Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Бабруйск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 00:21, 8 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Каардынаты: 53°8′31.16″ пн. ш. 29°13′7.77″ у. д. / 53.1419889° пн. ш. 29.218825° у. д. / 53.1419889; 29.218825

Унутры касьцёла

Касьцё́л Беззага́ннага Зача́цьця Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і – адзіны ў Бабруйску каталіцкі касьцёл, цэнтар парафіі.

Гісторыя

Касьцёл пабудаваны ў 1906 годзе (паводле некаторых дадзеных – у 1903 годзе) у стылі нэаготыкі (нутранае аздабленьне мае таксама барочныя рысы). Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Красоўскага. 9 верасьня 1912 году касьцёл быў кансэкраваны мітрапалітам, арцыбіскупам магілёўскім Вінцэнтам Ключынскім.

У 1902/1906-1912 гадох пробашчам парафіі й дэканам бабруйскім быў ксёндз-канонік Ян Красоўскі (памёр у 1912). Ад 1906 да 1920 году ў парафіі працавалі ксяндзы Вітальд Івіцкі, Вацлаў Пацэвіч, Ян Брэчка, Вінцэнт Латарэвіч, Караль Бялініс, Адам Пучкар-Хмялеўскі.

Выгляд касьцёлу ззаду

У 1935-1941 гадох службы ў касьцёле забаранілі, а памяшканьні будынку выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах.

У 1921-1944 гадох пробашчам парафіі быў ксёндз Фэлікс Выліжынскі. У 1938 годзе ён быў зьняволены ў турму. Пасьля выхаду на волю ў ліпені 1941 году ксёндз Выліжынскі вярнуўся на працу ў парафію, якой апекаваўся да свае сьмерці ўвосені 1944 году.

У 1946 годзе касьцёл быў ізноў зачынены. У 1968 — фасад храму часткова разбурылі й умуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак, які існуе да сёньня.

У 1955-1970 гадох парафіянамі апекаваўся ксёндз Мечыслаў Малыніч, які жыў у Слуцку.

У кастрычніку 1989 году было прынятае рашэньне пра вяртаньне касьцёлу вернікам, што было зроблена аднак толькі ў сакавіку 1990 году. 13 ліпеня 1990 году касьцёл кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, памылкова надаўшы яму тытул Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла. Пасьля рэканструкцыі, якую 9 сьнежня 1996 году ўчыніў мітрапаліт, кардынал Казімер Сьвёнтак, у назву касьцёлу й парафіі вярнулі гістарычнае імя — Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Будынак прыбудаваны да касьцёла (на заднім фоне - шыльда касьцёла)

Сучасныя пробашчы парафіі

Час кіраваньня Імя
Ад 13 ліпеня 1990 Анджэй Шчэнсны
Ад 15 сакавіка 1993 Раман Факсінскі
Ад 30 студзеня 2000 Антоні Клімантовіч
Люты-жнівень 2001 Аляксандар Тарасевіч
Ад 7 жніўня 2001 Генрых Акалатовіч
Ад 21 жніўня 2005 Уладзімер Русак, адміністратар
Ад 18 кастрычніка 2005 Юры Быкаў

Касьцёл у культуры

Апіс касьцёла знайшоўся ў павесьці Фляряна Чарнышэвіча пт. «Nadberezyńcy» (польск. «Надбярэзынцы»). Аўтар паказаў яго як важны рэлігійны асяродак палякаў з Усходняй Беларусі, мэта пільгрімак і месца арганізацыі сьвятаў, якія адначасова былі маніфэстацыямі польскасьці[1].

Крыніцы

  1. ^ Florian Czarnyszewicz: XIII Na Białą Procesję. W: Nadberezyńcy. T. 1. S. 89.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Бабруйск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў