Натальля Падольская
Натальля Падольская | |
па-расейску: Наталья Подольская | |
Натальля Падольская на «Эўрабачаньні-2005» | |
Дата нараджэньня | 20 траўня 1982[1] (42 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Магілёў, БССР |
Грамадзянства | Расея |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявачка |
Гады дзейнасьці | 2003— |
Жанры | поп-музыка |
Інструмэнты | голас[d] |
Лэйблы | Velvet Music[d][2] |
Дзеці | Artemiy Presnyakov[d] |
Ната́льля Падо́льская (нарадзілася 20 траўня 1982, Магілёў) — беларуская сьпявачка, што прадстаўляла Расею на конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2005» 21 траўня 2005 году ў Кіеве, дзе заняла 15-е месца.
У 2008 годзе зьмяніла беларускае грамадзянства на расейскае[3].
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Натальля разам са сваёй сястрой-блізьнёй Юліяй нарадзілася 20 траўня 1982 году ў Магілёве. Зь дзевяцігадовага ўзросту пачала навучацца сьпевам у калектыве Студыя «W» Магілёўскага ліцэя музыкі і харэаграфіі. Паралельна з тым займалася ў музычнай школе па клясе фартэпіяна. У складзе Студыі «W» выступала ў Бэльгіі, Нямеччыне і Польшчы, станавілася ляўрэатам конкурсаў «Зорная ростань» (Беларусь), «Магутны Божа» (Беларусь) і «Goldenfest» (Польшча).
З 1999 па 2004 год была студэнткай Беларускага інстытуту правазнаўства, які скончыла з чырвоным дыплёмам. Адначасова працягвала набываць сцэнічны досьвед і пашыраць свой рэпэртуар сольнай выканаўцы. Натальля рэгулярна прымала ўдзел у музычных імпрэзах на радыё і тэлебачаньні, і двойчы — у 2002 і 2003 гадах — яна станавілася фіналісткай беларускага нацыянальнага тэлефэстывалю «На скрыжаваньнях Эўропы».
У 2002 годзе, па прапанове прадусара, рэжысэра і аўтара песень Ігара Камінскага, паступіла на дзённае аддзяленьне вакалу Маскоўскага інстытуту сучаснага мастацтва і пераехала ў Маскву.
Вядомасьць прыйшла да Натальлі ў 2002 пасьля яе выступу на фэстывалі «Славянскі Базар» у Віцебску, дзе яна атрымала трэцюю прэмію. Увосень таго жа году ў Празе 16 сябраў міжнароднага журы фэстывалю ляўрэатаў нацыянальных конкурсаў FIDOF (міжнароднае задзіночаньне арганізатараў музычных фэстываляў) UNIVERSETALENT Prague 2002 вельмі высока адзначылі яе выступ: Натальля Падольская перамагла ў катэгорыях «Найлепшая песьня» і «Найлепшы выканаўца».
Сольная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2003
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку 2003 году Майкл Джэй і Раян Лобшэр адмыслова для Натальлі напісалі песьню «Unstoppable» і прапанавалі сьпявачке выступіць зь ёй на «Эўрабачаньні-2004» ад Вялікабрытаніі. Аднак Падольская настойвала на тым, што на конкурсе песьні «Эўрабачаньне» будзе прадстаўляць толькі сваю родную Беларусь.
2004
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2004 годзе Натальля Падольская прайшла праслухоўваньні і стала ўдзельніцай расейскай «Фабрыкі зорак», дзе яе сустрэў Віктар Дробыш, вядомы прадусар і аўтар песень. Зь яго дапамогай Натальля запісала свой першы альбом «Поздно» («Позна»), які выйшаў у сьнежні 2004 году. Гэты дэбютны альбом быў вельмі пасьпяховым. На плытцы запісана 13 песень аўтарства расейскіх кампазытараў. Паказальным таксама зьяўляецца тое, што ў альбом увайшла беларуская народная песьня «Рэчанька».
2005
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адрынутая беларусамі Натальля вырашыла патрапіць на «Эўрабачаньне» як прадстаўніца Расеі. У лютым 2005 году на расейскім нацыянальным адборачным конкурсе расейскія тэлегледачы абралі пераможцай менавіта яе зь песьняй «Nobody Hurt No One».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Натальля Падольская — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў