Перайсьці да зьместу

Кіёцкі ўнівэрсытэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кіёцкі ўнівэрсытэт
京都大学
Выява лягатыпу
Лягатып
Заснаваны 18 чэрвеня 1897[1][2]
Тып нацыянальная ўнівэрсытэцкая карпарацыя[d]
Месцазнаходжаньне
Горад
Краіна
Знаходзіцца ў складзе Кансорцыюм IIIF[d][3], Dryad[d][4], arXiv[d][5], ORCID[d][6] і Open Education Global[d][7]
Вэб-сайт kyoto-u.ac.jp/ja (яп.)

Кіёцкі ўнівэрсытэ́т (па-японску: 京都大学) — нацыянальны дасьледчы ўнівэрсытэт, які месьціцца ў Кіёта, Японія. Заснаваны ў 1897 годзе, раней быў адным з былых імпэратарскіх унівэрсытэтаў і ёсьць другім найстарэйшым унівэрсытэтам Японіі.

Ва ўнівэрсытэце маюцца дзесяць факультэтаў бакаляўрыяту і трынаццаць навукова-дасьледчых інстытутаў. Адукацыйная і дасьледчая дзейнасьць унівэрсытэту сканцэнтраваная ў трох галоўных кампусах у Кіёта, як то Ёсіда, Удзі і Кацура. Сетка бібліятэкаў Кіёцкага ўнівэрсытэту складаецца з больш чым 40 бібліятэк, разьмешчаных у розных кампусах унівэрсытэту[8]. Яна зьмяшчае калекцыю з больш чым 7,49 мільёнамі кніг[9], што робіць яе другой паводле велічыні ўнівэрсытэцкай бібліятэкай у краіне[10]. У дадатак унівэрсытэт валодае рознымі аб’ектамі і землямі дзеля адукацыйных і дасьледчых мэтаў ва ўсёй краіне[11].

На 2024 год Кіёцкі ўнівэрсытэт налічвае двух прэм’ер-міністраў Японіі сярод сваіх выпускнікоў. Акрамя таго, тры прэм’ер-міністры Японіі наведвалі Трэцюю найвышэйшую школу, то бок унівэрсытэцкую падрыхтоўчую школу, якая далучылася да складу ўнівэрсытэту ў 1951 годзе. Сярод выпускнікоў таксама маецца шмат ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ды іншых міжнародных узнагародаў. Унівэрсытэт мае найбольшую колькасьць нобэлеўскіх ляўрэатаў сярод усіх унівэрсытэтаў Азіі.

Адзін з будынкаў Кіёцкага ўнівэрсытэту.

Карані Кіёцкага ўнівэрсытэту можна прасачыць да Школы хіміі, то бок установы, дзе вывучалася хімія і фізыка. Гэтая школа паўстала ў Осацы ў 1869 годзе. У 1894 годзе гэтую ўстанову замяніла Трэцяя вышэйшая школа, якая стала спэцыялізаваным мужчынскім інтэрнатам. У той час у краіне быў толькі адзіны ўнівэрсытэт, вядомы як Імпэратарскі ўнівэрсытэт (сёньняшні Такійскі ўнівэрсытэт), і заклік да стварэньня другога ўнівэрсытэту краіны ў гэтым рэгіёне набіраў моц. Аднак зь фінансавых чыньнікаў урад не жадаў гэтага рабіць[12].

Сытуацыя зьмянілася, калі палітык і арыстакрат Саёндзі Кінмоці, які паходзіў зь вядомай сям’і Кіёта, прапанаваў заснаваць другі ўнівэрсытэт краіны з выкарыстаньнем ваенных рэпарацыяў зь Першай япона-кітайскай вайны[12]. Нарэшце прапанова зьдзейсьнілася ў 1896 годзе, і Кіёцкі імпэратарскі ўнівэрсытэт быў створаны 18 чэрвеня 1897 году як другі ўнівэрсытэт Японіі. Новая арганізацыя пачала выкарыстоўваць будынкі Трэцяй вышэйшай школы, якая ў сваю чаргу пераехала ў будынкі праз вуліцу, дзе сёньня месьціцца паўднёвая частка кампуса Ёсіда. З улікам зьяўленьня яшчэ аднага ўнівэрсытэту Імпэратарскі ўнівэрсытэт у Токіё быў пераназваны ў Такійскі імпэратарскі ўнівэрсытэт.

Выкладніцкая праца пачалася з навукова-інжынэрнага каледжа ў год заснаваньня ўнівэрсытэту, пасьля чаго ў 1898 годзе быў заснаваны юрыдычны каледж. У першае дзесяцігодзьдзе працы ўнівэрсытэту былі створаныя іншыя факультэты і каледжы. Аднак нізкія паказьнікі выпускнікоў на экзамэнах на дзяржаўную службу прывялі да таго, што галоўны прафэсар камэрцыйнага права Ясіхіта Таканэ ўкараніў новы асобны стыль выкладаньня, які ён назваў "нямецкім спосабам захаваньня свабоды дасьледаваньняў, выкладаньня і навучаньня". Лічыцца, што менавіта ён ёсьць стваральнікам сучаснага дэвізу ўстановы «свабода акадэмічнай культуры»[13].

