Любоў збаўленчая (раман)
Любоў збаўленчая | |
Redeeming Love | |
Жанр: | любоўны раман[d] і гістарычны раман[d] |
---|---|
Аўтар: | Фрэнсын Рывэрз |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 1991 |
Асобнае выданьне: | 1991 |
Выдавецтва: | Bantam (1-е выд.) Multnomah Publishers (з 1997) |
Колькасьць старонак: | 432 (1-е выд.) |
ISBN: | 978-0-553-29368-5 |
«Любоў збаўленчая» (па-ангельску: Redeeming Love) — гістарычны любоўны раман Фрэнсын Рывэрз, дзеяньне якога адбываецца ў 1850-я рокі ў часе Залатой ліхаманкі ў Каліфорніі. У аснову раману пакладзеная гісторыя Асіі з Старога Запавету, і асноўная тэма — збаўленчая любоў Бога да грэшнікаў. З часу першага выданьня ў 1991 року раман перакладзены на больш як 30 моваў і прададзены ў колькасьці больш за 3 мільёны асобнікаў[1].
У 2022 року паводле кнігі быў прадстаўлены аднайменны фільм.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзеі раману пачынаюцца ў 1835 року ў Новай Ангельшчыне. Сара, маленькая прыгожая дзяўчынка, упершыню знаёміцца з уласным бацькам, Алексам Стафардам, у шасьцігадовым веку. Як высьвятляецца, ейная маці, Мэй, зацяжарыла ў выніку стасункаў з жанатым Стафардам, і той патрабаваў ад Мэй зрабіць аборт. Пасьля адмовы зрабіць гэта Алекс Стафард перарваў стасункі з Мэй. Ва ўсім, што адбываецца, Сара пачынае вінаваціць сябе і спадзяецца, што больш ніколі не пабачыць Алекса.
Мінае пэўны час пасьля ад’езду Алекса Стафарда, і служанка Мэй Клеа адводзіць Сару з сабой на шпацыр, каб Мэй магла таемна сустрэцца з Алексам. Клеа прыводзіць Сару ў папулярны бардэль, дзе служанку добра ведаюць. Напіўшыся, Клеа пагаджаецца легчы ў ложак з сваім кампаньёнам, пакідаючы Сару чакаць у залі. Калі мужчына пакідае жанчыну, разьбіваючы той сэрца, напаўп’яная Клеа адкрывае перапужанай Сары «Божую ісьціну»: мужчынам ад жанчыны патрэбны толькі сэкс і больш нічога. З прычыны адсутнасьці сродкаў Мэй з Сарай пераяжджаюць у халупу пры доках, і Мэй вымушаная зарабляць на жыцьцё прастытуцыяй. Яна зарабляе ва ўсім горадзе адпаведную рэпутацыю, за што і да Сары пачынаюць зьняважліва ставіцца месьцічы. Ад гэтага Сара прызвычайваецца хаваць свае эмоцыі і выстаўляе напаказ толькі грубыя паводзіны.
Празь некалькі гадоў Мэй памірае ад жахлівай хваробы, пакідаючы васьмігадовую Сару на догляд выпівохі Раба. Ня ведаючы, што рабіць зь дзяўчынкай, Раб спрабуе падшукаць ёй дом і спаткае чалавека, якому для гаспадара патрэбная маленькая дзяўчынка. Палічыўшы, што зь ім Сары будзе лепей, Раб адводзіць сірату ў багаты раён. На ўваходзе ў дом іх вітае жанчына, якая раіць Рабу забраць адсюль Сару і ніколі не вяртацца. Аднак Раба не пераконваюць ейныя словы, і ён настойвае, што для Сары гэта будзе лепшы варыянт. Яны падымаюцца ў спальню на другім паверсе, дзе мусяць чакаць гаспадара. Прыходзіць гаспадар, якога называюць Герцагам; празь некалькі хвілінаў Раба задушваюць на вачох у Сары і выкідаюць цела на суседняй алеі. Герцаг аказваецца пэдафілам, які шукаў не дачку, а новую ахвяру. Герцаг кажа Сары (якую пераймяноўвае ў Анёла), што хоча навучыць яе мноству рэчаў. Першы «ўрок» ён дае ёй той жа ночы.
