Гродзкі суд
Гродзкі суд — павятовы суд для шляхты, мяшчанаў і сялянаў у Вялікім Княстве Літоўскім[1]. Першапачаткова знаходзіўся ў замку (горадзе, гродзе), адкуль і пайшла назва. Рэглямэнт працы суду быў улучаны ў розныя разьдзелы Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 року.
Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым і ніжэйшым. У вышэйшы гродзкі суд уваходзіў ваявода або староста, або дзяржаўца і прадстаўнікі мясцовых фэадалаў, наяўнасьць якіх згодна са Статутам 1529 року была абавязковай. Вышэйшы гродзкі суд выконваў функцыі суду другой (г.зн. апэляцыйнай) інстанцыі ў адносінах да ніжэйшага складу гэтага суду. Ніжэйшы гродзкі суд склікаўся ў выпадку адсутнасьці вышэйшых службовых асобаў і зьдзяйсьняўся калегіяй, у якую ўваходзілі падваявода або падстароста, а таксама замкавы судзьдзя і пісар, якія прызначаліся ваяводам або старостам зь ліку асобаў са шляхты мясцовага паходжаньня, знаёмых з правам. Улучэньне ў склад ніжэйшага гродзкага суду прафэсійнага юрыста-судзьдзі сьведчыць пра значнае разьвіцьцё судовай сыстэмы і пачатковым этапе аддзяленьня суду ад адміністрацыі. Упершыню пра прафэсійных судзьдзяў было запісана ў грамаце Ягайлы ад 20 лютага 1387 року.
Галоўным судзьдзём звычайна быў ваявода, староста або дзяржаўца. Калі галоўны судзьдзя адсутнічаў, яго замяняў падстароста. Судзьдзі абавязаныя былі ведаць старабеларускую мову[2].
Першапачаткова ў замкавым судзе разглядаліся амаль усе мясцовыя справы, але пазьней, са зьяўленьнем іншых судоў (земскага і інш.), у кампэтэнцыі гродзкага засталіся толькі «гарачыя справы» — аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаньнях, падпалах, разбоях, згвалтаваньнях, атручваньнях, а таксама грамадзянскія справы аб вяртаньні зьбеглых прыгонных сялянаў і чэлядзі нявольнай. Асноўнай задачай гродзкага суду было ажыцьцяўленьне правасудзьдзя адносна асобаў, злоўленых «зь ліцом» (г.зн. на месцы ўчынку), а таксама затрыманых на працягу 24 гадзінаў пасьля зьдзяйсьненьня злачынства. Гродзкі суд таксама сьведчыў грамадзянска-праўныя дамовы, забясьпечваў судовыя доказы і г. д.
Калі злачынец-шляхціц пасьпяваў на працягу 24 гадзінаў схавацца ў сваім домаўладаньні, яго належала выклікаць адмысловай позвай у суд на чарговае судовае пасяджэньне, але не пазьней чым праз 4 тыдні. Калі тэрмін быў прапушчаны, зацікаўлены бок мог зьвярнуцца ў земскі суд.
Зь цягам часу ўсе судовыя справы пачалі рэгістравацца ў адмысловых судовых кнігах, якія закон абавязваў дбайна захоўваць. Пры кожным гродзкім судзе паводле Статуту 1588 року патрабавалася наяўнасьць належнага, добра ўмацаванага судовага двару, а таксама вязьніцы і ката[3].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Анатоль Грыцкевіч. Гродскі суд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 553.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 557.
- ^ Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. С. 108—109.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007.— 400 с. ISBN 978-985-441-621-2.