За час акупацыі краіны пасьля паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне была зладжаная радыкальная рэформа сыстэмы адукацыі дзяржавы. Поруч зь іншымі імпэратарскімі ўнівэрсытэтамі краіны кіёцкая ўстанова таксама выключыла з сваёй назвы слова «імпэратарскі» і пачала называцца Кіёцкім унівэрсытэтам у кастрычніку 1947 году. У траўні 1949 году ў выніку рэформы, ачоленай ЗША, былыя імпэратарскія ўнівэрсытэты аб’ядналіся з вышэйшымі школамі і сталі ўнівэрсытэтамі з чатырма гадамі навучаньня. Кіёцкі ўнівэрсытэт аб’яднаўся з Трэцяй вышэйшай школай, якая суіснавала з унівэрсытэтам з моманту ягонага заснаваньня як школа-інтэрнат для хлопчыкаў, то бок была падрыхтоўчай установай унівэрсытэту. Інтэграваная вышэйшая школа стала каледжам вольных мастацтваў унівэрсытэту ў верасьні 1949 году і пачала адказваць за наданьне агульных ведаў усім студэнтам першага курса, выкладаючы матэматыку і замежныя мовы[14][15]. У 1992 годзе каледж быў заменены факультэтам інтэграваных гуманітарных дасьледаваньняў[16].

З 2004 году, згодна з новым законам, Кіёцкі ўнівэрсытэт быў далучаны да сыстэмы нацыянальных унівэрсытэтаў краіны. Не зважаючы на ​​гэты статус, які павялічыў фінансавую незалежнасьць і аўтаномію ўстановы, унівэрсытэт па-ранейшаму часткова кантралюецца міністэрствам адукацыі краіны. Дэпартамэнт геафізыкі ўнівэрсытэту ды ягоны дасьледчы інстытут па папярэджаньні стыхійных бедзтваў мае прадстаўніцтва ў нацыянальным камітэце па прагназаваньні землятрусаў[17].

Кіёцкі ўнівэрсытэт мае тры галоўныя кампусы: Ёсіда, Удзі і Кацура, кожны зь якіх грае асобную ролю ў акадэмічнай і дасьледчай дзейнасьці ўнівэрсытэту.

Унівэрсытэцкі кампус Ёсіда.

Кампус Ёсіда месьціцца ў раёне Сакё места Кіёта. Ён зважаецца найстарэйшым сярод кампусаў, і менавіта тут знаходзіцца цэнтральны апарат установы. Кампус характарызуецца спалучэньнем архітэктурных стыляў, ад гістарычных цагляных будынкаў, як то Заля стагодзьдзя вежы з гадзіньнікам, да сучасных навукова-дасьледчых установаў. Гэты кампус быў часткай унівэрсытэту ад самага пачатку, а сёньня ён падзелены на сем частак, улучаючы Паўночны і Ёсіда-Паўднёвы кампус, які раней займала Трэцяя вышэйшая школа[18][19].

Кампус Удзі разьмешчаны ў аднайменным раёне гораду; раней тут былі ўстановы японскай імпэратарскай арміі. Унівэрсытэт набыў гэты комплекс адразу па рэарганізацыі ў 1949 годзе. Сёньня ў ім месьціцца некалькі навукова-дасьледчых інстытутаў і цэнтраў, якія займаюцца натуральнымі навукамі і энэргетыкай. Нароўні зь вялікімі лябараторыямі кампус Удзі славіцца сваёй квяцістасьцю і ціхамірным асяродзьдзем[18].

Кампус Кацура знаходзіцца ў раёне Нісікё і вядомы як Тэхнічна-навуковы схіл праз пэрспэктыўны падыход да дасьледаваньняў і адукацыі ў галіне тэхнікі і інфарматыкі. Гэты кампус паўстаў у кастрычніку 2003 году, і сёньня ён імкнецца стаць піянэрам у новых сфэрах ведаў XXI стагодзьдзя. Гэты кампус падзелены на чатыры сэкцыі, кожная зь якіх прысьвечаная розным аспэктам тэхналягічных і навуковых дасьледаваньняў[18].

Будынак Інжынэрна-тэхнічнага факультэту ў кампусе Ёсіда.

Кіёцкі ўнівэрсытэт складаецца з 10 факультэтаў бакаляўрыяту і 19 аддзяленьняў асьпірантуры. Пасаду прэзыдэнта ўнівэрсытэту займае Нагахіра Міната, які заняў сваю пасаду ў кастрычніку 2020 году і, як чакаецца, будзе працаваць да верасьня 2026 году[20]. На 1 траўня 2023 году колькасьць студэнтаў агулам перавышала 20 тысяч чалавек, пры гэтым 13 тысяч былі магістрантамі і 9577 чалавек былі асьпірантамі. За выключеньнем дасьледнікаў, колькасьць замежных студэнтаў складае 2249 чалавек[21].