Прыкладна праз 10 гадоў Анёл здолела ўцячы ад Герцага, сеўшы на карабель да Каліфорніі. На гэтым шляху яе рабуюць і прымушаюць добраахвотна займацца прастытуцыяй, каб яна не дасталася пасажырам (сярод якіх пераважная большасьць мужчынаў) бясплатна. Яна высаджваецца ў Сан-Францыска, маючыь з сабою толькі вопратку, якая на целе; тут Сару падбірае «Герцагіня», валадарка «Палацу» — бардэлю ў Пар-А-Дайзе. Анёл становіцца эксклюзіўнай, дарагой прасталыткай, але знаходзіцца пад несупыннай аховай, а ўсё заробленае ад яе забіраюць. Адзіным ейным суцяшэньнем ёсьць Лакі, іншая прасталытка, якая часта выпівае, але нагадвае Анёлу маці.
Падчас вываду Анёла на прагулку яе заўважае Майкл Асія, які прыехаў у Пар-А-Дайз прадаваць ураджай. Ён зьбіраўся зьяжджаць, але Бог яму кажа, што «гэта тая адзіная»: жанчына, зь якой Асія мае ажаніцца. Майкл неўзабаве агаломшаны навіною, што Анёл — прасталытка. Тым ня менш, ён вырашае трымацца Божай волі і ўзяць Анёла ў жонкі; каб трапіць да яе, ён плаціць двайную цану і спрабуе ўгаварыць яе паехаць зь ім. Аднак Анёл упарта адхіляе ягоныя прапановы. Зьбянтэжаны Майкл зьвяртаецца да Госпада і зноў падпарадкоўваецца. Ён прыходзіць да Анёла яшчэ тры ночы запар, спрабуючы яе пераканаць сысьці адсюль, пакуль у яго не сканчаюцца грошы. Анёл застаецца да яго ўсё такой жа халоднай ды саркастычнай, каб не перажываць у жыцьці болю, які ён можа ёй учыніць; аднак у ейных думках зьяўляюцца мары пра жыцьцё разам з Майклам па-за Палацам. У апошнюю ноч пасьля візыту да Анёла Майкл расчароўваецца і пакідае Пара-А-Дайз, але паслухмянасьць Госпаду празь некалькі дзён прыводзіць яго назад. Тут ён знаходзіць Анёла амаль мёртвай пасьля жорсткага зьбіцьця целаахоўнікам Герцагіні, Магаўэнам. Гатовы любой цаной зьбергачы Анёлава жыцьцё, Майкл прапануе ёй выйсьці замуж, абы толькі забраць яе з сабой. Ледзь прытомная, Анёл пагаджаецца мармытаньнем «Чаму й не?»
Майкл адвозіць Анёла ў сваю хаціну і даглядае яе; увесь гэты час Анёл успрымае ягоны клопат як нешта належнае. Майкл цярпліва вытрымлівае Анёлава грубіянства, верна служачы сваёй жонцы і Божаму пляну. Тым часам з далёкай, але бясплённай паездкі на пошукі золата вяртаецца Майклаў аўдавелы швагер Пол; ён пазнае ў Анёле дарагую прасталытку з Палацу. Думаючы, што Анёл хоча падмануць Майкла, Пол ставіцца да яе зьняважліва і спрабуе раскрыць Майклу праўду пра яе, але толькі злуе таго. Пол лічыць, што Майкл ажаніўся з Анёлам, ня ведаючы нічога пра ейнае мінулае, не разумеючы, што Майкл ведае праўду і ўсё адно кахае жонку. Пол адчувае між сабой і Майклам пэўную напружанасьць, але не разумее, што прычынай ёсьць ён сам.
Акрыяўшы ад ранаў, Анёл вырашае ўцячы ад Майкла, каб вярнуцца ў бардэль па ўласныя грошы, забраныя Герцагіняй. Прыдатны выпадак здараецца, калі Пол зьбіраецца ў Пар-А-Дайз прадаваць свой ураджай. Калі Майкл сыходзіць працаваць у поле, Анёл даганяе Полаву павозку. Той пагаджаецца падвезьці яе за аплату тым адзіным, што яна мае: сабою. Ад ейнага ўчынку ён яшчэ больш яе ненавідзіць і спадзяецца, што болей ніколі зь ёй ня ўбачыцца.
Вярнуўшыся ў Пар-А-Дайз, Анёл знаходзіць рэшткі згарэлага Палацу і даведваецца, што Лакі зь яшчэ адной прасталыткай на ймя Май Лін загінулі ў вогнішчы. Ня маючы куды ісьці, яна зноў пагаджаецца працаваць прасталыткай на другім паверсе шынка. Ёй самой становіцца брыдкі гэты занятак, аднак яна ня ўмее рабіць нічога, акрамя гэтага. Разьюшаны Майкл знаходзіць яе падчас візыту да яе кліента і, каб вывесьці Анёла, уступае ў бойку з п’янымі мужыкамі, якія чакаюць сваёй чаргі.
Сужэнцы вяртаюцца ў Майклаву хаціну. Майкл спадзяецца, што Бог дасьць яму сілаў пераадолець свой гнеў на жончыну нявернасьць. Анёл пачынае адчуваць да Майкла прыязнасьць, якую ня можа зразумець, бо ніколі не дазваляла сабе закахацца ні ў каго, верачы паведамленай ёй у дзяцінстве «Божай ісьціне». Майкл жа любіць яе безумоўна, нягледзячы на ейную адчужанасьць. Адводзячы яе сустракаць сьвітанак, ён кажа: «Вось тое, што я хачу табе даць». Анёл штодня мякчэе, але баіцца адкрыць свае пачуцьці Майклу. Яна адчувае глыбокі сорам за сваю «нячысьціню»: яна кранутая Майклавым каханьнем, аднак адчувае сябе нягоднай яго. Хоць яны пастаянна сьпяць разам, Анёл вельмі адчужаная ад сэксуальнага задавальненьня; але аднае ночы яна перажывае такое ж узрушэньне, як і Майкл, што яе пужае.
Майкл бярэ Анёла з сабой у Сакрамэнта, каб набыць матэрыялаў на новае адзеньне. Па дарозе назад яны сустракаюць сям’ю Олтмэнаў, у якіх здамалася кола. Майкл дапамагае паладзіць ім павозку і запрашае да сябе ў госьці. Анёл распавядае місіс Олтмэн і ейнай 16-гадовай дачцэ Мірыям, што пазнаёмілася з Майклам у бардэлі. Са зьдзіўленьнем для сябе яна адкрывае, што суразмоўніцы не асуджаюць яе, а спачуваюць. Яны зьбліжаюцца, асабліва Анёлу падабаецца Мірыям, якая адчувае прыхільнасьць да Пола, што жыве ў іншым канцы даліны. Сям’я Олтманаў вырашае асесьці ў даліне, дзе будуюць сабе хаціну.
З успамінаў адкрываецца той факт, што Анёл двойчы была цяжарная падчас сужыцьця з Герцагам, і абодва разы разьюшаны Герцаг выклікаў доктара зрабіць аборты. У другі раз доктар пастараўся зрабіць так, каб Анёл больш не змагла зацяжарыць. У цяперашні час Анёл расказвае пра гэта прыгнечанаму Майклу, а таксама яшчэ пра тое, што калісьці яна, каб адпомсьціць бацьку за тое, што кінуў ейную маці, мела зь ім сэкс. Анёла паглынае віна за свае чэрствыя паводзіны і няздольнасьць даць Майклу дзяцей, якіх ён чакаў.
Яна зноўку ўцякае з хаты, гэтым разам у Сакрамэнта; на дарозе яе падбірае стары гаршэчнік. Шукаючы ў Сакрамэнта працу, яна сустракае Джозэфа Гочшыльда, які збудаваў новую краму. Ведаючы яго як добрага Майклавага сябра, яна застаецца ў яго, працуючы ў краме зь ягонай маці і жонкай. Калі па яе прыходзіць запыт ад Майкла, яна зьбіраецца вяртацца, аднак Джозэф засыпае яе працай. Майкл прыяжджае сам і застае яе падчас закрыцьця крамы. Анёл адзначае, што яе пужае ідэя закахацца ў яго, аднак Майкл яе пераконвае ды вяртае дахаты.
