Кітападобныя
Кітападобныя | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Падтып | Хрыбетныя |
Кляса | Сысуны |
Інфракляса | Пляцэнтарныя |
Атрад | Кітападобныя |
парваатрады і сямейства | |
| |
Бінамінальная намэнклятура | |
Cetacea Brisson, 1762 | |
Кітападобныя (па-лацінску: Cetacea) — атрад сысуноў, якія поўнасьцю прызвычаіліся да жыцьця ў вадзе. Кітападобныя разам з парнакапытнымі зрэдку адносяць да пазасыстэмнай групы кітапарнакапытных. Нярэдка кітамі называюць усіх кітападобных, акрамя дэльфінаў і марскіх сьвіней. Кітапабодныя зьяўляюцца самымі буйнымі жывёламі ў сьвеце. Навуковая назва cētus і беларускае слова кіт вытвараецца ад грэцкага κῆτος — марская пачвара.
Кітападобныя маюць абцякальную форму цела, гладкую скуру, амаль бяз поўсьці. Тоўсты слой тлушчу абараняе ад перахаладжэньня. Верхнія канцавіны пераўтвораны ў ласты, ніжнія — адмерлыя. Хвост сканчваецца вялікім гарызантальным плаўніком.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кіты, як мяркуецца, паходзяць ад парнакапытных наземных сысуноў, якія каля 50 млн гадоў таму перайшлі да паўводнага ладу жыцьця.
Існуюць розныя тэорыі наконт паходжаньня кітоў. Меркавалася, што кіты, дэльфіны й марскія сьвіньні паходзяць ад групы наземных сысуноў мэзаніхіі. Гэтыя істоты былі падобныя на ваўкоў, але мелі капыты падобна каровам і аленям. Яны жылі прыблізна 60 мільёнаў гадоў таму вакол старажытнага мора Тэтыс, там, дзе цяпер знаходзіцца Міжземнае мора й частка Азіяцкага субкантынэнта. Мэзаніхіі, верагодна, палявалі на рыбу й іншых водных жывёлаў у прыбярэжных балотах і эстуарыях. Паколькі яны праводзілі ўсё больш часу ў вадзе, іх цела пачало зьмяняцца. Яны сталі больш абцякальнымі, і ў іх разьвіліся магутныя, згладжаныя хвасты. Іхнія пярэднія канцавіны паступова ператвараліся ў плаўнікі, а заднія дэградавалі. Зьявіўся тоўсты пласт падскурнага тлушчу, а валасяны полаг пачаў зьнікаць. Для палягчэньня дыханьня з паверхні вады ноздры ў іх перамясьціліся наверх галавы й паступова ператварыліся ў дыхала.
Новыя малекулярна-генэтычныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што кітападобныя ёсьць блізкія сваякі парнакапытных, у прыватнасьці, гіпапатамаў[1]. На аснове гэтых дадзеных прапануецца нават уключыць кітападобных у склад атраду парнакапытных, а таксама прапануецца назва Cetartiodactyla для монафілятэлічнага таксона, які будзе ўключаць дзьве гэтыя групы.
Нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што сувязным зьвяном быў род індахуісаў, які жыў на тэрыторыі сучаснага Пакістану й зьнешне нагадваў сучасных аленьковых. На працягу эацэну продкі кітоў паступова прыстасоўваліся да жыцьця ў моры, запаўняючы экалягічную нішу, якая вызвалілася пасьля выміраньня мазазаўраў і плезыёзаўраў. З часам яны страцілі ўсякую сувязь з сушай і набылі новыя адаптацыйныя прыкметы, згубіўшы рысы, характэрныя для наземных сысуноў.
Агульная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да атраду належаць сысуны, якія прыстасаваліся да пастаяннага жыцьця ў вадзе. Вонкава кітападобныя нагадваюць рыбаў, але адрозьніваюцца ад апошніх наяўнасьцю цеплакроўнасьці, лёгачнага дыханьня, наяўнасьцю рэшткаў валасянога покрыва, ўнутрыўлонавага развіцьця плоду й малочным гадаваньнем дзіцянятаў, і іншымі прыкметамі, якія аб’ядноўваюць іх з астатнімі сысунамі.
