Крамбамбуля (напой)
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Крамбамбу́ля — настойка, якую настойвалі на мёдзе і спэцыях: звычайна мускаце, цынамоне (карыцы), гваздзіцах і чорным перцы, старажытны беларускі шляхецкі напой.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Але доўгая і заблытаная гісторыя напою пачынаецца не ў Беларусі, а Данцыгу яшчэ ў канцы 16 ст, калі галяндзкі мэнаніт Амброзій Вермёлен (Ambrosien Vermoellen), уцякаючы ад перасьледаваньняў на радзіме, пасяліўся ў Данцыгу, дзе заснаваў гарэльню, якая вырабляла некалькі відаў моцных напояў паводле арыгінальных рэцэптаў.
Першы зборнік гэтых рэцэптаў, які дайшоў да нашага часу, паходзіць з 1606 г. Праз стагодзьдзе пасьля заснаваньня, у 1704 г., гарэльня перабралася на самую прэстыжную вуліцу Данцыга Breitgasse (Шырокую), ў дом з ласосем на шыльдзе, і атрымала назву «Der Lachs» («Ласось»). Тут прадпрыемства праіснавала, пераходзячы ўвесь час да наступных пакаленьняў той самай сям’і, да 1922 г., калі эканамічны крызіс пасьля 1-й Сусьветнай вайны і цяжкасьць камунікацыі з асноўнымі рынкамі збыту прымусілі перавесьці яго ў Бэрлін. Само прадпрыемства існуе і дагэтуль (пад назвай Hardenberg-Wilthen AG). Дом «Пад Ласосем» быў разбураны ў ІІ Сусьветную вайну, але пасьля адноўлены, і цяпер тут — рэстарацыя «Пад Ласосем» (ul. Szeroka Nr. 52-54).
Два найбольш славутыя прадукты гданьскай «ласасёвай» гарэльні яшчэ ў 17 ст. атрымалі вядомасьць як у Рэчы Паспалітай, да якой Данцыг належаў палітычна, так і ў Нямеччыне, часткай якой ён быў у культурным аспэкце. Адной зь іх была гданьская гарэлка, або «залатая вада» (wódka gdańska, Goldwasser), традыцыйная настойка на зёлках і карэньнях. Асаблівую прывабнасьць ёй надавалі некалькі лісткоў тонкай залатой фольгі, якія плавалі ў кожнай пляшцы. Гданьскай гарэлцы прыпісваліся лекавыя і ледзь не цудатворныя ўласьцівасьці. У паэме «Пан Тадэвуш» яе згадвае Адам Міцкевіч.
Суддзя шкатулку ў гонар той аблавы
Дастаў, адкрыў, і пляшак бліснулі галовы.
Ён выняў самы большы буталь адмысловы
(Багаты падарунак ад ксяндза Рабака).
Гарэлка з Гданьска, дарагая для паляка.
«Няхай жыве!— сказаў Судзьдзя з паднятай чашай,—
Наш горад Гданьск, зноў быць яму ва ўладзе нашай!»
І па чарзе ўсім наліваў лікёр срабрысты.
Пакуль дно залатым не заблішчала лістам.
Менш вядомым, хаця таксама культавым, прадуктам гарэльні «Ласось» быў ядлаўцовы лікёр Krambambuli (або Crambambuli, але ў кожным разе націск на апошнім складзе; у польскай мове націск заканамэрна пераносіцца на перадапошні склад).
Гэтае вонкава-лацінскае, або «макаранічнае» слова паходзіць ад словаў Krandewitt (дыял., саст. «ядловец») і Blamp (жарг. «алькагольны напой», «пойла»). Пачаткова крамбамбуля была ядлаўцовай гарэлкай — джынам. Але паступова мода на крамбамбулю парадзіла мноства імітацыяў, якія ў Нямеччыне так ці інакш круціліся вакол інтэнсіўнага чырвонага колеру арыгінальнага прадукту. (Праўда, яго крыніцай часьцей былі ня ягады ядлоўцу, а вішні). У Беларусі ж ня дбалі і пра колер, і крамбамбуля зрабілася пераважна жоўтай. Так арыгінальны джын, далёка ад Гданьску, саступіў месца саматужным кактэйлям ды пуншам. І для сучаснай масавай сьвядомасьці ў германамоўных краінах і далей на Захадзе «крамбамбулі» — гэта рачэй не фабрычны напой, а самаробны пунш або глінтвейн.
Аднак сапраўдную папулярнасьць Krambambuli набыў ня ў Рэчы Паспалітай, дзе ў яго былі моцныя спаборнікі — мёд ды крупнік, а ў Нямеччыне. У нямецкім студэнцкім жаргоне XVII—XIX стагодзьдзяў слова Krambambuli ўжывалася спачатку ў значэньні «алькагольны кактэйль», «глінтвейн», а пазьней як сынонім любога алькаголю, прыкладна як «бырла» ці «выпівон». Недзе на пачатку 18 ст. паўстала студэнцка-піяцкая песьня Krambambuli, якая праслаўляла «адвечныя каштоўнасці» бесклапотнага студэнцкага жыцьця і ў некаторых варыянтах налічвала больш за 100 куплетаў, кожны зь якіх канчаецца клічам Krambimbambambuli, Krambambuli! «Кананічны» варыянт песьні быў напісаны ў 1745 г. паэтам Крыштафам Вэдэкіндам, пад псэўданімам Crescentius Coromandel (тэкст песьні на расейскай мове, mp3-файл).