Яны пачынаюць засейваць палі. Заўважыўшы, што Мірыям размаўляе да Майкла, Анёл уявіла, быццам яны зацікавіліся адно адным і прыходзіць да высновы, што Мірыям прыдасца Майклу значна лепей, чым яна. Пол таксама хацеў бы бачыць разам з Майклам Мірыям, хоць сам мае да яе пачуцьці. Аднак гатовы паступіцца сваім каханьнем дзеля шчасьці Мірыям і свайго сябра. Тады Анёл уцякае зноўку, гэтым разам пакідаючы Майклу свой пярсьцёнак, каб той не адчуваў сябе абавязаным і мог мець зь Мірыям дзяцей. Майкла разьбіты, але пастанаўляе больш не шукаць Анёла, калі яна не жадае зь ім быць.
Анёл вяртаецца ў Сан-Францыска, уладкоўваючыся на працу ў джэнтэльмэна на ймя Вірджыл. Ён бярэ яе кухаркай у кавярню і клапоціцца пра яе. Мінае некалькі месяцаў цяжкай працы, як кавярня згарае, а зь ёй усе Анёліны зьберажэньні і майно. Стоячы перад палаючай кавярняй, скрушаная Анёл чуе знаёмы голас: яе вітае Герцаг. Баючыся, каб той не нашкодзіў Вірджылу, Анёл вымушаная сысьці да Герцага.
У ягоных уладаньнях Анёл зноўку мусіць стаць прасталыткай. Аднак Герцаг аддае перавагу маленькім дзяўчынкам, таму прапануе Анёлу абслугоўваць ягоных будучых «кампаньёнаў», аднак толькі адпрацаваўшы тыдзень прастытуткай. Анёл мусіць выступіць перад натоўпам мужчынаў, і яна пачынае ў думках зьвяртацца да Госпада па дапамогу. Калі надышоў час выходзіць на сцэну забаўляць мужыкоў, голас Божы загадвае ёй сьпяваць, і яна выконвае перад агаломшаным і зьбянтэжаным натоўпам гімн «Цьвярдыня вечная(d)». Да яе на сцэну падымаецца сівавалосы чалавек, якяі падпявае разам зь ёй і калі яна забывае словы.
Пасьля выступу Герцаг накідваецца на Анёла. Аднак яго спыняе сівы сьпявак, які пагражае павесіць Герцага, калі той хоць пальцам зачэпіць Анёла. Мужчына выводзіць Анёла з сабой, а яна заадно ратуе яшчэ двух дзяўчынак, якія былі ў палоне ў Герцага. Убачыўшы, каго трымаў у сваім бардэлі Герцаг, разьюшаныя мужчыны разбураюць палац. Сівы мужчына прыводзіць дзяўчын да сябе дадому, дзе імі апекуюцца ягоныя жонка з дачкой. Іхні ратаўнік, Джонатан Аксэль, аказваецца заможным шанаваным банкірам з пачэснай хрысьціянскай сям’і. Анёл пачынае хадзіць у царкву з Аксэлямі.
Тым часам Мірыям прызнаецца Полу ў каханьні, і яны бяруцца шлюбам. Майкл усё яшчэ спадзяецца на вяртаньне Анёла і несупынна моліцца за гэта. Бачачы ягонае гора, Мірыям упрошвае Пола выправіцца на пошукі Анёла, але той адмаўляецца, усё яшчэ адчуваючы да Анёла пагарду. Анёл у рэшце рэшт прымае Хрыста ў сваё сэрца, паверыўшы ў Божую ласку для яе. Яна пачынае працаваць з прасталыткамі, дапамагаючы ім кінуць іхні занятак і засвоіць іншыя прафэсіі. Яна засноўвае пансіён, якім ёй дапамаге займацца Сюзана Аксэль, Джонатанава дачка.
