Ленінградзкі кодэкс
Ленінградзкі кодэкс (Codex Leningradensis) — найстарэйшы поўны рукапіс Юдэйскае Бібліі на іўрыце, у якім выкарыстоўваецца масарэцкі тэкст і тыбэрыйская вакалізацыя. Паводле каляфону датаваны 1008 або 1009 рокам[1]. Ёсьць некалькі старэйшых кодэксаў за Ленінградзкі, прыкладам, Кодэкс Алепа, аднак ён часткова страчаны з 1947. Такім чынам, Ленінградзкі кодэкс менавіта поўны найстарэйшы рукапіс, што захаваўся да нашых дзён.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біблійны тэкст кодэксу зьмяшчае тэкст на іўрыце з тыбэрыйскімі галоснымі і знакамі кантыляцыі. На краёх аркушаў зьмешчаныя масарэцкія нататкі. Кніга напісаная на пэргамэнце і абшытая скурай.
У Ленінградзкім кодэксе выдатна захаваліся ілюстрацыі. На шаснаццаці старонках зьмешчаныя дэкаратыўныя геамэтрычныя ўзоры, якія ілюструюць тэкст.
Парадак кніг у кодэксе адпавядае тыбэрыйскай тэкстуальнай традыцыі, якая адрозьніваецца ад большасьці друкаваных юдэйскіх Бібліяў у Кетувіме. У Ленінградзкім кодэксе кнігі Кетувіму разьмешчаныя ў наступным парадку: Летапісы, Псальмы, Ёў, Выслоўі, Рут, Найвышэйшая песьня, Эклезіяст, Лямант, Эстэр, Данііл, Эзра—Нээмія.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак з каляфону, кодэкс быў сьпісаны ў Каіры[2] з рукапісаў Аарона бэн Мозэса бэн Ашэра. Унікальна, што стваральнік рукапісу напісаў і зычныя, і галосныя, і масарэцкія нататкі, што незвычайна для масарэцкіх кніг.
Кодэкс захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Расеі пад каталёжным нумарам «Фірковіч B 19 A». Ягоны былы ўладальнік, караімскі калекцыянэр Абрагам Фірковіч, не пакінуў тлумачэньняў пра тое, як ён здабыў кодэкс.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ленінградзкі кодэкс атрымаў назву паводле месца захоўваньня ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург), куды ён трапіў у 1863. Аднак паколькі кодэкс стаў дасьледавацца толькі за савецкім часам, калі места ўжо было перайменаванае ў Ленінград, дык з гэтых часоў і паходзіць ягоная назва. Часам, што праўда, сустракаюцца варыянты назвы Codex Petersburgensis, Petropolitanus або Санкт-Пецярбурскі кодэкс. Тым ня меней, гэтых назваў варта пазьбягаць дзеля адрозьненьня ад кодэксу 916 року (MS. Heb B 3), які атрымаў такую назву ў 1876 року.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Прадмова Gérard E. Weil да Biblia Hebraica Stuttgartensia, 1977.
- ^ Librarian's Lobby by Daniel D. Stuhlman // March 1998
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ленінградзкі кодэкс — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- The Unicode/XML Westminster Leningrad Codex, алічбаваная вэрсія
- The Leningrad Codex: A Facsimile Edition на Google books