Перайсьці да зьместу

Ежы Мазур

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ежы Мазур
па-польску: Jerzy Mazur
тытулярны біскуп Табуніі
1998 — 2002
Папярэднік: Жын Батыст Буй Туан
Наступнік: Леў Малы
Біскуп дыяцэзіі Сьвятога Язэпа ў Іркуцку
2002 — 2003
Наступнік: Кірыл Клімовіч
біскуп Элцкі
2003 — цяперашні час
Папярэднік: Эдвард Эўгеніюш Самсэль
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 6 жніўня 1953 (71 год)
в. Гаўлавіцэ, Падкарпацкае ваяводзтва, Польшча
Адукацыя: Рымскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт
Узнагароды:

Ежы Мазур, S.V.D. (па-польску: Jerzy Mazur; нарадзіўся 6 жніўня 1953 году, в. Гаўлавіцэ, Падкарпацкае ваяводзтва, Польшча) — польскі, беларускі й расейскі каталіцкі дзеяч, біскуп.

Адукацыя й місіянэрская праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1972 скончыў агульнаадукацыйны ліцэй, затым паступіў у вышэйшую духоўную сэмінарыю Таварыства місіянэраў Божага слова ў Пяненжне. У тым самым годзе ўступіў у навіцыят айцоў-вэрбістаў. Высьвечаны на сьвятара 22 красавіка 1979 арцыбіскупам Ігнацыем Такарчуком. Навучаўся ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце, у 1980—1982 — Грыгарынскім унівэрсытэце ў Рыме.

У 1983—1986 быў на місіянэрскай працы ў Гане (Афрыка), затым 6 гадоў працаваў у Польшчы, выконваў функцыі прэфэкта польскае правінцыі вэрбістаў. Ад 1987 выкладаў місіялёгію ў місійнай духоўнай сэмінарыі вэрбістаў у Пянежне. Ад 1989 адначасова правінцыйны райца польскае правінцыі вэрбістаў.

Дзейнасьць на Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 распачаў службу ў Баранавічах, быў заснавальнікам і дырэктарам Катэхітычнага Цэнтру. Быў духоўным айцом каплянаў Пінскае дыяцэзіі й Менска-магілёўскае архідыяцэзіі. Служыў пробашчам парафіі Маці Божай Фатымскай у Баранавічах, распачаў і скончыў будаўніцтва касьцёла. У 1994—1998 быў рэдактарам часопіса «Дыялог». Ад 1994 узначальваў Катэхетычную Камісію Пінскае дыяцэзіі. У 1996 стаў сябрам Арганізацыйнае й сакратаром Каардынацыйнае Камісіяў Сыноду Менску-магілёўскае архідыяцэзіі й Пінскае дыяцэзіі. У 1997 стаў адказным за экумэнічныя справы ў падрыхтоўцы Вялікага Юбілею 2000 году. У Таварыстве Слова Божага выконваў функцыі супэрыёра акругі ад 1992, у 1997 узначаліў правінцыю Ўрал, што ахоплівае тэрыторыю Беларусі, Расеі й Украіны.

Намінаваны ў біскупы 23 сакавіка 1998, высьвечаны 31 траўня 1998 у Новасыбірску. Да ўсталяваньня Апостальскай адміністратуры Ўсходняй Сыбіры быў вікарным біскупам Апостальскай адміністратуры Азіяцкай часткі Расеі, тытулярным біскупам Табуніі. З 18 траўня 1999 Апостальскі адміністратар Усходняй Сыбіры, сябар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расеі. 11 лютага 2002-17 красавіка 2003 ардынарны біскуп дыяцэзіі сьвятога язэпа з цэнтрам у Іркуцку. Дзякуючы яго намаганьням у Іркуцку быў кансакраваны катэдральны касьцёл.

19 красавіка 2002 біскуп прыляцеў у Маскву рэйсам з Варшавы. У «Шарамецьцева-2» органы памежнага кантролю забралі ў яго пашпарт, заявіўшы, што «Мазур занесены ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на расейскую тэрыторыю». Аб прычынах біскупу не паведамілі. У 21:00 біскуп Мазур быў змушаны выляцець назад у Варшаву.