Памеры ў кітападобных найбольшыя сярод сысуноў: сярэдняя даўжыня цела сіняга кіта — 25 м, вага — 90-120 т. Самыя маленькія кітападобныя — чылійскі дэльфін і дэльфін Гектара, якія адносяцца да роду пярэстых дэльфінаў (Cephalorhynchys): даўжыня цела ў іх не перавышае 120 см, маса складае 45 кг.
Найменшы супраціў вады пры плаваньні ў кітападобных забясьпечваецца абцякальнай формай цела, як то тарпэдападобнай альбо кропляпадобнай. Гэтаму ж спрыяла зьнікненьне валасянога покрыва й вушных ракавінаў. Скура кітападобных адрозьніваецца вялікай пругкасьцю, эластычнасьцю й ненамочанасьцю, што памяншае трэньне пры хуткім плаваньні. Галава звычайна масіўная; заканчваецца тупа, завастрыючыся або выцягваючыся ў «дзюбу» (рострум). Галава амаль бяз бачнага шыйнага перахопу пераходзіць у тулава, якое паступова звужаецца у хваставое сьцябло. Пярэднія канцавіны ператварыліся ў плоскія й цьвёрдыя грудныя плаўнікі (ласты), якія служаць у асноўным «рулямі глыбіні», а таксама забясьпечваюць павароты й тармажэньне. Ручыца ластаў вонкава не раздзелена. Свабодныя заднія канцавіны атрафаваліся, хоць у некаторых відаў выяўляюцца рудымэнты тазавых костак. Хваставая частка цела лятэральна ўплашчына; яна вельмі гнуткая й мускулістая, служыць асноўным лякаматорным органам. На ейным канцы маюцца парныя, гарызантальныя хваставыя лопасьці. Акрамя таго, у большасьці відаў на сьпіне знаходзіцца няпарны сьпінны плаўнік, які служыць своеасаблівым стабілізатарам пры плаваньні. Хваставыя й сьпінны плаўнікі ставяцца да скурных утварэньняў і пазбаўлены шкілета; ўнутры іх знаходзіцца храстковая тканіна. Грудныя, сьпінны й асабліва хваставы плаўнікі валодаюць зьменнай пругкасьцю, якая забясьпечваецца адмысловымі крывяноснымі судзінамі. Пругкасьць плаўнікоў залежыць ад хуткасьці плаваньня. Акрамя лякаматорнай функцыі плаўнікі выконваюць тэрмарэгулюючую функцыю: празь іх у першую чаргу сыходзіць лішак цяпла.
Скурныя залозы ў кітападобных адсутнічаюць; выключэнне складаюць дзьве малочныя залозы, якія разьмешчаны ў задняй палове цела. Смочкі зьмяшчаюцца ў падоўжаных скурных кішэнях па баках плоцевай шчыліны й вонкі выступаюць толькі ў кормячых самак. Пад скурай знаходзіцца пласт тлушчавай тканіны (ворвані) таўшчынёй ад 2,5 да 30 см. Падскурны тлушч абараняе цела ад пераахалоджваньня, дапамагае ўтрымліваць у арганізьме ваду, якая інакш дыфундыравала бы ў навакольнае асяродзьдзе, а таксама зьяўляецца энэргетычным запасам на час галадовак. Тэмпэратура цела за кошт добрай ізаляцыі тлушчавай праслойкай вагаецца ў межах ад 35 да 40 °C.
Воласяное покрыва адсутнічае. У вусатых кітоў на пысе растуць асобныя шчацінападобныя валасінкі, які нагадваюць вібрысы наземных сысуноў; яны служаць органам дотыку. У зубатых кітоў вібрысамі ў дарослым стане валодаюць толькі гангаўскі дэльфін і амазонская інія, якія жывуць у каламутнай рачной вадзе; ў большасьці іншых зубатых кітоў вібрысы маюць толькі эмбрыёны. Афарбоўка кітападобных бывае аднатоннай, проціценевай (цёмнай зьверху й сьветлай зьнізу) або плямістай. У некаторых відаў яна схільная узроставай зьменлівасьці.