Зыгмунт Закрэўскі
Зыгмунт Закрэўскі (па-польску: Zygmunt Zakrzewski; 28 сакавіка 1867, Познань — 11 сакавіка 1951, Кракаў) — польскі нумізмат. Па прафэсіі хімік. Прафэсар.
Навучаўся хіміі найперш у Дрэздэне, пасьля ў Карлсруэ, дзе дактарызаваўся з хіміі (1893), а таксама ў Швайцарыі, дзе абараніў дактарат зь філязофіі. Працаваў на вялікапольскіх цукроўнях. У 1914—1918 гадах посол на сойм прускі. У 1919 годзе стараста стшэльненскі.
Зацікавіўся нумізматыкай яшчэ гімназістам. Асабліва цікавіўся пястаўскімі манэтамі. У юнацкія гады пачаў дасьледаваньне нумізматыкі зь Бібліятэкі Рачынскіх у Познані. Пасьля двух гадоў досьледаў нават атрымаў права самастойнага дасьледаваньня сярэднявечных дакумэнтаў. Павялічваў свой збор на той час з дапамогай злотнікаў і зэгармістраў.
У 21 год (1888) меў 50 пястаўскіх манэт пачынаючы з рэдкага дэнару Храбрага. Удзельнічаў у нумізматычных аўкцыёнах. Да яго па кансультацыі зьвярталіся вядомыя польскія і аўстрыйскія нумізматы.
Пасьля Першай сусьветнай вайны прызначаны загадыкам катэдры Сярэднявечнай нумізматыкі Познанскага ўнівэрсытэту. У 1925—1927 гадах рэдактар часопісу «Wiadomości numizmatyczne-archeologicznie» («Нумізматычна-археалягічныя ведамасьці»).
Пад час Другой сусьветнай вайны — у Францыі ў ваколіцах Булонь-сюр-Мэр. Пасьля вайны нейкі час жыў у Італіі і Вялікабрытаніі. У 1948 годзе вярнуўся ў Польшчу.
У 1948 — выкладчык сярэднявечнай нумізматыкі ў Ягелонскім унівэрсытэце. Выдаў больш за 60 нумізматычных прац.
Напрыканцы жыцьця меў калекцыю больш за 5000 пястаўскіх манэт збольшага Храбрага. Яго калекцыя трапіла ў Нацыянальны Музэй Кракава і ўвайшла ў склад збораў Чапскага.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |