Кангрэс народа Беларусі
Кангрэ́с наро́да Белару́сі[1][2] — сход прадстаўнікоў камуністычных і прарасейскіх арганізацыяў[3][4], які адбыўся 11 верасьня 1993 року ў Менску.
Правядзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 жніўня 1993 року быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы кангрэсу, які ўзначаліў дэпутат Вярхоўнага савету Васіль Новікаў. Дэвізам быў абраны „Згода і адзінства, мір і дабрабыт“, мэта правядзеньня — „прадухіленьне нацыянальнай катастрофы“. Плянаваўся ўдзел па 180 кандыдатаў ад кожнай вобласьці Беларусі і 300 ад Менску[5].
Сход адбываўся ў будынку інфармацыйна-культурнага цэнтру Савета міністраў. Прысутнічалі 1377 дэлегатаў: народныя дэпутаты, прадстаўнікі моладзевых, жаночых, рэлігійных і вэтэранскіх арганізацыяў Беларусі, Расейскага агульнанароднага саюзу(ru), ЦК кампартыяў Украіны і Летувы(lt), дыпляматычныя прадстаўнікі Кітаю, Паўночнай Карэі, Віетнаму, Югаславіі ды іншых[2]. Адным з сустаршыняў быў будучы кіраўнік адроджанай Камуністычнай партыі Беларусі Віктар Чыкін[6].
У сваім выступе тагачасны кіраўнік „Народнага руху Беларусі“[7][8] Сяргей Гайдукевіч прапанаваў прызнаць падпісаньне Белавескіх пагадненьняў 8 сьнежня 1991 року памылкай[2]. Народны дэпутат Аляксандар Лукашэнка заявіў, што „на каленях гатовы паўзьці ў Расею“[3][4][5].
Кангрэс зацьвердзіў дэклярацыю з намерам забясьпечыць удзел Беларусі ў Дамове аб калектыўнай бясьпецы, а пасьля аднавіць СССР. У эканамічнай сфэры дэклярацыя патрабавала адміністрацыйнага рэгуляваньня, згортваньня прыватызацыі, дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам, калгасам і саўгасам. У культуры і навуцы прапаноўвалася ўвядзеньне дзьвюхмоўя, аднаўленьня гістарычнай праўды[5].
Пасьля кастрычніцкіх падзеяў у Расеі(ru) кангрэс зьвярнуўся да Вярхоўнага Савета з патрабаваньнем правесьці нечарговую сэсію дзеля адстаўкі старшыні Станіслава Шушкевіча, скасаваць Белавескія пагадненьні і прыняў рашэньне ўмацоўваць мясцовую савецкую ўладу.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кангрэс народа Беларусі Беларусь у асобах і падзеях. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 18 студзеня 2021 г.
- ^ а б в Кангрэс народа Беларусі // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. — С. 83.
- ^ а б Валерий Карбалевич. Путь Лукашенко к власти // Белоруссия и Россия: общества и государства / редактор-составитель Д. Е. Фурман. — М.: Права человека, 1998. — С. 226—258.
- ^ а б Навумчык, Сяргей (8 кастрычніка 2018) 1993, Лукашэнка: „Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею“ Дзевяноста трэці. Радыё „Свабода“. Праверана 18 студзеня 2021 г.
- ^ а б в Кур’яновіч, Аляксандар (31 кастрычніка 2018) Халодны кастрычнік 93-га Повязь часоў. Новы час. Праверана 18 студзеня 2021 г.
- ^ Туга па радзіме = Тоска по родине // Российская газета. — 22 сентября 1993.
- ^ Марціновіч, Ягор (24 ліпеня 2015) Сын у Германіі, дачка ў Аўстрыі: гісторыя жыцьця і сямейная драма вечнага кандыдата Сяргея Гайдукевіча Улада. Наша Ніва. Праверана 18 студзеня 2021 г.
- ^ Галина Дракохруст, Юрий Дракохруст, Дмитрий Фурман. Трансформация партийной системы Беларуси // Белоруссия и Россия: общества и государства / редактор-составитель Д. Е. Фурман. — М.: Права человека, 1998.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1997 Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — С. 83.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Кур’яновіч. Халодны кастрычнік 93-га // Новы час