Перайсьці да зьместу

Мацярдушка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мацярдушка звычайная»)
Мацярдушка
Origanum vulgare

Мацярдушка (па-лацінску: Origanum vulgare) — шматгадовая травяністая расьліна сямейства губакветных.

Вышыня да 50 см з маленькімі авальным лісьцем і ружовымі кветкамі. Расьце па ўсёй Беларусі, пераважна на ўскрайках лясоў, на пагорках з сухой, вапнавай асновай. Народныя назвы: мацярынка, бабіна душыца (раней вельмі шырока ўжывалася пры жаночых захворваньнях), душанка, пчалалюб. Блізкая сваячка маярану, таму яшчэ называлася «дзікі маяран». Можна ўжываць у тых самых стравах. Трава зьмяшчае эфірны алей, дубільныя рэчывы і вітамін C.

У сучаснай беларускай кулінарыі амаль не выкарыстоўваецца. Лісьце мацярдушкі можна дадаваць у супы (напрыклад, гарохавы), да баранавай пячонкі, вэнджаных кілбас, да страў з яек, салаты з садавіны (асабліва фасолі). Вельмі папулярная прыправа ў Італіі, адзін з сымбаляў італьянскай кухні (лісьце дадаюць у соўсы, салаты з памідораў, баклажанаў, цукіні і іншыя, прыпраўляюць стравы з марской рыбы і мяса, апроч бараніны; абавязковы кампанэнт сапраўднай піцы), а таксама ў Францыі, Грэцыі, вядомая з антычнасьці. Грэцкая назва oregano (таксама гандлёвая назва на міжнародным рынку) азначае «радасьць гор».

Даўней шырока ўжываўся ў народным побыце Беларусі, Украіны і іншых славянскіх краінаў: некалькі сьцяблоў мацярдушкі клалі ў бочку пры засолцы агуркоў, адвар травы дадавалі ў квас, сухой травой абкурвалі глечыкі з-пад малака, у хатнім піваварстве ўжывалі заміж хмелю, пучкі разьвешвалі па сьценах шляхецкіх абораў дзеля дэзінфекцыі. Перад заваркай кветкі разам са сьцяблом разьміналі.

Адвар мацярдушкі — папулярны сродак як народнай, так і афіцыйнай мэдыцыны (ад захворваньняў нэрвовай сыстэмы, органаў страваваньня); яго пілі і ў якасьці гарбаты. Этэрны («хмелевы») алей з мацярдушкі ўжываецца для араматызацыі мыла, губной памады, зубной пасты. Зьбіраюць у пэрыяд цьвіценьня разам з кветкамі; спэцыфічныя смак і водар найлепш разьвіваюцца пры інтэнсіўным сонечным асьвятленьні, таму яны больш выражаныя ў імпартнага прадукту, чым у мацярдушкі, вырашчанай у нашых шыротах.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мацярдушкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў