Міцькі (Гомельская вобласьць)
| Міцькі лац. Mićki | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Мазырскі |
| Сельсавет | Міхалкаўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1560 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°55′30″ пн. ш. 29°20′24″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 52 чал. (2010) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2351 |
| СААТА | 3235824061 |
| Нумарны знак | 3 |
| Міцькі на мапе Беларусі ± Міцькі | |
Міцькі́[1] — вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Міхалкаўскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам маецца шэраг зьвестак. Першая — пра мазырскага гаспадарскага баярына Мітка, які трымаў востраў Катасянскі, але не паказаў камісарам ліст правоў на яго, таму ўгодзьдзе было адабранае і спачатку расьпісанае на службы да сяла Мутвы (Мытвы), пазьней аддадзенае нейкаму Ісаю. Паводле іншай, баярын Мітка Левановіч трымаў востраў Лукіянаўскі[a] з двума падданымі Пашкам Ланковічам і Пятром Скіпаровічам. Ворыўнай зямлі тут разам з зарасьнікамі было на 37 бочак, сенажаці на 10 вазоў. Шырыня вострава ўздоўж на паўтары мілі, а ўпоперак на 2 вярсты. Нарэшце, пры апісаньні мяжы сяла Сядзельнікі двойчы згаданы Мічэнкаў [b] двор, што месьціўся на беразе ракі Салакучы[3]. Пэўна, вялося пра пачаткі вёскі Міткавічы або Міткаўшчына. Геаграфічна, прынамсі, у трэцім выпадку, такому ўяўленьню нішто не супярэчыць.
Згодна зь «Вялікім гістарычным атлясам Беларусі», упершыню сяло Міткавічы названае ў крыніцы 1589 году[4].



У рэестры трайнога падымнага Мазырскага павету 1670 году занатавана, што пан Ян Міткевіч з аднаго дыму ў Міткаўшчыне выплачваў паўтары злотыя[c]; так і пані Паўлава Ісаевічава[d] плаціла з 1 дыму адпаведную суму; пан Барташ Язерскі плаціў 6 зл. падатку з 4 дымоў у Кустаўніцы і Міткаўшчыне ды паўтары злотыя з дыму ў Міткаўшчыне, што запісана асобна. Яшчэ ішла выплата з 3 дымоў у тых жа Кустаўніцы і Міткаўшчыне, але з-за абрэзанага аркуша справы імя ўладальніка не чытаецца. Наступная зьвестка пазначаная 1683-м годам, калі ў Мазырскім павеце выбіралася пагалоўнае[e]. Гэтым разам паведамляецца пра выплату панам Міхалам Чыжэўскім за сябе і жонку, г. зн. за шляхту, 4 злотых і 1 гроша, за 8 сваіх падданых «простага стану» зь вёсак Дабрынь, Кустаўніца і Міткаўшчына – яшчэ 8 зл.[5]
У дакумэнце пад назвай «Akt popisu powiatu Mozyrskiego» 1765 году разам названыя аколіцы Micki i Pienki, у якіх жылі шляхецкія радзіны — Крыніцкія, Ракіцкія, Захарэвічы, Загорскія, Гурскія, Чыжэўскія, Маеўскія, Віткоўскія[6].
Пазначаныя Міцькі і на мапе Мазырскага павету[7], складзенай недзе ў апошняй трэці-чвэрці XVIII ст.[f]
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Кустаўніца апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні. На схематычным пляне Мазырскага павету, складзеным каля 1800 году, пазначаныя сяло і двор Міцькі, а таксама дарога для праходу расейскіх войскаў.
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 185 жыхароў вёскі Міцькі зь ліку сялянаў і 46 вайскоўцаў былі прыхаджанамі Міхалкаўскай царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, а 19 дваранаў зьяўляліся вернымі парафіяльнага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Кімбараўцы[9].
Ад парэформавага пэрыяду Міцькі адміністрацыйна належалі да Міхалкаўскай воласьці.
У крыніцы пад назвай «Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г.» сказана, што вёска Міцькі зьяўлялася цэнтрам аднайменнага сельскага таварыства, і жылі ў ёй 111 гаспадароў зь ліку сялянаў уласьнікаў. 15 аднадворцаў з засьценку Міцькі прыпісаныя былі да Кустаўніцкага сельскага таварыства і належалі да Галоўчыцкай рыма-каталіцкай парафіі[10].
На 1909 год у вёсцы Міцькі налічвалася 73 двары з 460 жыхарамі, у аднайменным маёнтку — 1 двор, 38 жыхароў[11].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Міцькі ў складзе Міхалкаўскай воласьці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[12].
На поўдзень ад вёскі Міцькі месьціцца «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод».
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1999 год — 70 чалавек
- 2010 год — 52 чалавекі
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ З маёнтку свайго Лук'янаўшчыны ў 1567 г. выставіў аднаго збройнага вершніка і сам зьявіўся на другім кані[2].
- ↑ Варыянты-рэканструкцыі — Міценкаў, Міцькаў, Міткаў.
- ↑ У адрозьненьне ад двайнога падымнага 1670 г., сумы трайнога пабору ня ўказаныя, але вядома, што адзіны пабор з дыму складаў 15 грошаў, г. зн. паўзлоты.
- ↑ Назва добраў не пазначаная, але прыведзеная сьледам за Міткаўшчынай. У паборы двайнога падымнага 1670 г. яшчэ названы пан Ісаевіч, які таксама плаціў з 1 фальваркавага дыму.
- ↑ Тут вялося не пра габрэяў.
- ↑ На гэтай мапе паказаны Багуславец, які вядомы зь візыты Алексіцкай царквы 1778 г., але яшчэ і ў візыце 1787 г. гэта – мястэчка «nowozaprowadzone»[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 236
- ↑ Русская историческая библиотека. — Т. XXXІІІ: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1235
- ↑ Архив Юго-Западной России. Ч. VIII. Т. V. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 489, 490
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 148, 223
- ↑ Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). F. 11. Ap. 1. B. 748. L. 2164, 2296, 2296atv., 2298
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 1771. Воп. 1. Спр. 2. А. 76-77
- ↑ LVIA. F. 11. Ap. 1. B. 1093
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 105, 106, 171, 171адв.
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 426, 463
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 80, 80об.
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 123
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.