Перайсьці да зьместу

Мурая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мурая
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ГрупаСудзінкавыя
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
ПадклясаРазіды
АтрадСапіндакветныя
СямействаРутавыя
ПадсямействаПамаранцавыя
Даччыныя таксоны
Бінамінальная намэнклятура
Murraya Ёган Кёніг
ITIS 28900 ·

Мурая — род хмызьнякоў сямейства рутавых.

Мае духмяныя белыя кветкі, цёмна-зялёнае перыстае лісьце і белую кару. Ягады — дробныя і круглыя. У прыродзе і зімовым садзе дасягае вышыні 3-х мэтраў. У пакоі становіцца дрэўцам да 1,4 мэтру. Парасткі з бутонамі спыняюць рост да адрастаньня новых галінак, якія даюць новыя кветкі. Таму мурая квітнее безупынна. На парастках, зь якіх апалі плады, празь некалькі дзён зьяўляюцца новыя бутоны. Паходзіць з субтрапічных горных лясоў Паўднёва-Ўсходняй Азіі[1].

Гаючыя часткі мураі выкарыстоўваюць у вытворчасьці лекаў. Таксама выкарыстоўваецца ў якасьці пакаёвай расьліны, бо пастаянна квітнее і пладаносіць, а таксама мае духмяны водар. Зь ядомых ягадаў гатуюць жэле і мармэляд. Зь лісьця і кветак — этэрны алей. Сьцёртую ў парашок кару выкарыстоўваюць у якасьці касмэтычнай пудры. Духмянае лісьце выкарыстоўваюць у прыправе карры[1].

Узімку мурая расьце на падваконьні пры +18 °C. Улетку патрабуе лёгкага ценю. Расьце на дрэнаванай і сярэднеўрадлівай глебе пры ўмеркаваным увільгатненьні. Размнажаецца насеньнем, што зьмяшчаецца ў пладах па 2 семкі. Праз 25—30 дзён пры ўмераным паліве зьяўляюцца парасткі. Мураю таксама размножваюць чаранкамі, якія рэжуць з падгадаваных галінаў. Чаранок бяруць з 3—4 пупышкамі рана ўвесну, калі расьліна знаходзіцца ў стане спакою. Зразаюць чаранок гладка наўскасяк пад пупышкай. Кожны лісточак памяншаюць напалову. Чаранкі зьмяшчаюць у парнік з падагрэвам, дзе трымаюць у драбнюткім пяску да зьяўленьня парасткаў. Укаранёныя чаранкі высаджваюць у грунт, які складаецца з 6 частак лёгкага дзёрну, 2-х частак ліставой зямлі і 1-й часткі пяску. Надалей вырошчваюць з дрэнажом пры паліве і ўмеранай цеплыні. Паліваць варта пасьля падсыханьня землянога камяка на траціну. Ваду з паддона варта зьліваць адразу. Маладая расьліна квітнее праз год-паўтара. Надалей квітне і пладаносіць пастаянна. Да 10 гадоў дасягае 50 см вышыні[1].

На 2013 год налічвалася каля 20 відаў мураі. Сярод іх найбольш пашыранымі ў аматарскіх і батанічных садах былі 2 віды: 1) мяцёлчатая мурая, якую яшчэ называлі духмянай або чужаземнай мураяй, а таксама кітайскім міртам; 2) мурая Кёніг, якую таксама называлі дрэвам карры.

  • Мяцёлчатая мурая. Мае ядомыя аранжава-чырвоныя ягады, што сьпеюць 1,5—2 месяцы. Зь іх гатуюць жэле і мармэляд. Сьцёртую ў парашок кару выкарыстоўваюць у якасьці касмэтычнай пудры. Зь лісьця і кветак атрымліваюць этэрны алей.
  • Мурая Кёніг. Духмянае падоўжанае лісьце выкарыстоўваюць у прыправе карры ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Плады цёмна-сінія або чорныя[1].
  1. ^ а б в г Ірына Тамковіч. Мурая — дрэва японскіх імпэратараў // Крынічка. — 21 лістапада 2013. — № 33 (491).