Народная Воля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 18:01, 20 жніўня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Народная Воля
Тып штодзённая
Выдавец УП «Народная Воля»
Галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч
Рэдактар Ёсіф Сярэдзіч
Заснаваная ліпень 1995
Мова беларуская, расейская
Штаб-кватэра 220030, Менск, вул. Энгельса, 34а
Наклад 26,5 тыс. (2011 г.)
Афіцыйны сайт nv-online.info

Народная Воля — беларуская грамадзка-палітычная газэта, выдаецца зь ліпеня 1995 году на беларускай і расейскай мовах.

Галоўны рэдактар з моманту заснаваньня — Ёсіф Сярэдзіч.

Гісторыя

Да 1995 г. Ёсіф Сярэдзіч працаваў галоўным рэдактарам «Народнай Газэты» — афіцыйнай газэты Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь (законнага на той час парляманту). Газэта займала ўмераную цэнтрысцкую пазыцыю, імкнучыся адлюстраваць палітычныя погляды большасьці грамадзян. 17 сакавіка 1995 г. Указам №113 Аляксандар Лукашэнка прызначыў галоўным рэдактарам «Народнай газэты» Мікалая Галко, не зважаючы на тое, што правам прызначаць галоўнага рэдактара сваёй уласнай газэты валодаў толькі Вярхоўны савет.[1] Каб выканаць свой грамадзкі абавязак перад чытачамі, Ёсіф Сярэдзіч быў вымушаны стварыць новую газэту «Народная Воля», першы нумар якой выйшаў 11 ліпеня 1995 г. Тымчасам «Народная газэта», перайшоўшы на аднабаковае асьвятленьне грамадзкіх паздеяў, згубіла больш за палову сваіх чытачоў (наклад паменьшыўся ад 558,4 тыс. асобнікаў у сакавіку 1995 да 258,1 тыс. у верасьні 2005), значная частка якіх перайшлі на чытаньне «Народнай Волі».

У канцы лістапада 2008 году зьявілася інфармацыя аб тым, што, магчыма, у хуткім часе газэта «Народная Воля» вернецца ў дзяржаўную сетку распаўсюджваньня і падпісныя каталёгі «Белпошты», а таксама зможа друкавацца ў Беларускім доме друку. І ўжо 25 лістапада газэта заключыла дамовы зь «Белсаюздрукам» і «Белпоштай» на распаўсюд выданьня праз розьнічную сетку кіёскаў і па падпісцы. Таксама заключана дамова на друкаваньне газэты ў сталічным Беларускім доме друку.[2] Раней выданьне друкавалася ў Смаленску.

25 студзеня дырэктару РУП «Белсаюздрук» І. В. Дудзічу быў накіраваны ліст, у якім рэдакцыя з-за просьбаў чытачоў аб немагчымасьці набыць газэту ў рознічным продажы, заклікала кіраўніцтва Белсаюздруку павялічыць колькасьць прадаваных выданьняў да 7500 экзэмпляраў. Але кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» у сваім лісьце заявіла, што не плянуе прымаць у продаж большы наклад.[3]

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі