Кахін Абілаў
Кахін Абілаў | |
па-талыску: Kahin Əbilov (Mirzəlizodə) | |
Род дзейнасьці | грамадзка-палітычны дзяяч, прадпрымальнік |
---|---|
Дата нараджэньня | 16 сакавіка 1968 |
Месца нараджэньня | Сальян, Азэрбайджанская ССР |
Дата сьмерці | 25 траўня 2020 (52 гады) |
Месца сьмерці | Менск |
Прычына сьмерці | сэрцавая няздатнасьць |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | Беларускі політэхнічны інстытут |
Занятак | прадпрымальнік, палітык, грамадзкі дзяяч, мэцэнат |
Дзеці | Ідрак Мірзалізадэ |
Сайт | tolishpress.org |
Кахін Мірзалі аглы Абілаў (Мірзалізадэ; 16 сакавіка 1968, Сальян, Азэрбайджанская ССР, СССР — 25 траўня 2020, Менск, Беларусь) — талыскі[1][2][3] грамадзка-палітычны дзяяч, мэцэнат, прадпрымальнік. Дзяяч талыскага нацыянальнага руху.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кахін Мірзалі аглы Абілаў (Мірзалізадэ) нарадзіўся ў сям’і галоўнага інжынэра-землеўпарадкавальніка мясцовага райвыканкаму Мірзалі Абілава (1935−1995) і Гюлдасты Агаевай (1942−2018). У 1974 року ў сувязі з новым прызначэньнем бацькі сям’я пераехала сьпярша ў Нэфтэчалу, а пасьля — у родную вёску Кюлятан у Масалінскім раёне[4].
У 1985 року з адзнакай скончыў Кулятонскую сярэднюю школу, паступіў у Берасьцейскі інжынэрна-будаўнічы інстытут). У 1986—1988 роках праходзіў вайсковую службу ў Архангельску, пасьля чаго вярнуўся да навучаньня і перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут у Менску[5].
У гады перабудовы зьяўляўся сябрам Беларускага Народнага фронту, а таксама Сацыял-дэмакратычнай партыі Азэрбайджану. Публікаваўся ў азэрбайджанскай газэце «Істыглал» і ў беларускім друку, дзе выступаў у абарону інтарэсаў азэрбайджанскай дыяспары, паведамляў пра палітычны перасьлед у Азэрбайджане, асьвятляў Карабаскую вайну. У 1990 року адлічаны з інстытуту галоўным чынам за сваю палітычную дзейнасьць[4].
Ажаніўся ў 1990 року. Меў сына Ідрака і дачку Арзу.
У 1992 року Кахін узначаліў групу журналістаў зь Беларусі і Японіі, якая накіравалася ў Агдам дзеля асьвятленьня ваенных падзеяў Карабаскай вайны[4].
У 1992 року разам зь іншымі 12 аднадумцамі стварыў дабрачыннае таварыства «Бабэк». Яно было створана з мэтай умацаваньня і разьвіцьця культурных, эканамічных і палітычных сувязяў між Азэрбайджанам і Беларусяй і брала ўдзел у арганізацыі паездкі карабаскіх дзяцей разам зь дзецьмі чарнобыльскіх перасяленцаў у Нямеччыну[4].
Разам зь беларускім паэтам Рыгорам Барадуліным падрыхтаваў зборнік перакладаў талыскай паэзіі на беларускую мову (ня выдадзены)[1].
Займаўся будаўнічым бізнэсам, валодаў кампаніяй „Сімург Арт“, якая ўдзельнічала ў пабудове царквы сьвятога Міхала Арханёла ў Жодзіне, татарскага мячэту ў Сьмілавічах, татарскага малітоўнага дому ў Маладэчне, цэнтральнага мячэту Менску, рэканструкцыі мячэту ў Іўі і сынагогі ў Слоніме.
Падтрымліваў выданьне талыскіх газэтаў і кніг, быў адным з заснавальнікаў Міжнароднай фундацыі адраджэньня талыскай культуры, Талыскай нацыянальнай акадэміі. Займаўся таксама праваабарончай дзейнасьцю: падтрымліваў талыскіх дзеячоў, якія зазналі перасьлед у Азэрбайджане.
Памёр у траўні 2020 року ад сэрцавай няздатнасьці[1]. Пахаваны ў роднай вёсцы Кюлятан (Азэрбайджан).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в „Пнеўманія“. У Мінску памёр дзеяч талышскага нацыянальнага руху Кахін Мірзалізадэ Культура. Рознае. „Наша Ніва“ (26 траўня 2020). Праверана 3 верасьня 2021 г.
- ^ Меджид, Фаик (29 траўня 2020) Талыши Азербайджана скорбят по поводу смерти мецената Кахина Мирзализаде (рас.) Кавказский Узел Праверана 3 верасьня 2021 г.
- ^ 25 мая Минске умер деятель талышского национального движения Кахин Мирзализаде (рас.) islam.by. Духоўная ўправа мусульманаў у Рэспубліцы Беларусі (27 траўня 2020). Праверана 3 верасьня 2021 г.
- ^ а б в г Абилов, Игбал (13 чэрвеня 2020) Памяти Кахина Абилова (рас.) Regnum Праверана 3 верасьня 2021 г.
- ^ Талышского Национального Движения и Правительства ТМАР в эмиграции совместное СОБОЛЕЗНОВАНИЕ (рас.) tolishstan Праверана 3 верасьня 2021 г.