Крк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Крк
Croatia Krk BW 2014-10-12 12-09-54.jpg
Месца Адрыятычнае мора
Плошча 405,78 км²
Краіна Харватыя
Насельніцтва (2011) 19 286
Каардынаты 45°04′44″ пн. ш. 14°36′03″ у. д. / 45.07889° пн. ш. 14.60083° у. д. / 45.07889; 14.60083Каардынаты: 45°04′44″ пн. ш. 14°36′03″ у. д. / 45.07889° пн. ш. 14.60083° у. д. / 45.07889; 14.60083
Крк на мапе Харватыі
Крк
Крк
Крк

Крк (па-харвацку: Krk) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча — 405,78 км². Насельніцтва — 19 286 чалавек (па стане на 2011 год). Адміністрацыйны цэнтар — Крк.

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крк — адзін з найбуйнейшых астравоў Харватыі і ўсяго Адрыятычнага мора. Аддзелены ад мацерыка вузкім пралівам (каля 1430 м), празь які ў 1980 годзе быў пабудаваны мост. Сфармаваны пераважна вапнякамі. Паўночныя берагі скалістыя. Паўднёвыя — спадзістыя, са шматлікімі пляжамі. Найвышэйшы пункт — 568 м. На цэнтральных і паўднёвых узгор’ях захаваліся рэшткі шыракалістых і хваёвых лясоў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крк быў населены ў эпоху нэаліту. Знойдзены таксама рэшткі паселішчаў бронзавага веку, жалезнага веку і рымскіх часоў. Відавочна, у пэрыяд знаходжаньня ў складзе Рымскай імпэрыі быў населены выхадцамі з сучаснай Італіі, бо кіраваўся італійскімі законамі. У 49 г. да н.э. недалёка ад Крку адбылася марская бітва паміж Цэзарам і Пампэям.

У раньняе Сярэднявечча ўваходзіў у склад Бізантыі, што было пацьверджана дагаворам 812 году паміж бізантыйскім і франскім імпэратарамі. У гэты час на востраў перасяляліся славяне, якіх адціскалі авары. Відавочна, насельніцтва ў гэты час было зьмешаным, бо крыніцы сьведчаць, што жыхары Крку размаўлялі на «стракатай мове». Акрамя харвацкай мовы, тут доўгі час карысталіся веглійскім дыялектам далмацкай мовы.

У XI стагодзьдзі захоплены вэнэцыянцамі. Яны перадалі ўладу над Кркам мясцовай сям’і Дуджамаў, прадстаўнікі якой атрымалі тытул графаў Крку. Дуджамы выплочвалі Вэнэцыі падаткі, аднак захоўвалі ўнутраную аўтаномію і вялі актыўную зьнешнюю палітыку. У XIII стагодзьдзі яны захапілі таксама частку мацерыковага адрыятычнага ўзьбярэжжа і фармальна падпарадкаваліся Вугоршчыне. У 1430 годзе за іх сям’ёй замацавалася прозьвішча Франкапанаў. Сьцьвярджалася, што яны маюць старажытнае рымскае паходжаньне. Адгалінаваньні Франкапанаў заставаліся дамінуючымі магнатамі Харватыі да сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

XIV — XVI стагодзьдзі адзначаныя культурным росквітам Крку. Дзякуючы дзейнасьці графаў, востраў наведвалі многія інтэлектуальныя дзеячы Харватыі. Тут доўгі час карысталіся глаголіцай.

У 1480 годзе Крк зноў адышоў да Вэнэцыі. У 1797 годзе далучаны да Аўстрыйскай імпэрыі. У 1918—1920 гадох акупаваны Італіяй. У 1920 г. стаў часткай Югаславіі. У гады II Сусьветнай вайны зноў акупаваны Італіяй, а ў 1943—1945 гг. — нацысцкай Нямеччынай. Пасьля вайны вярнуўся ў склад Югаславіі. З 1991 году ў складзе незалежнай Харватыі.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Год 1525 1527 1539 1603 1636 1727 1770 1853 1880 1890 1921 1931 1948 1953 1961 1971 2011
Колькасьць 10.000 10.461 8.000 6.637 5.000 8.000 9.571 15.570 18.089 22.230 20.842 20.043 17.689 16.820 14.548 13.110 19.286

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асновай эканомікі зьяўляюцца сельская гаспадарка, вытворчасьць белага віна і абслугоўваньне турыстаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Крксховішча мультымэдыйных матэрыялаў