Перайсьці да зьместу

Дыямэд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дыямэд
Міталёгіястаражытнагрэцкая міталёгія
Плоцьмужчынская[d]
БацькаТыдэй[d]
МаціDeipyle[d]
ДзеціDiomedes[d]
Лягатып Вікісховішча Diomedes ў Вікісховішчы

Дыямэ́д (па-старажытнагрэцку: Διομήδης, літаральна «разумны нібы бог») — легендарны старажытнагрэцкі герой. Валадар Аргасу. Удзельнік пахода эпігонаў і Траянскай вайны.

Згодна міталягічнай традыцыі, Дыямэд паходзіў ад нашчадка калідонскага трону Тыдэя і прынцэсы Дэпілы, дачкі Адраста з Аргасу. Выхоўваўся ў Аргасе. Калі Дыямэд быў яшчэ малым, ягоны бацька Тыдэй загінуў пры нападзе на Тэбы. Каб адпомсьціць за Тыдэя, Дыямэд стаў адным з эпігонаў.

Паход эпігонаў на Тэбы скончыўся сьмерцю Эгіялея, сына Адраста. Адраст памёр ад гора. Такім чынам, Дыямэд застаўся адзіным прэтэндэнтам на сталец Аргасу. Дзеля падмацаваньня сваіх правоў герой ажаніўся з Эгіялеяй, дачкой Эгіялея. Стаўшы ўладаром, ён умешваўся ў справы Калідона, адкуль выгнаў Тэрсыта.

Дыямэд уваходзіў у лік жаніхоў Алены Цудоўнай і быў прывязаны клятвай дапамогі Мэнэляю. Пасьля выкраданьня Алены Парысам быў вымушаны браць удзел у Траянскай вайне. Ягоны флёт з 80 караблёў быў другім паводле ліку пасьля флёта Агамэмнана.

Дыямэд — адзін з найбольш слынных герояў «Іліяды», другі наймагутнейшы ахейскі воін пасьля Ахіла. Ягонай заступніцай была багіня Атэна. Дасьпехі Дыямэда выкаваў бог Гефэст. У баі ледзь не забіў Энэя, параніў двух алімпійскіх багоў Афрадыту і Арэса, што змагаліся на баку траянцаў, двойчы нападаў на Апалёна. Падчас уварваньня траянцаў у ахейскі лягер быў паранены і знаходзіўся на караблі. Паводле Гамэра, блізкім сябрам Дыямэда быў Адысэй. Не зважаючы на кпіны з боку Агамэмнана, ніколі не супрацьстаяў правадыру ахейцаў, удзельнічаў у прымірэньні Агамэмнана і Ахіла. У рытуальных гульнях па сьмерці Патрокла выйграў трыножнік, які потым захоўваўся ў Дэльфах.

У іншых творах Траянскага цыклю апавядаецца, што Дыямэд поруч з Адысэям выкралі з Троі статую Паляды. На гульнях па сьмерці Ахіла здабыў перамогу ў спаборніцтва ў бегу. Дыямэд знаходзіўся знутры Траянскага каня і забіў шмат траянцаў падчас штурму Троі. Разам з Нэстарам пакінуў Трою раней за іншых грэцкіх правадырооў, таму шчасна дабраўся да Аргасу.

Афрадыта не прабачыла Дыямэда за раненьне. Пакуль ён змагаўся пад Трояй, яна падманам прывабіла ягоную жонку Эгіялею завесьці палюбоўнікаў. Па вяртаньні Дыямэда яна не пусьціла мужа ў Аргас. Засмучаны Дыямэд перабраўся ў Этолію, а адтуль — у Апулію, дзе змагаўся супраць мэсалійцаў. Вэргіліюс у «Энэідзе» паведамляў, што Дыямэд адмовіўся ваяваць супраць Энэя, калі даведаўся пра высадку траянцаў у Ляцыё.

Грэкі і рымляне лічылі, што Дыямэд заснаваў у Італіі некалькі гарадоў, у тым ліку Брындызі, Вэнафра, Сан-Сэвэра і Каноза-дзі-Пульля.

Дыямед — адзін зь нешматлікіх старажытнагрэцкіх мітычных герояў, які на ўзор Гэраклу і Тэсэю, меў свой культ шанаваньня. Цэнтры ахвярапрынашэньняў Дыямэду месьціліся пераважна на Кіпры, ва ўсходняй частцы Адрыятыкі, на астравах Палагружа.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]