Перайсьці да зьместу

Казармы Робэртсана

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казармы Робэртсана
анг. Robertson Barracks
Месцазнаходжаньне урочышча Гольцэ (Лічфілдзкі муніцыпалітэт, Паўночная тэрыторыя, Аўстралія)
Тып Вайсковая база
Пабудаваная 1989—2001 гг.
Час выкарыстаньня з 1992 г.
Стан дзейны
Уласьнік Аўстралійская армія
Гарнізон 1-я брыгада, 1-ы паветраны полк, рота Б 1-га батальёна вайсковай паліцыі, Дарвінскі агульнавайсковы аддзел кіраваньня перамяшчэньнямі, Паўночная агульнавайсковая частка забесьпячэньня; Ратацыйныя сілы марской пяхоты ЗША ў Дарвіне (4500 чал.; 2016 г.)
Каардынаты 12°26′42″ пд. ш. 130°58′28″ у. д. / 12.445° пд. ш. 130.97444° у. д. / -12.445; 130.97444Каардынаты: 12°26′42″ пд. ш. 130°58′28″ у. д. / 12.445° пд. ш. 130.97444° у. д. / -12.445; 130.97444
Казармы Робэртсана на мапе Аўстраліі
Казармы Робэртсана
Казармы Робэртсана
Казармы Робэртсана

Казармы Робэртсана — база Аўстралійскай арміі ва ўрочышчы Гольцэ (Лічфілдзкі муніцыпалітэт, Паўночная тэрыторыя, Аўстралія), што за 15 км на ўсход ад Дарвіна. Будаўніцтва ажыцьцяўлялася ў 1989—2001 гадах. Цягам 1992—2000 гг. на базу перамясьцілі 1-ю брыгаду Аўстралійскай арміі[1]. Улучае верталётны аэрадром. На травень 2007 г. займала 165 гектараў і налічвала каля 3500 вайскоўцаў і цывільных службоўцаў, у тым ліку Асяродак сухапутнай вайны і 1-ю роту эскадрону адказу на надзвычайныя здарэньні[2]. На сакавік 2013 г. займала больш за 700 гектараў[3]. Атрымала назоў у гонар аўстралійскага генэрал-лейтэнанта Гарацыя Робэртсана (1894—1960), які падчас Другой сусьветнай вайны камандаваў 19-й аўстралійскай брыгадай у Лібіі супраць італьянцаў і 6-й аўстралійскай дывізіяй у Новай Гвінэі супраць японцаў, а ў 1946—1951 гг. быў галоўнакамандавальнікам Акупацыйнага войска Брытанскай садружнасьці ў Японіі. На 2016 г. на базе месьціліся 1-я брыгада і 1-ы паветраны полк Аўстралійскай арміі. З 4 красавіка 2012 г. на базе разьмясьцілі Ратацыйныя сілы марской пяхоты ЗША. Першых 200 марскіх пехацінцаў сустрэлі прэм’ер-міністарка Аўстраліі Джулія Гілард (2010—2013) і міністар абароны Аўстраліі Стывэн-Фрэнсіс Сьміт[4]. На 2016 г. амэрыканская прысутнасьць дасягнула 4500 жаўнераў.

  1. ^ 1-я брыгада (анг.) // Аўстралійская армія, 3 чэрвеня 2015 г. Праверана 26 кастрычніка 2016 г.
  2. ^ Перабудова Казармаў Робэртсана, праекты «Збудаваньні Робэртсана для разьмяшчэньня танкаў» і «Загартаваная і сеткавая армія» (анг.) // Парлямэнт Аўстраліі, травень 2007 г. Праверана 26 кастрычніка 2016 г.
  3. ^ Казармы Робэртсана, Паўночная тэрыторыя (анг.) // Міністэрства абароны Аўстраліі, 1 кастрычніка 2013 г. Праверана 26 кастрычніка 2016 г.
  4. ^ ЗША пачалі разгортваньне войскаў у Аўстраліі // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 1. — ISSN 1990-763x.