  • Аграномны факультэт
  • Інжынэрна-тэхнічны факультэт
  • Літаратурны факультэт
  • Мэдычны факультэт
  • Прыродазнаўчы факультэт
  • Пэдагагічны факультэт
  • Факультэт інтэгральнага чалавеказнаўства
  • Фармацэўтычны факультэт
  • Эканамічны факультэт
  • Юрыдычны факультэт

Міжнародныя праграмы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіёцкі ўнівэрсытэт прапануе шэраг міжнародных праграмаў, накіраваных як на студэнтаў, гэтак і замежнікаў, якія жадаюць навучацца ва ўстанове, як на бакаляўрыяце, гэтак і ў асьпірантуры.

Праграмы бакаляўрыяту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унівэрсытэт прапануе атрыманьне замежным студэнтам ступені бакаляўра ва ўсіх 10 факультэтах, пры гэтым многія агульнаадукацыйныя праграмы дасяжныя на ангельскай мове, каб задаволіць патрэбы замежных студэнтаў. Спэцыфічныя прадметы катэдры выкладаюцца пераважна па-японску, за выключэньнем міжнароднага курса цывільнага будаўніцтва, які цалкам выкладаецца ангельскай мовай[22].

Яшчэ адна ініцыятыва — адукацыйная праграма бакаляўрыяту для замежнікаў, якая прапануе комплексную 4,5-гадовую праграму, якая складаецца з шасьцімесячнага падрыхтоўчага курса, дзе пераважна студэнт мае інтэнсіўныя заняткі па вывучэньні японскай мовы. Пасьля чаго распачынаецца асноўная частка праграмы з чатырохгадовым навучаньнем на бакаляўра. Гэтая праграма прызначаная дзеля студэнтаў, якія раней не валодалі японскай мовай, і прапануе розныя варыянты фінансавай падтрымкі, улучна з адмовай ад аплаты за паступленьне/навучаньне і штомесячныя стыпэндыі. Чакаецца, што студэнты набудуць дастатковы ўзровень валоданьня японскай мовай, каб наведваць спэцыялізаваныя лекцыі цягам першых двух з паловай гадоў праграмы, а потым заглыбяцца ў вывучэньне навук цягам апошніх двух гадоў. Адсотак залічэньня абітурыентаў склаў 5,9 % падчас уступнай кампаніі ў 2024 годзе[23][24].

Праграмы асьпірантуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіёцкі ўнівэрсытэт мае 18 аддзяленьняў асьпірантуры, якія прапануюць магістарскія, доктарскія і прафэсійныя праграмы навучаньня, усе зь якіх дасяжныя для замежных студэнтаў. Такіх студэнтаў ва ўстанове даволі шмат. Унівэрсытэт стварае спрыяльнае навучальнае асяродзьдзе з праграмамі па-ангельску і па-японску, а таксама стыпэндыямі, адаптаванымі да патрэбаў замежных студэнтаў[25].

  1. ^ https://www.kyoto-u.ac.jp/en/about/history
  2. ^ https://www.kyoto-u.ac.jp/ja/archive/prev/news_data/h/h1/news4/2010/100618_2
  3. ^ http://iiif.io/community/consortium/#the-iiif-consortium
  4. ^ https://datadryad.org/stash/our_community
  5. ^ Our Members / Tier 1
  6. ^ https://web.archive.org/web/20231020113811/https://orcid.org/members
  7. ^ https://web.archive.org/web/20230322221352/https://www.oeglobal.org/about-us/members-list/
  8. ^ «Kyoto University Library Network».
  9. ^ «蔵書数等». Kyoto University.
  10. ^ «図録▽大学図書館蔵書数ランキング». Honkawa Data Tribune.
  11. ^ «大学の施設». Kyoto University.
  12. ^ а б «大学が成立した背景 | 京都大学 白眉センター|白眉プロジェクト». Hakubi.
  13. ^ «平成9年度 入学式式辞 | 歴代総長の式辞で振り返る | 京都大学のあゆみ»(недаступная спасылка). 京都大学 創立125周年記念事業特設サイト.
  14. ^ «History». Kyoto University.
  15. ^ «Third Higher School». Kyoto University Fund.
  16. ^ «沿革 | 京都大学 大学院人間・環境学研究科 総合人間学部».
  17. ^ «Organizations with ties to CCEP». CCEP.
  18. ^ а б в «Campuses». Kyoto University.
  19. ^ «Campuses | Academics». Kyoto iUP.
  20. ^ «Message from the President». Kyoto University.
  21. ^ «学生数». Kyoto University.
  22. ^ «Undergraduate International Course Program of Civil Engineering». Kyoto University.
  23. ^ «Kyoto University International Undergraduate Program». Kyoto iUP.
  24. ^ «Undergraduate degree programs». Kyoto University.
  25. ^ «Graduate degree programs». Kyoto University.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]