Клайв Сынклер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Клайв Сынклер
Clive Sinclair
Sinclair.600pix.crop.jpg
Сынклер у 1992 року
Імя пры нараджэньні Клайв Марлз Сынклер
Дата нараджэньня 30 ліпеня 1940
Месца нараджэньня Рычманд, Сарэй, Ангельшчына
Дата сьмерці 16 верасьня 2021 (81 год)
Месца сьмерці Лёндан, Ангельшчына
Грамадзянства Вялікабрытанія
Месца вучобы Гайгейцкая школа і коледж сьвятога Георгія ў Ўэйбрыджы[1]
Прафэсія вынаходнік, прадпрымальнік
Месца працы Sinclair Research
Вядомы як вынаходнік кішэннага калькулятара, ZX80, ZX81, ZX Spectrum
Жонка Эн Трэвар-Брыскаў (1962—1985)
Энгі Баўнэс (2010—2017)
Дзеці 3
Узнагароды

Сэр Клайв Марлз Сы́нклер (па-ангельску: Clive Marles Sinclair; 30 ліпеня 1940, Рычманд, Сарэй, Ангельшчына, Вялікабрытанія — 16 верасьня 2021, Лёндан, Ангельшчына, Вялікабрытанія) — ангельскі вынаходнік і прадпрымальнік, найбольш вядомы за свой унёсак у галіне побытавай электронікі.

Заснаваўшы Sinclair Radionics, Клайв Сынклер у 1972 року выпусьціў першыя тонкія кішэнныя калькулятары Sinclair Executive. Пасьля займаўся вытворасьцю пэрсанальных кампутараў і вынайшаў першы брытанскі масавы кампутар Sinclair ZX80 коштам меней за 100£, а пазьней таксама ZX81 і ZX Spectrum. За свой унёсак у разьвіцьцё ПК атрымаў у 1983 року рыцарства.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзед Джордж і бацька Джордж Ўільям Сынклеры былі інжынэрамі. Неўзабаве пасьля нараджэньня сына Тора Эдыт Эла Марлз дзеля бясьпекі зьехала з ваколіцаў Лёндану, а празь непрацяглы час іхні дом у Рычмандзе быў разбомблены. Бацька збудаваў новы дом у Брэкнэле (Бэркшыр). Тут нарадзіліся Клайваў брат Ейн (1943) і сястра Фіёна (1947).

У падрыхтоўчай школе Клайв паказаў здольнасьці ў матэматыцы. Але паколькі ў бацькавым бізнэсе пачаліся фінансавыя праблемы, сыну давялося некалькі разоў зьмяняць школы. Атэстат атрымаў у лёнданскай Гайгейцкай школе, атэстат па фізыцы, матэматыцы і дастасоўнай матэматыцы — у каталіцкім коледжы сьвятога Георгія ў Ўэйбрыджы.

Зарабляць пачаў кашэньнем газонаў і мыцьцём посуду ў кавярні. Пазьней пачаў падпрацоўку ў электронных кампаніях. Яшчэ ў школе напісаў першы артыкул для аматарскага радыёчасопісу Practical Wireless. Па сканчэньні школы вырашыў не паступаць па ўнівэрсытэт і зарабляў продажамі электронных набораў па перасылцы.

У 1958 року, у апошнім школьным клясе, Клайв Сынклер намаляваў схему свайго радыёэлектроннага набору „Марк I“. У 1959 року выйшла ягоная „1-я кніга аб практычных транзыстарных прымачах“, якая атрымала 9 перавыданьняў. У гэтым жа годзе апублікаваў кнігу аб практычным стэрэа, якая мела 7 перавыданьняў. Агулам у выдавецтве Bernard’s Publishing да 1962 року выйшлі 13 ягоных кнігаў.

