Касманаўтыка
Касмана́ўтыка (ад па-грэцку: κόσμος — Сусьвет ды па-грэцку: ναυτική — мастацтва мораплаўства) — тэорыя й практыка навігацыі за межамі атмасфэры Зямлі для дасьледаваньня касьмічнае прасторы пры дапамозе аўтаматычных і пілатуемых касьмічных апаратаў. Іншымі словамі навука й тэхналёгія касьмічных палётаў.[1]
Грандыёзным зьдзяйсьненьнем і адпраўным пунктам разьвіцьця пілатуемай касманаўтыкі стаў касьмічны палёт савецкага касманаўта Юра Гагарына 12 красавіка 1961 году. Наступная важная падзея ў вобласьці касманаўтыкі — высадка чалавека на Месяц адбылася 21 ліпеня 1969 году. Амэрыканскі астранаўт Ніл Армстранг зрабіў першы крок па паверхні натуральнага спадарожніка Зямлі са словамі: «Гэта маленькі крок для аднаго чалавека, але вялізны скачок для ўсяго чалавецтва».
Найважнейшыя этапы асваеньня космасу ад 1957 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 4 кастрычніка 1957 — запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі Спадарожнік-1.
- 3 лістапада 1957 — запушчаны другі штучны спадарожнік Зямлі Спадарожнік-2, які ўпершыню вывеў у космас жывую істоту, — сабаку Лайку.
- 4 студзеня 1959 — станцыя «Месяц-1» прайшла на адлегласьці 6000 км ад паверхні Месяца й выйшла на гэліацэнтрычную арбіту. Яна стала першым у сьвеце штучным спадарожнікам Сонца.
- 14 верасьня 1959 — станцыя «Месяц-2» упершыню ў сьвеце дасягнула паверхні Месяца ў раёне Мора Яснасьці паблізу кратэраў Арыстыд, Архімед і Аўтолік, даставіўшы вымпел з гербам СССР.
- 4 кастрычніка 1959 — запушчаная аўтаматычная міжплянэтная станцыя «Месяц-3», якая ўпершыню сфатаграфавала нябачны бок Месяца.
- 19 жніўня 1960 — ажыцьцёўлены першы ў гісторыі арбітальны палёт у космас жывых істот (сабакі Белка й Стрэлка) з пасьпяховым вяртаньнем на Зямлю.
- 12 красавіка 1961 — ажыцьцёўлены першы палёт чалавека ў космас (Юрам Гагарынам) на караблі Усход-1.
- 12 жніўня 1962 — ажыцьцёўлены першы групавы палёт на караблях Усход-3 і Усход-4.
- 16 чэрвеня 1963 — ажыцьцёўлены першы палёт у космас жанчыны-касманаўта (Валянціна Церашкова) на касьмічным караблі Усход-6.
- 12 кастрычніка 1964 — першы палёт шматмясцовага касьмічнага карабля Узыход-1.
- 18 сакавіка 1965 — першы ў гісторыі выхад чалавека ў адкрыты космас (касманаўт Аляксей Лявонаў).
- 3 лютага 1966 — Аўтаматычная міжплянэтная станцыя «Месяц-9» ажыцьцявіла першую мяккую пасадку на паверхню Месяца, былі перададзеныя панарамныя здымкі Месяца.
- 1 сакавіка 1966 — станцыя «Вэнэра-3» упершыню дасягнула паверхні Вэнэры, даставіўшы вымпел СССР. Гэта быў першы пералёт касьмічнага апарату зь Зямлі на іншую плянэту.
- 3 красавіка 1966 — станцыя «Месяц-10» стала першым штучным спадарожнікам Месяца.
- 30 красавіка 1967 — першая сутыкоўка двух бесьпілётных касьмічных апаратаў «Космас-186» і «Космас-188» (СССР).
- 15 верасьня 1968 — першае вяртаньне касьмічнага апарату Зонд-5 на Зямлю пасьля аблёту Месяца. На борце знаходзіліся жывыя істоты: чарапахі, пладовыя мухі, чарвякі, расьліны, насеньне, бактэрыі.
