымі) фанэмамі.

/æː/ і яго ненаціскны аналяг зьяўляюцца толькі ў не-палятальных складах і могуць рэалізоўвацца як дыфтонгі [ae] або [aɛ], кароткае /æ/ можа рэалізоўвацца як [aj], пры гэтым чаргуючыся з доўгім аналягам такім жа чынам, як і іншыя кароткія галосныя.

У некаторых заходніх дыялектах /æ/ замяняецца на /e/.

  • Рэдукаваныя галосныя

Ненецкая лясная ды роднасная ёй ненецкая тундравая мовы маюць зьяву рэдукаваньня галосных. Гэтая зьява стала нагодаю для меркаваньня, што знаходжаньне дзьвюх розных якасьцяў залежыць ад націскной ці ненаціскной пазыцыі. У націскной пазыцыі гэтая галосная пазначаецца як <ø> і ўказвае на рэдукаваны (т.б. скарочаны) тып асноўнай галоснай, у ненаціскной пазыцыі яна адлюстроўвае гук <â> і ўказвае на рэдукаваны варыянт гуку /a/. Аднак за апошнім часам апынуўся ўстаноўленым факт таго, што рэдукаваныя галосныя насамрэч зьяўляюцца кароткімі, а процілеглыя ім гукі адлюстроўваюць падоўжаныя галосныя. У цяперашні час пазначэньне <â> было б больш правільным замяніць на <a>, тады як <ø> толькі ўказвае на кароткую галосную, хоць гэтая артаграфія не акрэсьлівала б яго дакладнага фанэтычнага значэньня[4].

  • Зычныя

У ненецкай лясной мове існуе 24 зычныя гукі[3]:

Білябіяльныя Альвэалярныя Вэлярныя (заднеязычныя) Глятальныя
Асноўныя Паляталізаваныя Асноўныя Паляталізаваныя Асноўныя Паляталізаваныя
Насавыя m n ŋ ŋʲ
Выбухныя p t k ʔ
Фрыкатыўныя s x
Лятэральныя фрыкатыўныя ɬ ɬʲ
Апраксыманты w l j

Адсутнічае адрозьненьне паводле звонкасьці, але большасьць зычных адрозьніваюцца паводле паляталізацыі. Зычная /r/ магла зьявіцца ў апошніх запазычаньнях, старэйшыя гукі /r/, /rʲ/ зазналі зрух у лятэральныя фрыкатывы /ɬ/, /ɬʲ/. Паляталізаваныя /tʲ/, /sʲ/ звычайна рэалізоўваюцца як альвэа-палятальныя [tɕ], [ɕ].

Пісьмовасьць на ненецкай лясной мове створаная ў 1994 року. На ёй выдадзеныя лемантары, слоўнікі, дапаможнікі для настаўнікаў.

Альфабэт ненецкае мовы[5]:

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж
З з И и Й й К к Л л Ӆ ӆ М м Н н
Ӈ ӈ О о П п Р р С с Т т У у Ф ф
Х х Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь
Э э Ӭ ӭ Ю ю Я я ʼ ʼʼ

Агульная колькасьць носьбітаў адзначаецца ў 1 750 чалавек, зь якіх 1 300 жыве ў Пураўскім раёне Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі, астатнія — у сёлах Нумто ды Вар'ёган Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расеі.

Паводле зьвестак пачатку 2000-х гадоў ненецкая лясная мова выкладалася ў пачатковых клясах чатырох школаў (у месьце Тарка-Сале, пасёлках Нумто, Вар'ёган, Халясавэй). У Пураўскім раёне двойчы на тыдзень трансьляваліся 15-хвілінныя радыёперадачы, раз на два тыдні выходзілі 20-25 хвілінныя тэлеперадачы на ненецкай лясной мове. На мове піша пісьменьнік Юры Вэла.

  • О. А. Казакевич Ненецкий лесной язык. — Письменные языки мира. Языки Российской Федерации. — М.: Academia, 2003. — Т. 2. — С. 351-366. — ISBN 5-87444-191-3
  1. ^ Daniel Abondolo, 1998. The Uralic Languages, p. 517.
  2. ^ Salminen, Tapani; Ackerman, Farrell Nenets // Encyclopedia of Languages & Linguistics / Brown, Keith. — 2. — Oxford, England: Elsevier, 2006. — С. 577–579. — (8).
  3. ^ а б Salminen, Tapani 253 // Notes on Forest Nenets phonology. — Helsinki, Finland: Suomalais-Ugrilainen Seura, 2007. — (Mémoires de la Société Finno-Ougrienne).
  4. ^ Salminen, Tapani 51 // On identifying basic vowel distinctions in Tundra Nenets. — Helsinki: Suomalais-Ugrilainen Seura, 1993. — С. 177–187. — (Finnisch-Ugrische Forschungen).
  5. ^ Бармич М. Я., Вэлло И. А. Нешаӈ букварь. СПб, 2006