25 ліпеня 1961 року Клайв Сынклер заснаваў „Sinclair Radionics Ltd“. Займаўся распрацоўкай набораў друкаваных электронных платаў і стварыў мініятурны набор для збору транзыстарных кішэнных прымачоў, але ня здолеў знайсьці фундаваньня. З гэтай прычыны ўладкаваўся тэхнічным рэдактарам часопісу „Instrument Practice“ ў выдавецтве „United Trade Press“ (UTP). У часе працы памочнікам рэдактара да 1969 року меў доступ да мноства прыладаў 36 вытворцаў.

Праграмны калькулятар „Sinclair Radionics“

У канцы 1960-х — пачатку 1970-х „Sinclair Radionics“ выпускала партатыўныя калькулятары, мініятурныя тэлевізары ды лічбавыя наручныя гадзіньнікі „Black Watch“. Апошні прадукт стаўся правальным, у 1975—1976 роках „Sinclair Radionics“ упершыню панесла фінансавыя страты. У пошуках інвэстыцыяў Сынклер прадаў 43% акцыяў Нацыянальнай прадпрымальніцкай радзе (НПР), але ў гэты час канкурэнцыя на рынку ўжо ўзрасла. Да 1979 року НПР вырашыла разьдзяліць „Sinclair Radionics“ на „Sinclair Electronics“ па выпуску электронных інструмэнтаў, тэлевізійнае і калькулятарнае аддзяленьні. Тады Клайв Сынклер сышоў з кампаніі.

У Кембрыджы ён далучыўся да кампаніі свайго колішняга супрацоўніка Крыстафэра Кары „Science of Cambridge Ltd“, якая выпускала наборы для збору наручных калькулятараў. У час прыходу ў кампанію Сынклера на рынку зьявіліся недарагія мікрапрацэсары, і ён прапанаваў пачаць продажы набору па зборцы мікрапрацэсараў, які стаў называцца MK14. Пасьля сыходу Кары ў заснаваную кампанію „Acorn Computers“ Сынклер працягнуў разьвіцьцё мікракампутарных набораў. На той час існавалі гатовыя кампутары кшталту Commodore PET цаной 700£, а Клайв Сынклер задаўся ідэяй стварыць падобную сыстэму да 100£. У траўні 1979 року пачалася праца над праектам ZX80, які стаў прадавацца па цане 79,95£ у самаробным наборы і 99,95£ у гатовым выглядзе. Продажы ZX80 імгненна сталі пасьпяховымі. „Science of Cambridge“ была перайменаваная ў „Sinclair Computers Ltd“, а пасьля ў „Sinclair Research Ltd“. У 1981 року выйшла новае пакаленьне мікракампутараў Sinclair ZX81, якія каштавалі 49,95£ і 69,95£ у канструктары і ў сабраным варыянце адпаведна. Гэта дапамагло „Sinclair Research“ стаць адным зь лідэраў у продажах кампутараў у Вялікабрытаніі ды ЗША, а таксама выйсьці на японскі рынак.

У лютым 1982 року кампутары Timex Sinclair пад ліцэнзіяй Сынклера ў ЗША стала выпускаць Timex. У красавіку выйшаў ZX Spectrum цаной 125£ за вэрсію з 16КБ памяці і 175£ за 48-КБ вэрсію. Гэта быў першы кампутар лінейкі ZX з каляровым вывадам. ZX Spectrum застаўся найбольш даступным сярод іншых кампутараў на рынку, што дапамагло яму замацавацца ня толькі ў нішы высокапрадукцыйных кампутараў, але і як выдатны варыянт для падлеткаў і моладзі. Дзякуючы гэтаму для ZX Spectrum зьявілася мноства штукарскіх відэагульняў, напісаных такімі самымі карыстальнікамі, што ў сваю чаргу дало пачатак разьвіцьцю індустрыі відэагульняў у Брытаніі.

Sinclair ZX81

ZX Spectrum хутка распаўсюдзіўся па Заходняй Эўропе, а ў сацыялістычных дзяржавах зьявіліся мноства ягоных клёнаў(en), пад якія ў сваю чаргу таксама было створана мноства гульняў. ZX Spectrum стаў самым прадаваным кампутарам у Вялікабрытаніі, да канца продажу якога ў 1992 року былі прададзеныя больш за 5 мільёнаў штук.