- 16 студзеня 1969 — першая сутыкоўка двух пілятаваных касьмічных караблёў Саюз-4 і Саюз-5.
- 21 ліпеня 1969 — першая высадка чалавека на Месяц (Ніл Армстранг) у рамках месяцовай эксэдыцыі карабля Апалён-11, які даставіў на Зямлю, у тым ліку, і першыя пробы месяцовага грунту.
- 24 верасьня 1970 — станцыя «Месяц-16» ажыцьцявіла забор і дастаўку на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
- 17 лістапада 1970 — мяккая пасадка й пачатак працы паўаўтаматычнага дыстанцыйна кіруемага самаходнага апарату — Месяцаход-1.
- 15 сьнежня 1970 — мяккая пасадка на паверхню Вэнэры: «Вэнэра-7».
- 19 красавіка 1971 — запушчаная першая арбітальная станцыя Салют-1.
- 13 лістапада 1971 — станцыя «Марынер-9» стала першым штучным спадарожнікам Марсу.
- 27 лістапада 1971 — станцыя «Марс-2» упершыню дасягнула паверхні Марсу.
- 2 сьнежня 1971 — першая мяккая пасадка «Марс-3».
- 3 сакавіка 1972 — запуск першага касьмічнага апарату, які ў далейшым пакінуў межы Сонечнае сыстэмы: Піянэр-10.
- 20 кастрычніка 1975 — станцыя «Вэнэра-9» стала першым штучным спадарожнікам Вэнэры.
- кастрычнік 1975 — мяккая пасадка двух касьмічных апаратаў «Вэнэра-9» ды «Вэнэра-10» і першыя здымкі паверхні Вэнэры.
- 12 красавіка 1981 — першы палёт шматразовага транспартнага касьмічнага карабля Калюмбія.
- 20 лютага 1986 — вывядзеньне на арбіту базавага модулю арбітальнай станцыі Мір
- 15 лістапада 1988 — першы й адзіны касьмічны палёт МКС «Буран» у аўтаматычным рэжыму.
- 7 сьнежня 1995 — станцыя «Галілеа» стала першым штучным спадарожнікам Юпітэру.
- 20 лістапада 1998 — запуск першага блёку «Зара» Міжнароднае касьмічнае станцыі.
- 24 чэрвеня 2000 — станцыя «NEAR Shoemaker» стала першым штучным спадарожнікам астэроіда (433 Эрас).
- 30 чэрвеня 2004 — станцыя «Касіні» стала першым штучным спадарожнікам Сатурну.
- 15 студзеня 2006 — станцыя «Стардаст» даставіла на Зямлю ўзоры камэты Вільда 2.
- 17 сакавіка 2011 — станцыя «MESSENGER» стала першым штучным спадарожнікам Мэркурыю.
Беларуская касманаўтыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларусь як і большасьць краінаў сьвету адзначае Дзень касманаўтыкі 12 красавіка. Сваю гісторыю асваеньня космасу краіна пачала, знаходзячыся ў складзе СССР. Аднак маецца шэраг фактаў, якія дазваляюць казаць пра наяўнасьць беларускай касманаўтыкі:
- Першы беларускі касманаўт — Пётар Клімук, які 18 сьнежня 1973 году ўпершыню паляцеў у космас на касьмічным караблі «Саюз-13». За два свае палёты касманаўт у агульнасьці на калязямное арбіце правёў 63 содні;
- Другім беларускім касманаўтам стаў Уладзімер Кавалёнак, які ажыцьцявіў палёт 9 кастрычніка 1977 году. Надалей былі палёты ў 1978-м і 1981-м гадах. Агулам ён правёў у космасе 216 содней[2];
- Беларусь стала касьмічнай дзяржавай 22 ліпеня 2012 году, адправіўшы ў космас спадарожнік «БелКА-2» (першая спроба запуску ў 2006 годзе стала няўдалай).