Перайсьці да зьместу

Мікола Чураба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мікалай Чураба»)
Мікола Чураба
Дата нараджэньня 6 студзеня 1914
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Менск
Дата сьмерці 29 студзеня 1998
Месца сьмерці Нацыянальны сьцяг Беларусі Берасьце
Адукацыя Віцебскі мастацкі тэхнікум
Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава
Месца вучобы
Занятак станкавы жывапіс
станкавая і кніжная графіка
Месца працы
Сябра ў Саюз маляроў СССР[d]
Жанры партрэт, пэйзаж, кніжная ілюстрацыя[d] і станковы жывапіс[d]

Міко́ла (Мікала́й Дзьмі́трыевіч) Чура́ба (6 студзеня [ст. ст. 24 сьнежня 1913] 1914, Менск — 29 студзеня 1998, Берасьце) — беларускі мастак.

Бацька Дзьмітры Васілевіч — галоўны бугальтар на пошце, маці сьпявала ў царкоўным хоры. У 1919 ці 1920 сям’я пераехала ў Клімавічы, дзе Мікола пайшоў у школу. Тут ён пачаў займацца сьпевамі ў прафэсара кансэрваторыі, які гатовы нават быў вучыць бясплатна, бо бацькі Міколы ня мелі на гэта сродкаў.

Тым ня меней, скончыўшы ў 1930 клімавіцкую сямігодку, Мікола Чураба паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, а ў 1933 — у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава, дзе вучыўся ва Ўладзімера Фаворскага, Паўла Паўлінава, Канстанціна Істоміна. Сваю дыплёмную працу — ілюстрацыі да раману Мікалая Астроўскага «Народжаныя бурай» — выканаў у тэхніцы літаграфіі.

У 1940, па сканчэньні інстытуту, быў накіраваны на працу ў Беласток, дзе савецкая ўлада стварала мастацкі тэхнікум. Вёў мастацкія заняткі ў доме творчасьці, што па рынку Касьцюшкі.

З пачаткам нямецка-савецкай вайны даводзілася зарабляць пілаваньнем дроваў, уборкай збожжа, капаньнем бульбы. Сьпяваў у хоры пры Беларускім камітэце ў Беластоку, быў адным зь лепшых ягоных тэнараў. Хор выконваў беларускія народныя песьні, езьдзіў па ўсёй Беласточчыне, 3 лютага 1943 року выступаў у Пружане. Тут Мікола Чураба і пазнаёміўся з Тацянай Утгаф, свай будучай жонкай[1]. 19 траўня 1943 яны зьвянчаліся ў Прачысьценскай царкве[2] і засталіся жыць у Пружане.

Па вайне Мікола працаваў настаўнікам рысунку ў пружанскай школе, а ў 1946 сям’я пераехала ў Берасьце. Тут мастак уладкаваўся ў Дом народнай творчасьці і ў мастацкія майстэрні, адразу арганізаваў першую абласную выставу народнай творчасьці. Сьпяваў у царкоўным хоры.

Сябра Саюзу мастакоў СССР з 1947 року.

У 1966—1982 — выкладчык (з 1972 дацэнт) Берасьцейскага інжынэрна-будаўнічага інстытута.

Працаваў у станкавым жывапісе ў жанрах карціны, партрэту, пэйзажу.

Вядомыя творы: «Док рыбкалгаса» (1937), трыптых «Абарона Берасьцейскай крэпасьці» (1949), «Маё роднае Берасьце» (1958), «Якуб Колас у дзяцінстве» (1959), «Партрэты герояў Берасьцейскай крэпасьці» (1965).

Таксама працаваў у станкавай і кніжнай графіцы, м. інш. аздабляў «Новую зямлю» Якуба Коласа (1958).

Працы Міколы Чурабы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, краязнаўчых музэях у Берасьці й Пінску, у прыватных калекцыях.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Николай Александров. Счастливые. История одной любви // Брестский курьер. — 2 сакавіка 2010.
  2. ^ Дарафей Фіёнік. (15 кастрычніка 2011) Берасьцейская сустрэча Sami o Sobie. Miesięcznik społeczno-kulturalny. Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego. Праверана 8 кастрычніка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]