Кубік Рубіка
Ку́бік Ру́біка (размоўны варыянт Кубік-Рубік; першая назва — «Магічны кубік», па-вугорску bűvös kocka) — мэханічная галаваломка, вынайдзеная ў 1974 (запатэнтаваная ў 1975) вугорскім скульптарам і выкладчыкам архітэктуры Эрнё Рубікам. Галаваломка ўяўляе сабой плястыкавы куб (форм-фактар у першапачатковым варыянце 3x3x3), які складаецца з 26 кубікаў меншага памеру, якія здольныя круціцца вакол нябачных звонку восяў. Задача гульнёўцы заключаецца ў тым, каб, круцячы бакі кубу, вярнуць яго ў такі стан, калі кожная грань складаецца з квадратаў аднаго колеру («скласьці кубік Рубіка»).
Біяграфія Рубіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя кубіка Рубіка пачалася 13 ліпеня 1944 ў Будапэшце. У гэты дзень нарадзіўся Эрнё Рубік. Ягоны бацька быў авіяінжынэрам на заводзе ў Эстэргоме, маці — паэтка. У 1967 годзе Эрнё скончыў тэхнічны ўніверсытэт у Будапешце па спэцыяльнасьці інжынэр-будаўнік, працягнуў навучаньне ў асьпірантуры на скульптара і дызайнэра. У 1971—1975 гадах працаваў архітэктарам, затым зноў вярнуўся ў акадэмію і атрымаў званьне прафэсара.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лічыцца, што кубік Рубіка — лідэр сярод цацак па агульнай колькасьці продажаў: па ўсім сьвеце было прададзена амаль 350 млн кубікаў Рубіка, як арыгінальных, так і розных аналягаў.
Сёньня права на кубік Рубіка і іншыя галаваломкі Эрнё Рубіка належыць ангельскай кампані Seven Towns Ltd., якой ужо 40 гадоў валодае блізкі сябра Эрнё Рубіка — Том Крэмэр[1][2]. У апошні час назіраецца рост продажаў галаваломкі — у Эўропе й ЗША пачынаецца новая хваля захапленьня кубікам Рубікам[3].
Вынаходніцтва кубіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас заняткаў Эрно ніяк ня мог растлумачыць студэнтам матэматычную тэорыю груп. Тэорыя не захапляла студэнтаў. Займаючыся групамі, Рубік аднойчы зрабіў 27 драўляных кубікаў, размаляваў кожны ў шэсьць колераў. Нечакана апынулася даволі цяжка скласьці зь іх адзін куб, каб кожная грань была афарбаваная ў свой колер. Сам Рубік біўся над задачай цэлы месяц.
Але самым складаным апынулася прыдумаць мэханізм, каб прымусіць асобныя рознакаляровыя кубікі вольна круціцца на сваіх месцах, не парушаючы канструктыўнага адзінства ўсёй прылады. Перш чым заняцца будаўніцтвам вялікага куба 3х3х3, Рубік апрабаваў мадэлі 2х2х2, элемэнты якіх былі змацаваныя пругкімі гумовымі сьцяжкамі. Зрэшты, дасьледаваліся магчымасьці ўжываньня магнітаў, складаных выступаў і паглыбленьняў, але неабходнай сілы перасоўваньня кожнага элемэнта дасягнуць не атрымоўвалася. Досьвед паказаў, што падобныя варыянты непрацаздольныя.
Натхненьне прыйшло ў летні дзень, калі ў роспачы Рубік сядзеў на беразе Дуная і ўзіраўся ў прахалодныя бруі. Погляд прыцягнула звычайная рачная галька. Яе вострыя грані з часам змываюцца плыньню, пакуль яны не здабудуць простую і дасканалую форму. І Рубік вырашыў як сьлед абтачыць свае кубікі. Ён вырашыў адкінуць усё лішняе. Як лёгка падлічыць, 26 маленькіх кубікаў маюць у агульнай складанасьці 156 граняў. Зь іх Рубік адважна адсёк больш ста і пакінуў усяго 54 вонкавыя грані: аднакаляровыя ў шасьці цэнтральных кубікаў, двухколерныя ў дванаццаці бакавых, і трохколерныя ў васьмі кутніх.
На вакантнае месца адзінага «ўнутранага» кубіка быў зьмешчаны цыліндрычны замацавальны мэханізм, які быў трывала зьвязаны з ўсімі вонкавымі кубікамі, але дазваляў ім вольна круціцца адзін адносна аднаго.
Пры гэтым злучны мэханізм непасрэдна злучаны толькі з цэнтральнымі кубікамі, а кутнія і бакавыя трымаюцца за іх і адзін за аднога пры дапамозе выступаў сапраўды разьлічанай формы. Геамэтрыя куба такая, што яго элемэнты можна круціць толькі папластова, гранямі, дзевяць штук адразу, затое адносна любой з восяў каардынат. Натуральна, распрацоўка дасканалай сыстэмы мацаваньня запатрабавала вызначанага часу, але гэта было ўжо справай тэхнікі.
Пабочным вынікам знойдзенай залатой сярэдзіны паміж шчыльнасьцю змацаваньня і сілай перасоўваньня зьявілася тое невымоўнае храбусьценьне, пад якое адбываюцца ўсе маніпуляцыі з кубікам Рубіка.
Перш чым спыніцца на звыклых шасьці колерах, Рубік апрабаваў «размалёўку» пры дапамозе лікаў і малюнкаў, але гэтыя варыянты аўтар прызнаў няўдалымі. Калі жа са ўсёй канструктарскай працай было нарэшце скончана (у 1974 годзе), імгненна стала відавочнай унікальная асаблівасьць цікавага прадмету.
Рашэньне задачы кубіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спачатку, пры налепцы на грані куба рознакаляровых налепак, яны рабіліся аднатоннымі. Але варта было толькі трохі пакруціць новы куб, і дамагчыся першапачатковай аднастайнасьці станавілася вельмі складана.
Для пасьпяховай зборкі патрабавалася сыстэматызаваць варочаньне. Рубік вырашыў задачу за месяц. Як высьвятлілася пазьней, пры хаатычным перасоўваньні граняў яму не хапіла бы і ўсяго жыцьця: магчымыя 43 квінтыльёны розных расфарбовак граняў і адзіная — правільная. Калі нават круціць кубік на нерэальнай хуткасьці 1000 пазыцыяў на сэкунду, то каб пераспрабаваць усе варыянты, запатрабуецца каля 1,3 мільярда гадоў!
У якасьці першых зборшчыкаў галаваломкі выступалі сябры Рубіка і студэнты Акадэміі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ernő Rubik, create2009.europa.eu
- ^ «Birth of the legend» інтэрвію з Томам Крэмэрам, rubiks.com
- ^ MEMBRANA | Рубік і ягоны кубік