Перайсьці да зьместу

Малая Антанта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Краіны-ўдзельніцы Малой Антанты

Мала́я Анта́нта (па-француску: Petite Entente, па-нямецку: Kleine Entente, па-ангельску: Little Entente) — вайскова-палітычны блёк паміж Чэхаславаччынай, Югаславіяй і Румыніяй, які існаваў у 1921—1938 роках пры падтрымцы Францыі. Быў створаны з мэтаю стрымліваньня вугорскага іррэдэнтызму, а таксама прадухіленьня ўзнаўленьня манархіі Габсбургаў.

Дамова складала частку францускай замежнай дыпляматыі. Францыя падпісала ваенныя пагадненьні з кожнай з трох удзельніц Малой Антанты, што давала ёй магчымасьць адкрыцьця другога фронту ў выпадку ўзброенага канфлікту зь Нямеччынай.

У аб’яднаньні вядучую ролю адыгрывала ЧСР, фінансы якое ішлі на ўзбраеньне румынскага і югаслаўскага войска. Чэхаславацкі міністар замежных справаў Эдвард Бенэш разам са сваім румынскім калегам былі галоўнымі стваральнікамі і прадстаўнікамі Малое Антанты.

Эканамічнае супрацоўніцтва Чэхаславаччыны, Югаславіі і Румыніі не перасягнула стадыю добрых намераў. Акрамя некалькіх дамоваў у галіне імпарту, больш канкрэтных эканамічных стасункаў не завязалася, бо аграрнаарыентаваныя Югаславія і Румынія асьцерагаліся ўзмацненьня індустрыяльнае Чэхаславаччыны.

Мэтамі Малой Антанты былі падтрыманьне спакою ў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропе, зафіксаванага Парыскай мірнай канфэрэнцыяй (1919—1920), супрацьдзеяньне аднаўленьню Аўстра-Вугоршчыны, аншлюсу Аўстрыі, а галоўнае — супрацьстаяньне намерам Вугоршчыны на рэвізію Трыянонскага міру. Падпісанты дамовы выступалі супраць усялякіх спробаў аднаўленьня манархіі Габсбургаў на тэрыторыі Вугоршчыны.

Першапачатковыя мэты альянсу з часам станавіліся ўсё менш актуальнымі. Узброеныя сілы Вугоршчыны саступалі сукупнай вайсковай моцы сябраў Малой Антанты. Аднаўленьне манархіі ў Аўстрыі ці Вугоршчыне таксама з кожным годам станавілася ўсё менш верагодным.

Фактычна Малая Антанта таксама была накіраваная на прадухіленьне магчымых нападаў з боку Нямеччыны, а таксама супраць уплыву Савецкага Саюзу і камуністычнага руху ў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропе. Малая Антанта мела стаць адным з найістотнейшых спосабаў забесьпячэньня францускае гегемоніі ў Цэнтральнай Эўропе па Першай сусьветнай вайне.

Малая Антанта была заснаваная трыма двухбаковымі ваеннымі дамовамі, заключанымі ў 1920—1921:

  • 14 жніўня 1920 — чэхаславацка-югаслаўская дамова
  • 23 красавіка 1921 — чэхаславацка-румынская
  • 7 чэрвеня 1921 — югаслаўска-румынская

У 1922 року яны былі дапоўненыя трыма шматбаковымі дамовамі пра палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва. 26 лістапада 1925 дзяржавы Малой Антанты падпісалі пратаколы пра магчымасьць транспартаваньня вайсковых матэрыялаў праз сваю тэрыторыю.

Па заключэньні Лякарнскіх дамоваў, якія аслабілі пазыцыю Францыі і ейных хаўрусьнікаў, Францыя заключыла зь дзяржавамі Малой Антанты асабістыя палітычныя дагаворы (з Чэхаславаччынаю 25 студзеня 1924, з Румыніяй 10 чэрвеня 1926, зь Югаславіяй 1 лістапада 1927 року). 16 кастрычніка 1925 Францыя паабяцала Чэхаславаччыне дапамогу ў выпадку ваеннае агрэсіі.

13 траўня 1927 ў Яхімаве і 20—21 чэрвеня 1928 ў Бухарэсьце прайшлі канфэрэнцыі ўдзельнікаў па разьвіцьці эканамічных стасункаў, аднак без істотных вынікаў.

Наступным крокам да ўзмацненьня Малое Антанты мела стаць усеабдымная дамова, падпісаная 27 чэрвеня 1930, якая рэгулявала стварэньне кансультацыйнае рады хаўрусу і прадугледжвала абавязковыя рэгулярныя штогадовыя сустрэчы міністраў замежных справаў. Яе лягічным працягам стаў «Пакт рэарганізацыі», падпісаны ў Жэнэве 16 лютага 1933 року, які ў дадатак да сустрэчаў міністраў засноўваў Пастаянную раду са сходамі на пастаяннай аснове прынамсі тры разы на год у кожнай са сталіцаў. Матывам была пагроза ўздымаючагася ў Нямеччыне фашызму і падрыхтоўка з ініцыятывы Італіі г. зв. пакту чатырох дзяржаваў.

Зь цягам часу ў дзяржаваў-чальцоў пачалі паўставаць рознагалосьсі ў поглядах на тое, адкуль сыходзіць вонкавая пагроза. Чэхаславаччына, якая была пераважна індустрыяльнай дзяржавай, у адрозьненьне ад сваіх хаўрусьнікаў, схілялася да нармалізацыі стасункаў з Савецкім Саюзам і да прызнаньня новаўтворанае камуністычнае дзяржавы.

