Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі
Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі | |
Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern | |
Жанр: | размоўнік, слоўнік |
---|---|
Аўтар: | Ганс Лёе (Zur Loye Hans) |
Мова арыгіналу: | нямецкая |
Публікацыя: | 1942 |
Выдавецтва: | Радзецкі (Radetzki) |
Сэрыя: | «Дапаможнік да разуменьня» |
Колькасьць старонак: | 50 |
«Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі»[1] (па-нямецку: Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern) — нямецка-беларускі размоўнік, складзены ў межах сэрыі «Дапаможнік да разуменьня» (па-нямецку: Sprachhelfer für die Verständigung). Зьяўляецца апошняй кнігай серыі, а таксама найбольшай у ёй. Кніга была выдадзеная ў Бэрліне.
Выданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выхаду ў сьвет нямецка-беларускага варыянту кнігі было прысьвечанае паведамленьне рэдакцыі бэрлінскае газэты «Беларускі работнік» ад 16 красавіка 1944 г. (нядзельны выпуск). На старонках газэты зьявілася нататка:[2]
Выйшаў з друку і ёсьць у продажы ў большай колькасьці невялікі Нямецка-беларускі слоўнік, апрацаваны Гансам Лёе. Слоўнік мае 50 балонак друку і можа служыць як дапаможнік, асабліва карысны для работнікаў сельскае гаспадаркі. Адзін экзэмпляр без перасылкі каштуе 70 фэнігаў. Пры гуртовых заказах гэткая скідка: ад 10 экз. – 65 фэн., ад 100 экз. – 60 фэн., ад 1000 экз. – 55 фэн.
Паводле Юрыя Туронка, кніга выйшла ў 1944 годзе, аднак на самой кнізе пазначаны 1942, што таксама пацьвярджае адпаведны кнігапісны даведнік «Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965».
Афармленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга прызначалася, з аднаго боку, для нямецкіх сялянаў і гаспадароў, а з другога – замежнікаў. Каб спрасьціць карыстаньне слоўнікам, загалоўкі ўкладзеныя адразу на дзьвюх мовах.
Перакладны даведнік маленькага фармату і сваімі памерамі нагадвае сучасныя кішэнныя слоўнікі. Кожная старонка лексыкону падзеленая на тры калонкі. У першай зь іх пададзенае нямецкае рэестравае слова, у другой – беларускі адпаведнік, запісаны кірыліцай, і ў трэцяй – беларускі эквівалент на нямецкай лацінцы. Калонкі разьдзеленыя паміж сябе тлустымі вэртыкальнымі лініямі.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перакладны даведнік складаецца зь дзьвюх частак. У першай зь іх словы згрупаваныя вакол 23 тэмаў, у другой – лексычны матэрыял разьбіты на 8 тэмаў. На 50 старонках слоўніка даецца пераклад 1173 рэестравых словаў, у склад якіх уключаны і пераклад загалоўкаў.
Задача распрацаваць слоўнік, які быў бы карысным дапаможнікам пры кантактах зь сельскімі працаўнікамі, абумовіла лексычны склад даведніка. Найбольш багата прадстаўленая ў ім сельскагаспадарчая лексыка. Словы і выразы гэтай групы фіксуюцца ў такіх разьдзелах лексыкону, як «Сельская гаспадарка», «Жывёла», «У хлеве», «У садзе», «У лесе», «У полі», «Прыладзьдзе», «Пладаводства», «Гародніцтва». Для ваеннапалонных распрацаваны тэматычны разьдзел «Жыццё ў лягеры». У корпус размоўніка ўключаныя найбольш ужывальныя адзінкі этыкету. Словы і выразы гэтай лексычнай групы аб’яднаныя ў разьдзелы «Прыбыцьцё», «Важнейшыя пытаньні», «Агульныя выражэньні». У групу «Чалавек і хваробы» ўвайшлі назвы частак цела чалавека, яго ўнутраных органаў, найменьні хвароб. Назвы дзён тыдня, месяцаў, пор года знайшлі адлюстраваньне ў групе «Поры года». Тэма «Пагода» падзеленая на дзьве часткі: у першай перакладаюцца асобныя словы, а ў другой – найбольш частотныя выразы з гэтымі словамі. Група «Месца забавы» прысьвечаная перакладу назваў розных месцаў адпачынку.
Нямецкія рэестравыя словы разьмешчаныя ў лексыконе не ў альфабэтным парадку, а паводле сэнсавых сувязяў словаў. Паколькі слоўнік у першую чаргу скіраваны на тое, каб дапамагчы пры дыялогу, у кнігу ўключаныя, акрамя асобных словаў, словазлучэньні і сказы.
Аўтар пераклаў на беларускую мову 232 сказы. Адсутнічаюць граматычная і стылістычная характарыстыкі словаў. У беларускіх словах, якія маюць больш за адзін склад, пазначаныя націскі. Сынонімы пададзеныя ў беларускай частцы лексыкону толькі ў тых выпадках, калі рэестравая адзінка – таксама рад сынонімаў.
Выданьне мае пэўную колькасьць хібаў, сярод якіх літаральнасьць у перадачы нямецкіх рэестравых словаў, часам няўдалы пераклад.
Прыклад тэксту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыклад тэксту:
Wie heißt du? – Як ты называеся? – Jak ty nasywájessja?
Wie ist dein Beruf? – Які твой занятак? – Jaki twoj sanjátak?
Antworte ja oder nein! – Адкажы, так або не! – Adkashý, tak abo nje!
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асобнік «Моўнага дапаможніка да зносінаў зь беларускімі сялянамі» захоўваецца ў кніжні імя Францішка Скарыны ў Лёндане[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вадзім Шклярык. Працы па мовазнаўстве ў фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане (бел.). — 2017/08/10.
- ^ Кацярына Любецкая. ГІСТОРЫЯ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XX-XXI стст. (бел.). — 2010.
- ^ Вадзім Шклярык. Працы па мовазнаўстве ў фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане (бел.). — 2017/08/10.