Людвіг Зарэчны
Людвіг Зарэчны | |
17 траўня 1915 — 15 верасьня 1964 (49 гадоў) | |
Месца нараджэньня | |
---|---|
Месца сьмерці |
|
Род войскаў | пяхота |
Гады службы | Вэрмахт (1942–1944) БКА (1944) |
Званьне | Маёр |
Частка | 9-я армія |
Пасада | Інспэктар ў наглядзе за дзейнасьцю мясцовых аддзелаў паліцыі й інш. |
Бітвы/войны | Другая сусьветная вайна Нямецка-савецкая вайна |
Людвіг Зарэчны (Сапр.: Галубовіч; 17 траўня 1915, Ратамка — 15 верасьня 1964, Мюнхэн-Гладбах, Нямеччына)[1] — беларускі ваенна-палітычны дзеяч, выдавец, падчас Другой сусьветнай вайны маёр Беларускай краёвай абароны, у паваенны кругабег сьвятар.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 17 траўня 1915 ў Ратамцы пад Менскам. Праз хваробу бацькі мусіў кінуць школу і ў 16 гадоў пайсьці працаваць. Уладкаваўся на сакратарскую працу ў трэсьце «ЛесБел». У 1930-я гады быў сакратаром Вярхоўнага Суду Беларускай ССР. Пазьней працаваў на іншых пасадах. Удзельнічаў у беларускім антысавецкім падпольлі. Атрымаць вышэйшую адукацыю не пасьпеў. У 1935 г. быў рэпрэсаваны і правёў у высылцы 6 гадоў, працаваў у Хабараўску.[2]
У Беларусь вярнуўся ў 1941 г. На пачатку Нямецка-савецкай вайны быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Патрапіў у нямецкі палон, быў вызвалены ўвесну 1942 г. Працаваў у структуры Вэрмахту. Займаў становішча інспэктара пры 9-й Арміі ў наглядзе за дзейнасьцю мясцовых аддзелаў паліцыі, а таксама працаваў на іншых пасадах[2]. Дзейнічаў на Смаленшчыне падчас нямецкай акупацыі. На пачатку 1944 г. уступіў да Беларускай краёвай абароны і атрымаў годнасьць маёра. Больш за два гады заставаўся пад арыштам пасьля капітуляцыі Нямеччыны ў 1945 г.
У эміграцыі ў Заходняй Нямеччыне. Аднак па вызваленьні навязаў кантакты з Брытанскай адміністрацыяй у Нямеччыне і ў 1949—1953 гг. працаваў у сыстэме Брытанскай кантрольнай камісіі на Нямеччыну на становішчы дарадніка ў пытаньнях савецкае сыстэмы і ейных органаў. Здолеў зацікавіць Брытанскую выведку справай арганізацыі беларускага збройнага супраціву ў БССР, ладзіў навучаньне дыверсійных групаў. На пачатку 1950 г. пачаў ствараць палітычна-ваенную арганізацыю «Беларускі вызвольны рух», якая была афіцыйна заснавана 27 лютага 1952 г. і пазьней у супрацоўніцтве з брытанскімі адмысловымі службамі адпраўляла ўзброеныя групы ў Беларусь і Польшчу. У сакавіку 1952 г. заснаваў афіцэрскую школу ў раёне Манчэстэра. Выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Пасбля канфлікту Людвіга Зарэчнага з прэзыдэнтам Беларускай цэнтральнай рады Радаславам Астроўскім у 1954 арганізацыя «Беларускі Вызвольны Рух» раскалолася ў выніку адхіленьня Зарэчнага ад пасады кіраўніка БВР Радаславам Астроўскім[2].
Людвіг Зарэчны беспасьпяхова спрабаваў арганізаваць «трэцюю сілу» ў беларускім руху на эміграцыі. У 1948—1951 гг., пакуль быў радным БЦР, адным зь першых апісаў гісторыю беларускага нацыянальнага руху падчас Другой сусьветнай вайны ў рэфэраце «Акупацыя Беларусі нямецкай арміяй і калябарацыя мясцовага насельніцтва», які зараз знаходзіцца ў зборах Аляксандра Даліна Гувераўскага інстытуту (Каліфорнія, ЗША).[2]
У 1955 г. адыйшоў ад справаў арганізацыі і беларускага жыцьця навогул. Пасьля адыходу ад актыўнай палітычнай дзейнасьці стаў каталіцкім сьвятаром «Беларускай (Літоўскай) Рэфармаванай Каталіцкай Субожні». Празь некаторы час стаў падпісвацца як «ксёндз Людвік Тытулярны Пастар Копыльскага Рэфармаванага Каталіцкага Кальвінскага Касьцёлу». Таксама пісаў вершы.
Памёр пры нявысьветленых абставінах. Пахаваны ў Глядбаху, ФРГ.[1][2]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б ЗАРЭЧНЫ Людвіг (Галубовіч, 17.5.1915 — 15.9.1964)
- ^ а б в г д Гардзіенка Алег. Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): Стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995). / Прадмова Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка. — Мінск: Кнігазбор, 2016—480 с. ISBN 978-985-7144-02-0 °C.19, 20, 138, 208, 252—254, 266, 288, 295, 302, 339, 400—402, 425, 457
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік. — Мінск: 1999. — ISBN 985-6374-07-3;
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 17 траўня
- Нарадзіліся ў 1915 годзе
- Памерлі 15 верасьня
- Памерлі ў 1964 годзе
- Нарадзіліся ў Менскім раёне
- Памерлі ў Мёнхэнглядбаху
- Нарадзіліся ў Менскім павеце (Расейская імпэрыя)
- Памерлі ў Паўночным Райне — Вэстфаліі
- Пахаваныя ў Паўночным Райне — Вэстфаліі
- Маёры Беларускай краёвай абароны
- Беларускія калябаранты з нацысцкай Нямеччынай
- Беларусы ў Нямеччыне
- Беларусы ў Вялікабрытаніі
- Рэпрэсаваныя ў БССР