У сакавіку 1983 року Клайв Сынклер заснаваў яшчэ адну кампанію, „Sinclair Vehicles Ltd.“, якая займалася распрацоўкай электрычных аўтамабіляў. Адзіным ейным прадуктам стаў Sinclair C5, выпушчаны ў студзені 1985 року. Без папярэдняга вывучэньня рынку аўтамабіль стаўся поўным правалам, быў крытыкаваны за высокую цану, цацачны выгляд, брак сыстэмаў бясьпекі і слабую магутнасьць пры пад’ёме. Былі выпушчаныя толькі 14 000 асобнікаў пры чаканых продажах 100 000 за першы год, і ў жніўні таго ж году выпуск Sinclair C5 быў спынены.

Партатыўны тэлевізар Sinclair TV80

Яшчэ адным няўдалым праектам Сынклера стаў Sinclair Research TV80, партатыўны тэлевізар з плоскім экранам на электронна-прамянёвай трубцы, выпушчаны ў 1983 року. У гэты час ужо пачала разьвівацца вадкаэкранная тэхналёгія, і выйшлі толькі 15 000 адзінак TV80. Тым ня меней, C5 і TV80 з тае пары лічацца прадуктамі, якія апярэдзілі свой час: цяпер электрамабілі і прагляд відэа на экранах смартфонаў сталі звычайнай зьявай.

Да канца 1984 року на рынку пэрсанальных кампутараў у Вялікабрытаніі пачалася вайна цэнаў між „Sinclair Research“ і „Acorn Computers“ зь ягоным BBC Micro. Зьмяншэньне прыбыткаў і правал C5 прывялі „Sinclair Vehicles“ пад вонкавае кіраваньне, і ў красавіку 1986 року Сынклер прадаў большую частку „Sinclair Research“ „Амстраду“ за 5 млн фунтаў. Рэшта кампаніі працягнула дасьледаваньні і выпуск мікрасхемаў, кампутараў Z88 і спадарожнікавых прымачоў пад маркай „Cambridge Computer Ltd“.

Да 1990 року „Sinclair Research“ складалася з самога Сынклера і яшчэ двух супрацоўнікаў; у асноўным кампанія выпускала асабісты транспарт, такі як электраравары Zike. У 2003 року пачалося супрацоўніцтва з ганконскай фірмай „Daka“, для якой выпускаліся водныя матацыклі ды інвалідныя вазкі.

У 2010 року Клайв Сынклер прадпрыняў другую спробу выпусьціць электрамабіль, цяпер Sinclair X-1, які меў падобны да C5 дызайн (за які той быў крытыкаваны), але з эрганамічнейшым сядзеньнем кіроўцы, мацнейшым рухавіком і большай батарэяй, а таксама значна зьменшанай з улікам інфляцыі цаной. Аднак X-1 так і ня выйшаў на рынак.

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За свой унёсак у разьвіцьцё індустрыі пэрсанальных кампутараў у Вялікабрытаніі Клайв Сынклер у 1983 року атрымаў ганаровыя ступені доктара навук унівэрсытэтаў Бату, Герыёта-Ўота і Ўорўіку. Таксама ў гэтым годзе атрымаў ад каралевы Вялікабрытаніі рыцарскае званьне.

У 1984 року стаў дзейным сябрам Імпэрскага коледжу Лёндану.

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь першай жонкай Эн мелі трох дзяцей: Крысьпіна, Барталамэў і Бэлінду. Шлюб скончыўся ў 1985 року з прычыны фінансавых цяжкасьцяў кампаніі. У 2010 року Клайв Сынклер ажаніўся з Энгі Баўнэс, разьвяліся ў 2017.

Клайв Сынклер уваходзіў у брытанскае аддзяленьне таварыства Мэнса, у 1980—1997 зьяўляючыся ягоным старшынём.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]