Афіцыйныя камэнтары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Біскуп Ежы Мазур, ардынары дыяцэзіі сьв. Язэпа з цэнтрам у Іркуцку, быў выправаджаны з краіны «у мэтах захаваньня бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі». Гэта вынікае з адказу апарата Ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі на запыт плябана іркуцкай парафіі Бяззаганнага Сэрца Божай Маці сьвятара Кшыштафа Коваля. У дакумэнце, падпісаным дараднікам аддзела па рэлігійных пытаньнях і культурных правах І. А. Маркінай, сказана: "З атрыманага па нашым запыце адказу Дэпартамэнта консульскай службы МЗС Расеі вынікае, што рашэньне… было прынята кампэтэнтнымі органамі ў адпаведнасьці з п. 1 арт. 27 Фэдэральнага закона «Аб парадку выезду з Расейскай Фэдэрацыі і ўезду ў Расейскую Фэдэрацыю». Адначасова МЗС Расеі, сказана ў дакумэнце, апавясьціла, што «ў адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай дзяржава знаходжаньня не абавязаная паведамляць матывы рашэньня аб адмове ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю». Першы пункт арт. 27 згаданага закона абвяшчае: «Уезд у Расійскую Фэдэрацыю замежных грамадзян або асобам без грамадзянства не дазваляецца ў выпадку, калі гэта неабходна ў мэтах забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы».
  • Фэдэральная памежная служба Расейскай Фэдэрацыі каротка растлумачыла, што Ежы Мазур ня быў дапушчаны ў Расею ў адпаведнасьці з артыкулам 27 закона Расейскай Фэдэрацыі «Аб парадку выезду і ўезду ў Расейскую Фэдэрацыю».
  • У прэс-службе царкоўна-навуковага цэнтру «Праваслаўная энцыкляпэдыя» выказалі здагадку, што, магчыма, пазбаўленьне візы Ежы Мазура стала сьледзтвам дэмаршу Міністэрства замежных справаў Расеі, якое яшчэ ў пачатку сакавіка 2003 выказала афіцыйны пратэст Ватыкану ў сувязі зь яго тытулам. Афіцыйны тытул біскупа гучаў як «адміністратар Усходняй Сыбіры і прэфэктуры Карафута». Прэфэктура Карафута існавала на Паўднёвым Сахаліне у 1905—1945, калі Паўднёвы Сахалін уваходзіў у склад Японіі. Той факт, што Ватыкан улучыў у тытул свайго прадстаўніка назоў неіснуючай на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі адміністрацыйнай адзінкі, па меркаваньні замежнапалітычнага ведамства, азначае, што «Ватыкан дэ-факта прызнае Паўднёвы Сахалін японскай тэрыторыяй». МЗС Расеі расцаніў гэта як недружалюбны акт і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Расеі. Ватыкан тады не адрэагаваў на пратэст расейскага боку.
  • Замежнапалітычнае ведамства Расеі адным зь першых актыўна падтрымала Расейскую праваслаўную царкву, якая выступіла і супраць рашэньня Ватыкану ў аднабаковым парадку падняць статус каталіцкіх структур у Расеі да ўзроўню дыяцэзіяў. Такім чынам РПЦ і расейская грамадзкасьць спрабуюць змагацца з распаўсюдам каталіцтва ў краіне.

Надалей жыў у Міхалавіцах пад Варшавай, працягваў выконваць функцыі біскупа дыяцэзіі сьвятога Язэпа. 17 красавіка 2003 прызначаны біскупам Элцкім у Польшчы.

Папярэднік
Жын Батыст Буй Туан
тытулярны біскуп Табуніі
1998—2002
Наступнік
Леў Малы
Папярэднік
няма
Біскуп дыяцэзіі Сьвятога Язэпа ў Іркуцку
2002—2003
Наступнік
Кірыл Клімовіч
Папярэднік
Эдвард Эўгеніюш Самсэль
біскуп Элцкі
ад 2003
Наступнік
няма

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ежы Мазурсховішча мультымэдыйных матэрыялаў