Перайсьці да зьместу

Міногі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мінога рачная
Lampetra fluviatilis

Міно́гі, мянёгі, сікоўкі (па-лацінску: Petromyzontiformes) — падкляса хрыбетных клясы кругларотых.

3 сямействы, 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя міногі жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых міног жыцьцёвы цыкаль адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: мінога рачная (Lampetra fluviatilis), мінога ручаёвая эўрапейская (Lampetra planeri) — у басэйнах рэк Заходні Буг, Дзьвіна, Нёман; мінога ўкраінская (Lampetra mariae, або Eudontomyzon mariae) — у басэйнах рэк Дняпро і Нёман. Беларускія мясцовыя назвы: верацёнка, віюн, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і іншыя.

Даўжыня да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Сьпінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 з кожнага боку. Вочы разьвітыя, ёсьць цемянное вока, здольнае рэагаваць на сьвятло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыску; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамэрнае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць цягліцы і вантробы. Кормяцца таксама бесхрыбетнымі, лічынкі — водарасьцямі, дэтрытам. Пасьля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую міногу. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».