Адыход Францыі ад палітыкі калектыўнае бясьпекі і палітыка саступак заходніх дзяржаваў фашысцкаму блёку (улагоджваньне) прывялі да паслабленьня Малое Антанты. Пагроза яе чальцам з боку гітлераўскае Нямеччыны змусіла ўлады яе чальцоў да распрацоўкі палітыкі калектыўнае бясьпекі, ініцыятарам якое быў Савецкі Саюз. У 1933 року чальцы Малой Антанты заключылі з СССР і Турэччынай дамову пра вызначэньне агрэсіі і ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы так званага ўсходняга Лякарна. Пасьля правалу гэтага пляну Чэхаславаччына 16 траўня 1935 падпісала хаўрусьніцкую дамову з СССР, падобную да француска-савецкага дагавору. Яшчэ раней, у 1934 року Югаславія і Румынія ўвайшлі ў склад вайскова-палітычнага зьвязу Балканская Антанта.

У 1935—1939 у Югаславіі й Румыніі пачалі ўзмацняцца ўплывы нацысцкае Нямеччыны й Італіі. Румынія разглядала СССР як патэнцыйную пагрозу сваёй нацыянальнай бясьпецы і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Пасьля таго, як прэм’ер-міністрам Румыніі стаў Аляксандру Аверэску, яна ў сваёй зьнешняй палітыцы стала арыентавацца на Італію і Нямеччыну. Югаславія асьцерагалася тэрытарыяльных прэтэнзіяў з боку фашысцкай Італіі і стала займаць пранямецкую палітыку па шматлікіх пытаньнях.

Распад пакту набліжаўся. Фактычна ён пачаўся пасьля таго, як:

  • Югаславія пачала заключаць дамовы з прарэвізіянісцкімі дзяржавамі (югаслаўска-баўгарская дамова пра вечнае сяброўства 24 студзеня 1937, югаслаўска-італьянская дамова пра нэўтралітэт 25 сакавіка 1937)
  • Румынія адмовілася падпісаць калектыўны пакт пра ўзаемадапамогу 1937 року
  • дзяржавы Малой Антанты заключылі пакт з Францыяй, прапанаваны чэхаславацкай уладай
  • Малая Антанта пагадзілася(en) надаць аднолькавыя правы на ўзбраеньне Вугоршчыне (жнівень 1938)
  • прафашысцкі югаслаўскі ўлад прынца рэгента Паўла і прэм’ер-міністра Стаянавіча моўчкі згадзіўся з аншлюсам Аўстрыі

Апошняе паседжаньне блёку прайшло 21 жніўня 1938 ў Бледзе. Па Мюнхэнскім пагадненьні (29 верасьня 1938) адбыўся фактычны развал Малой Антанты.

  • Boisdron, Matthieu, 2012, «La France et le pacte d’assistance mutuelle de la Petite Entente (juin 1936-avril 1937)(недаступная спасылка)». In: Krisztián Bene and Eva Oszetzky (eds), Újlatin kultúrák vonzásában. Újlatin filológia 5., University of Pécs (Hungary). Pp. 283—305.
  • Dowling, Maria, 2002. Czechoslovakia. New York, NY: Oxford University Press.
  • Fink, Carole, Axel Frohn, and Jürgen Heideking, 2002. Genoa, Rapallo, and European Reconstruction in 1922. Cambridge, UK: Cambridge University Press.
  • Gilbert, Felix and David Clay Large, 1991. The End of European Era, 1890 to Present. 4th edition worldwide. 1st edition in the Czech Republic. Prague: Mladá fronta.
  • Glasgow, George, 1926. From Dawes to Locarno; Being a Critical Record of an Important Achievement in European Diplomacy, 1924—1925. Ayer Publishing.
  • Gordon, Craig A. and Felix Gilbert (eds), 1994. The Diplomats, 1919—1939. Princeton, NJ: Princeton University Press.
  • Nálevka, Vladimír, 2000. The World Politics in the Twentieth Century (I.) [Světová politika ve 20. století (I.)]. 1st edition. Prague: Aleš Skřivan.
  • Osmanczyk, Edmund Jan, 2002. Encyclopedia of the United Nations and International Agreements. New York, NY: Routledge.
  • Pact of the Organization of the Little Entente. In: Recueil des traités SDN, v. CXXXIX, p. 233.
  • Protheroe, Gerald J., 2006. Searching for Security in a New Europe. New York, NY: Routledge.
  • Ragsdale, Hugh, 2004. The Soviets, the Munich Crisis, and the Coming of World War II. Cambridge, UK: Cambridge University Press.
  • Spielvogel, Jackson J., 2005. Western Civilization: Volume II: Since 1500. Thomson Wadsworth.
  • Zeman, Zbyněk and Antonín Klimek, 1997. The Life of Edvard Beneš 1884—1948: Czechoslovakia in Peace and War. Oxford, UK: Oxford University Press.
  • Ádám, Magda, The Little Entente and Europe (1920—1929). Budapest: Akademiai Kiadó. 1993. Pp. 329

The American Historical Review, Vol. 99, No. 2 (Apr., 1994), p. 548 (review consists of 1 page) Published by: American Historical Association