Песьня неўзабаве да такой ступені зраслася ў масавай сьвядомасьці з самім напоем, што яны ўспрымаліся як адзінае цэлае. Польская дасьледчыца традыцыяў кулінарыі Ганна Шымандэрская ў кнізе Na Polskim stole, выдадзенай у 2005 г., нават піша, што назва напою паходзіць ад папулярнай студэнцкай песьні — нават прафэсіяналам не заўжды хапае цярпеньня дакапацца да сапраўдных каранёў.
Апроч таго, ёсьць яшчэ й песьня Der Krambambulist. Так склалася, што музыка спадарожнічае Крамбамбулі ўсю яе гісторыю. У германамоўных краінах ёсьць прынамсі 2 гурты, якія называюцца «Крамбамбулі»: Нямецкі «Krambambuli» грае настальгічныя танга ды сьвінг. Швайцарскі «Krambambuli» аддае перавагу Моцарту ды Шуману.
Чарговае пераасэнсаваньне слова масавай сьвядомасьцю зьвязанае з апавяданьнем аўстрыйскай пісьменьніцы Марыі фон Эбнэр-Эшэнбах (Marie von Ebner-Eschenbach, 1883). Яе галоўны герой — сабака, якога завуць Krambambuli. Станоўчаму пэрсанажу, егеру Хопу таямнічы абадранец Руды дорыць яго ў кнайпе за выпіўку, і празь нейкі час яны сутыкаюцца ізноў, па розныя бакі Закона: Руды выяўляецца правадыром рабаўнікоў акругі, забойцам лясьнічага, а сабаку давядзецца рабіць пакутлівы выбар паміж старым і новым гаспадарамі. Апавяданьне доўгі час было папулярным у германамоўных краінах, і тройчы экранізавалася: у 1940 рэжысэрам Карлам Кёстлінам, у 1955 пад назвай «Радзіма» (Heimatland) рэжысэрам Францам Антэлем (у абодвух фільмах ролю егера Хопа граў Рудольф Прак). Апошняя экранізацыя адбылася зусім нядаўна, ў 1998 г. (рэж. Ксаўер Шварцэнбэргер).
Найноўшая беларуская гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найноўшую беларускую гісторыю крамбамбулі, якая пачынаецца ўжо ў ХХІ ст., добра апісаў Віктар Корбут у «спажывецкім» нумары «Спадчыны» (№2-3 за 2003 г.). «Легендарны напой часоў ВКЛ» быў вернуты ў абыходак дзякуючы зьбегу акалічнасьцяў і непаразуменьняў, што, аднак, ня ставіць пад сумненьне яго легітымнасьць.
Папулярызацыі напою значна паспрыяў музычны гурт «Крамбамбуля» на чале зь Лявонам Вольскім.
У Маскве працуе рэстаран беларускай кухні «Крамбамбуля»
Рэцэпт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 0,5 л гарэлкі
- 0,25 мускатнага арэха (таўчоны)
- 1-2 ст. л. мёду
- 1 чайн. л. цынамон (таўчоны)
- 7-8 шт. гвазьдзіку (таўчоная)
- 4-5 гарошын чырвонага горкага перцу
- 3-5 гарошын чорнага перцу
Адліць шклянку гарэлкі і зьмяшаць з такой жа колькасьцю вады. Дадаць спэцыі, мёд і давесьці да кіпеньня, зьменшыць агонь і кіпяціць 10 хв. Дадаць астатнюю гарэлку і пакінуць у закрытым посудзе на 5 хв.
Працадзіць праз 4 слаі марлі ў бутэльку, паклаўшы туды папярэдне чорны перац гарошкам.
Вытворчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Беларусі крамбамбулю вырабляе кампанія «БЕЛПІ — Беларускае пітво».
Кампанія БелПІ запускае цэлую сэрыю напояў пад агульнай назвай «Крамбамбуля»:
- «Панская» — напой з клясычнай рэцэптурай.
- «Паляўнічая» (настойка горкая, моцнасьць 40%). Прыгатаваная на траве зуброўкі і на чаборы.
- «Шчодрая» (настойка горкая, моцнасьць 40%). Настоена на кедравых арэхах і хваёвых пупышках.
- «Вогненая» (настойка горкая, моцнасьць 40%). Настоена на чырвоным, чорным і духмяным перцы.
- «Хлебасольная» (настойка горкая, моцнасьць 40%). Прыгатаваная на духмяным хлебе з дабаўленьнем настою каляндры.
- «Джын Рыцарскі» (джын, моцнасьць 45%). Моцны рамантычны напой для адважных мужчын.
- «Раскошная» (настойка салодкая, моцнасьць 20%, цукар 16 г/100 см3). Настоеная на зярнятах кавы, з цэльнымі зярнятамі ўнутры бутэлькі.
Акрамя таго, кампанія «Тенториум» вырабляе сумесь спэцыяў для гатаваньня крамбамбулі.