Каратэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герогліфы, якія чытаюцца як «каратэ-до»

Каратэ́ (ад па-японску: 空手道, вымаўляецца IPA [ka'ɽate]; каратэдо: «шлях пустой рукі») — японскае баявое мастацтва, дзе выкарыстоўваюцца ўдары рукамі, нагамі, каленамі, локцямі і тэхніка адкрытай рукі. У некаторых стылях каратэ прымяняюцца захопы, кідкі, падвоенныя хваты[1]. Дадзенае напісаньне было прыдумана ў 1929 годзе Гітынам Фунакосі пад уплывам ідэяў дзэн-будызму, дагэтуль яго запісвалі як 唐手, што прыкладна азначае «кітайская рука». Герогліф 唐 азначаў дынастыю Тан у Кітаі, і стаў сынонімам Кітаю ў тагачаснай Японіі, якая актыўна пераймала розныя адгалінаваньні культуры з Паднябеснай. Менавіта тады кітайскае ўшу і трапіла на Акінаву, атрымаўшы назву «рукі Тан».

Каратэ ўпершыню было распрацавана ў Каралеўстве Рукю. Па тэрыторыі Японіі гэтае баявое мастацтва пашырылася ў XX стагодзьдзі ў часы культурных абменаў паміж японцамі і кітайцамі. Сыстэмнае выкладаньне каратэ ў Японіі пачалося пасьля эпохі Тайсё[2]. У 1922 годзе японскае міністэрства адукацыі запрасіла Гітына Фунакосі ў Токіё, каб той прадэманстраваў тэхніку каратэ. У 1924 годзе ва Ўнівэрсытэце Кэё быў створаны першы ўнівэрсытэцкі клюб каратэ ў Японіі і да 1932 году ўжо ўсе буйныя японскія ўнівэрсытэты мелі свае клюбы каратэ[3]. Падчас нарастаньня мілітарызму ў Японіі назва мастацтва была зьменена з «рука-Тан», на «пустая рука», пры гэтым абодва варыянты чыталіся як «каратэ». Праз гэты крок японцы жадалі паказаць, што каратэ будзе разьвівацца пад японскім уплывам. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны на Акінаве быў разьмешчаны амэрыканскі кантынгент і каратэ паступова набыла папулярнасьць сярод вайскоўцаў, разьмешчаных там[4].

У 1960-я і 1970-я гады каратэ пачало пранікаць у кінэматограф, што значна паўплывала на папулярнасьць баявых мастацтваў па ўсім сьвеце. Школы каратэ пачалі зьяўляцца па ўсім сьвеце. У іх пачалі навучацца, як тыя, хто меў выпадковую цікавасьць да каратэ, гэтак і тыя, хто жадаў больш глыбокага вывучэньня тэхнікі.

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напад у выкананьні Аляксандра Кажамякіна

Са зьяўленьнем каратэ ў СССР у канцы 1970-х гадоў, хваля захапленьня гэтым навамодным у той час відам японскага адзінаборства закранула і БССР. Колькасьць спартовых сэкцыяў каратэ хутка павялічвалася. Найболей папулярнымі і вядомымі інструктарамі ў Беларусі таго часу былі Алег Кірыенка, Леанід Лушчык, Пётар Калінін, Андрэй Вількін, Валеры Буяк, Аляксандар Ляцецкі (усе Менск), Аляксандар Кажамякін (Наваполацак)[5]. У 1978—1983 гады каратэ на Беларусі актыўна разьвівалася. Аднак, у траўні 1984 году ў Крымінальны кодэкс СССР увялі артыкул для перасьледу за заняткі каратэ, бо за папярэднія два гады на афіцыйных спаборніцтвах адбылося пяць сьмяротных здарэньняў, сьведкам аднаго зь якіх стаўся беларускі інструктар Алег Кірыенка. За выкладаньне гэтага баявога мастацтва пагражала зьняволеньне тэрмінам да 5 год. Мастацтва захавалася ў Беларусі дзякуючы ягонаму выкладаньню пад выглядам дзюдо ў вайскова-патрыятычных клюбах «Юны дэсантнік» і «Дзяржынец», а таксама ў фізкультурна-аздараўленчых камбінатах — пад прыкрыцьцём боксу і ў дзіцячых спартовых школах — пад прыкрыцьцём іншых відаў спорту[6].

У час Перабудовы была адноўлена фэдэрацыя баявых мастацтваў, у каратэ ў БССР пачаўся новы этап разьвіцьця. Зьявілася некалькі фэдэрацыяў па асобных відах і стылях каратэ. У Беларусі каратэ працягвала сваё разьвіцьцё, праходзілі спаборніцтвы, беларускія спартоўцы ўдзельнічалі і перамагалі ў міжнародных спаборніцтвах. Вядомыя майстры прыязджаюць у Менск і праводзяць сэмінары па каратэ.

14 лютага 2009 году прайшоў міжнародны турнір па каратэ, прысьвечаны 30-годзьдзю гэтага баявога мастацтва ў Беларусі. У спаборніцтве ўдзельнічалі маладыя спартоўцы з 8 краінаў, ушаноўваліся вэтэраны каратэ Беларусі і краінаў СНД[7].

Каратэ ў кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жан-Клёд Ван Дам выкарыстоўваў у кіно стыль Shotokan.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bishop, Mark (1989). Okinawan Karate. pp. 153–166. ISBN 0-7136-5666-2.
  2. ^ Donn F. Draeger (1974). Modern Bujutsu & Budo. Weatherhill, New York & Tokyo. Page 125.
  3. ^ 唐手研究会、次いで空手部の創立. Keio Univ. Karate Team.
  4. ^ Bishop, Mark (1999). Okinawan Karate Second Edition. p. 11. ISBN 978-0-8048-3205-2.
  5. ^ «Каратэ-до… и после», пра Кажэмякіна, як аднаго з заснавальнікаў каратэ ў Беларусі  (рас.)
  6. ^ Алесь Сівы. «У 84-м каратыстаў прыраўнялі да гомасексуалістаў…»// Народная воля. 17 лютага 2009 № 25—26
  7. ^ Беларускія каратысты адзначаць 30-гадовы юбілей міжнародным турнірам(недаступная спасылка)// Эўрапейскае радыё для Беларусі. 13 лютага 2009

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]