Урэшце Пол саступае Мірыяміным просьбам і выпраўляецца ў Сан-Францыска на пошукі Анёла. Ён знаходзіць яе, але, убачыўшы яе разам з Джонатанам, вырашае, што яна так і засталася прасталыткай. Абураны ўбачаным, ён вырашае прыдумаць для Мірыям адгаворкі, каб не расказваць ёй, што застаў Анёла за ейным ранейшым заняткам. Аднак наступнага дня Пол вырашае наведацца ў дом Джонатана, каб сустрэцца з Анёлам. Сьпярша ён паводзіцца халодна, фанабэрыста і саркастычна, аднак бянтэжыцца ейнай ціхмянасьцю і пачуцьцямі, якія яна выказвае да Майкла. Яго шакуе Анёліна прызнаньне пра тое, што яна зьбегла ад Майкла, каб той мог жаніцца зь Мірыям і мець дзяцей. Пол расказвае, што ён сам узяў Мірыям у жонкі, а Майкл усе тры гады працягвае спадзявацца на вяртаньне Анёла; пасьля гэтага Анёл ня мае болей аніякіх прычынаў заставацца ў Сан-Францыска.
Урэшце Анёл вырашае пакінуць пансіён на Сюзану і вяртаецца дадому. Яна застае яго зьнянацку ў полі, дзе той працуе, укленчыўшчы перад ім і плачучы, выбачаючыся за ўсё гора, што ўчыніла яму. Тут яна раскрывае яму сваё сапраўднае імя Сара. Майкл, таксама плачучы, прымае яе ў пакорным, чыстым і ўседаравальным каханьні. Ён адкрывае ёй, што ейнае імя — абяцаньне ад Госпада, што аднаго дня яны змогуць мець дзяцей (біблійная Сара была бясплоднай жанчынай, ды праз Божую ласку здолела нарадзіць сына). Яны разам пачынаюць жыць шчасьлівым жыцьцём. Эпілёг паведамляе, што Майкл з Сарай мелі чатырох дзяцей.
Напісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фрэнсын Рывэрз да навяртаньня ў хрысьціянства напісала некалькі гістарычных раманаў. Васьмігадовы хлопчык, што жыў па суседзтве, аднойчы запрасіў яе ў царкву, і ў 1986 року яна прыняла Хрыста[2]. Пасьля гэтага Рывэрз тры гады не займалася літаратурай, але, натрапіўшы на кнігу Асіі, вырашыла скласьці гісторыю[2].
Першае выданьне кнігі ў 1991 року выйшла для шырокага рынку ў выдавецтве «Bantam books»[2] і было пазбаўленае часткі хрысьціянскага зьместу: прыкладам, сцэнаў хросту і навяртаньня Анёла[2]; аднак пасьля распродажу накладу Рывэрс вярнула сабе правы на кнігу і ўнесла ў раман дапаўненьні[2]. У 1997 року кнігу перавыдала выдавецтва «Multnomah Publishers».
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2005 року Асацыяцыя Эвангельска-хрысьціянскіх выдаўцоў узнагародзіла Любоў збаўленчую прэміяй «Залатая кніга», якая ўручаецца за кнігі, якія прадаліся ў колькасьці больш за 500 000 асобнікаў. У 2009 АЭХВ ўручыла ёй і «Плацінавую кнігу» за продаж больш чым мільёну асобнікаў[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Law, Jeannie Ortega (1 траўня 2020) Bestselling novel 'Redeeming Love' to be turned to movie produced by Roma Downey (анг.) Entertainment. The Christian Post. Праверана 31 кастрычніка 2022 г.
- ^ а б в г д Darlington, C.J. Francine Rivers Interview. titletrakk.com. Праверана 5 траўня 2009 г. Архіўная копія ад 3 ліпеня 2009 г.
- ^ Gold/Platinum/Diamond Book Awards Winners. Evangelical Christian Publishers Association. Праверана 2 кастрычніка 2009 г. Архіўная копія ад 10 лютага 2010 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кніга на афіцыйнай бачыне Фрэнсын Рывэрз