Перайсьці да зьместу

Мацей Франкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мацей Франкевіч у першым шэрагу, апошні справа

Маце́й Франке́віч (Матвей; 14 сьнежня 1958, Познань16 чэрвеня 2009, Сьрэм) — палітык, дзеяч самакіраваньня і спорту, з 1999 да 2002 віцэ-прэзыдэнт Познані, з 2002 да сьмерці намесьнік прэзыдэнта Познані. З 2007 году быў кіраўніком суполкі «Познань EURO 2012», якая займаецца падрыхтоўкай Познані да арганізацыі чэмпіянату Эўропы па футболе.

Навучаўся ў Познанскай Палітэхніцы, сябра і заснавальнік політэхнічнай філіі НЗС (Незалежнага зьвязу студэнтаў). Добраахвотна далучыўся да лягеру інтэрнаваных, у межах салідарнасьці з рэпрэсаванымі (1982). Арганізатар спартовых мерапрыемстваў. Дзеяч Змагарнай Салідарнасьці і Партыі Свабоды. За пашкоджаньне кансуляту СССР у Познані быў засуджаны да пакараньня. Два разы інтэрнаваны, тры разы арыштаваны, і шматкроць затрыманы за палітычную дзейнасьць. Кіраваў падземнай выдавецкай справай — заснаваў выдавецтва «WiS». Таксама выступаў фундатарам і арганізатарам бясплатных вакацыяў для дзяцей зь бедных сем’яў.

У чэрвені 2007 году, з рук прэзыдэнта Леха Качынскага, атрымаў Афіцэрскі Крыж Ордэру Адраджэньня Польшчы, за заслугі ў змаганьні за незалежнасьць Польшчы і дэмакратыю.

Плывец, ныральнік і парашутыст, аматар коней і традыцыі польскай язды. Апантаны кавалерыст, удзельнічаў у пастаноўках памятных гадавін Велікапольскага паўстаньня. Таксама захапляўся горным спортам, здабыў найвышэйшыя верхавіны Эўропы, Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі. Суарганізоўваў штогадовы Познанскі маратон і прымаў у ім актыўны ўдзел. Быў адданым заўзятарам футбольнага клюбу «Лех», а таксама сябрам таварыства і віцэ-кіраўніком «Велікапольскага футбольнага клюбу „Познань“».

Памёр на тромб артэрыі лёгкіх, калі ляжаў у больніцы, пасьля падзеньня з каня. Быў жанаты і меў дваіх дзяцей.

Мацей Франкевіч шматразова спрыяў вырашэньню беларускіх пытаньняў у Познані. Пры падтрымцы прэзыдэнта Беларускаму культурна-асьветнікаму цэнтру было прадстаўлена сядзібнае памяшканьне. Віцэ-прэзыдэнт асабіста ўдзельнічаў у многіх беларускіх мерапрыемствах, а ў 2006 годзе разам са Станіславам Шушкевічам урачыста адчыняў Дні Вольнай Беларусі. У канцы 2008 году Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар заручыўся падтрымкай спадара Франкевіча па ўстанаўленьні помніка Францыску Скарыну ў Познані.

Пахаваны 19 чэрвеня 2009 году ў Алеі Заслужаных, што на Юнікоўскіх могілках у Познані. У хаўтурах удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўных і самакіраўнічых уладаў, легендарныя апазыцыянэры Карнэль Маравецкі і Зьбігнеў Рамашэўскі, а таксама дзясяткі делегацыяў з познанскіх школаў і тысячы жыхароў гораду.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]