Палацава-паркавы комплекс Ельскіх (Дудзічы)
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палацава-паркавы комплекс Ельскіх
| |
Сядзіба ў Дудзічах. Ю. Пешка, каля 1800 г.
| |
Краіна | Беларусь |
вёска | Дудзічы |
Каардынаты | 53°35′16″ пн. ш. 27°40′21″ у. д. / 53.58778° пн. ш. 27.6725° у. д.Каардынаты: 53°35′16″ пн. ш. 27°40′21″ у. д. / 53.58778° пн. ш. 27.6725° у. д. |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Юзэф Прозар[d] |
Будынкі: сядзіба • млын • царква
| |
Вядомыя насельнікі | Міхал Ельскі, Аляксандар Ельскі |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Палацава-паркавы комплекс Ельскіх | |
Палацава-паркавы комплекс Ельскіх на Вікісховішчы |
Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Е́льскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII ст. у Дудзічах. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на беразе ракі Пцічы. Твор архітэктуры барока. З усёй сядзібы захаваліся толькі рэшткі воднай сыстэмы. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьвіцьцё маёнтку зьвязваюць з Заранскімі-Горбаўцамі, якія ў канцы XVII ст. атрымалі Дудзічы пад заклад, а ў сярэдзіне XVIII ст. сталі поўнымі яго гаспадарамі. У 1767 годзе маёнтак перайшоў у якасьці пасагу жонкі Аляксандры Заранка-Горбаўцавай да Юзэфа Прозара, кашталяна ковенскага. Новы ўладальнік за два гады (1767—1769) збудаваў драўляны палац, у якім пасяліўся, таксама ён адкрыў 2-клясную школу і запрасіў зь Нямеччыны майстроў, якія навучалі сялянаў рамёствам. Па сьмерці Юзэфа ў спадчыну маёнтак атрымала яго дачка Ружа.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1795 годзе Ружа з Прозараў выйшла замуж за Станіслава Ельскага, маршалка Ігуменскага павету. Па сьмерці Станіслава ў 1819 годзе маёнтак перайшоў да ягонага сына, Караля. Па сьмерці апошняга маёнтак перайшоў да ягонага сына, Міхала. Адзіная дачка Міхала выйшла замуж за Януша Ўняхоўскага. Уняхоўскія сталі апошнімі ўладальнікамі Дудзічаў.
У 1911 годзе ў двары маёнтку ў памяць аб скасаваньні прыгоннага права паставілі помнік маскоўскаму гаспадару Аляксандру II.
У 1914 годзе аўстрыйцы збудавалі каля маёнтку мост цераз раку (згарэў у Другую сусьветную вайну). Таго ж году згарэў млын, але неўзабаве яго адрамантавалі арандатары, браты Салавейчыкі (служыў яшчэ ў гады Другой сусьветнай вайны, не захаваўся).
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парк, сядзібны дом і ўсе іншыя пабудовы зьніклі за савецкім часам. Фамільныя скляпеньні з пахаваньнямі разбурылі, а тэрыторыю сядзібы пачалі забудоўваць лецішчамі. Шлюзы і дамбы на рацэ не захаваліся, але ў цэлым водная сыстэма добра прасочваецца. Захаваўся насып, на якім праходзіла дарога — стары шлях. Цяпер на старым рэчышчы віруе маленькі ручай ад крыніцы каля падножжа тэрасы. Цераз канал перакінутыя кладкі. Водную сыстэму можна адбудаваць. Тэрыторыя двара і водная сыстэма лічыцца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю 3-й катэгорыі[1].
За савецкім часам помнік Аляксандру II замуравалі ў сядзібу калгасу «Сьвітанак». У 1990-я гады яго вынялі і паставілі ля новазбудаванай царквы Сьвятой Ганны.
У 1994 годзе недалёка ад сядзібы, каля вёскі Пцічы, адкрыўся музэй матэрыяльнай культуры «Дудуткі».
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняга барока. Драўляны палац, злучаны з афіцынамі кароткімі пераходамі, утвараў курданэр, адкрыты ў бок уезда. Будынак меў высокі цокаль і накрываўся 4-схільным дахам, флігелі мелі 1-схільныя дахі, якія спускаліся да тыльных фасадаў. Характэрным элемэнтам палаца XVIII ст. былі высокія вокны.
Плян будынка быў сымэтрычны, улучаў 20 вялікіх і высокіх пакояў. Апроч сямейных партрэтаў, у палацы знаходзілася шмат старадаўніх рэчаў. У правай афіцыне да 1884 году знаходзілася капліца, у левай — жылыя пакоі.
Парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сядзіба займала маляўнічую мясцовасьць: тэрасу і абалону ракі Пцічы. Выцягнутая кампазыцыйная вось праходзіла пэрпэндыкулярна да тэрасы. Уздоўж яе месьцілася доўгая ўязная ліпавая алея, якой праходзіў стары тракт цераз раку на Рудзенск. Парадны двор не замыкаў восі, а разьмяшчаўся ў найбольш прыўзьнятай частцы тэрасы. Уезд з алеі ў двор фіксаваўся брамай. У рад зь пілёнамі брамы зь левага боку расло шэсьць вялікіх дубоў. Уезд у сядзібу меў выгляд ліпавай алеі з скразным праездам у першым ярусе сьвірна.
За палацам на дзьвюх тэрасах месьціўся рэгулярны парк у выглядзе невялікіх баскетаў, абнесеных пэрымэтрам ліпамі. Адсюль адкрываўся від на абалону ракі, дзе месьціўся ніжні парк, да якога схілам тэрасы вялі каменныя прыступкі. З усходняга боку было відаць сядзібу Ельскіх у Замосьці, за ракой — фальварак Зыкава.
У аснове плянавальнага разьвязку ніжняга парку выкарыстоўвалася арыгінальная водная сыстэма ў абалоне Пцічы, дзе рака робіць выгін. Водную сыстэму складаюць чатыры каналы ўздоўж рэчышча, два — ўздоўж дарогі, вельмі высокая насыпаная дарога з дамбамі, шлюзамі, якія ўтвараюць некалькі выспаў. На адной з выспаў месьцілася альтанка. Калі ўзровень вады падымаўся высока, пачынала працаваць турбіна млына. Млын меў буйнадзёрны і вальцовачныя камяні. На памол прыяжджала шмат сялянаў з навакольных вёсак. Унізе каля ракі збудавалі спэцыяльны дом для завозьнікаў. Насупраць месьціўся другі дом — арандатара.
Водная сыстэма ў Дудзічах ня мела аналягаў на Беларусі. Існаваў вялікі канал шырынёй да 8 мэтраў, канал, якія перасякаў абалону. Канал рэгуляваў узровень вады ў пэрыяд паводкі. Старажылы называлі канал грабным. Сыстэма шлюзаў мела вялікае водарэгулюючае значэньне. Яны былі ў Азярычыне, Цітве ды іншых населеных пунктах на Пцічы, забясьпечваючы паўнаводнасьць невялікіх рэкаў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага р-на / Укл. А. А. Прановіч. — Мн.: Беларусь, 2003. — 748, [1] с.: іл. ISBN 985-01-0251-9.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО «Полифакт» : ООО «Лекция», 2000. — 415 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 613Г000511 |