Перайсьці да зьместу

Джэнэзіс Пі-Орыдж

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джэнэзіс Пі-Орыдж
Нэйл Эндру Мэгсан (Neil Andrew Megson)
Джэнэзіс Пі-Орыдж
Дата нараджэньня 22 лютага 1950
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 сакавіка 2020(2020-03-14)[4][5]
Месца сьмерці
Прычына сьмерці chronic myelomonocytic leukemia[d][7] і леўкемія[d][7]
Грамадзянства Вялікабрытанія
Месца вучобы
Прафэсія вакаліст, кампазытар
Сябра ў Psychic TV[d], Throbbing Gristle, COUM Transmissions[d] і Thee Majesty[d]
Жанры Індастрыял, постпанк
Інструмэнты голас[d], электрагітара, сынтэзатар і скрыпка
Гурты Throbbing Gristle, Psychic TV, Thee Majesty
Лэйблы Industrial Records
Сайт genesisporridge.com (анг.)

Джэнэ́зіс Брэ́ер Пі-О́рыдж (па-ангельску: Genesis Breyer P-Orridge; нар. 22 лютага 1950, Манчэстэр, Ангельшчына) — брытанскі музыка і пэрфармансіст. Удзельнік вялікага мноства музычных праектаў і заснавальнік індастрыялу.

Нэйл Эндру Мэгсан нарадзіўся і рос у Манчэстэры. Скончыўшы школу, у 1968 ён паступіў ва Ўнівэрсытэт Гал (Hull University), дзе навучаўся эканоміцы, філязофіі і розным сацыяльным навукам. Менавіта ў тыя гады Нэйл Мэгсан атрымаў сваё новае, больш вядомае імя: пасьля адной з студэнцкіх вечарын сукурсьнікі Нэйла пачынаюць клікаць яго Джэнэзіс (genesis — па-ангельску: паходжаньне, узьнікненьне, генэзіс, пачатак)). Пазьней ён прыдумаў сабе і прозьвішча: Пі-Орыдж (porridge — па-ангельску: аўсяная каша, аўсянка).

Ужо ў студэнцкія гады Пі-Орыдж пачаў праяўляць сябе як бунтар, змагар супраць сыстэмы каштоўнасьцяў, сацыяльных рамак. Фактычна часопіс «Worm» (па-ангельску: чарвяк), які Пі-Оррыдж пачаў выдаваць у сьценах унівэрсытэту, быў прысьвечаны ягоным антысацыяльным памкненьням. Пасьля чацьвёртага нумару часопіс быў забаронены.

У 1969 Пі-Орыдж у рамках супрацоўніцтва з пэрформанс-гуртом «Transmedia Exploration» прыняў удзел у стварэньні камуны, мэтаю якой было пазбавіць удзельнікаў ад якіх-кольвек умоўнасьцяў, якія зазвычай навязваюцца грамадзтвам. Гэтая канцэпцыя абапіраецца на тое, каб увесьці ў жыцьцё элемэнты выпадковасьці, ніколі не займацца адною справай, не карыстацца аднымі й тымі ж спосабамі вырашэньня задачаў. У тым жа годзе Пі-Орыдж і ягоная сяброўка Козі Фані Туці ўтварылі пэрформанс-гурт C.O.U.M. Transmission. Гурт з самага пачатку быў арыентаваны на правакацыйныя, радыкальныя дзеяньні зь вялікаю доляю гвалту, сэксу, акультных абрадаў. Іх пэрформансы мелі выгляд галерэяў і вулічных імпрэзаў. Нягледзячы на пратэсты абаронцаў маралі і парадку, C.O.U.M. Transmission існаваў дастаткова доўга. У 1973 Пі-Орыдж і Козі Фані Туці перабраліся ў Лёндан. У 1974 музыкантам Крысам Картэрам была напісаная музыка для імпрэзы «Throbbing Gristle» (па-ангельску: пульсуючы храсток , гульня словаў, што абазначае эрэкцыю). Пасьля таго Пі-Орыдж прыняў Картэра ў C.O.U.M. Transmission. Картэр аставаўся ў гурце да распаду ў 1976. У 1975 далучаецца Пітэр Крыстафэрсан. Варта сказаць, што C.O.U.M. Transmission былі дастаткова папулярнымі: іхнае шоў у Амстэрдаме наведалі больш як 2000 чалавек, у 1975 яны прэзэнтавалі Ангельшчыну на штогадовым Парыскім біенале. Таксама гурт атрымліваў стыпэндыі і гранты ад некалькіх прэстыжных навучальных установаў, у тым ліку і ад Рады Культуры Вялікабрытаніі(Art Council Of Great Britain). У 1976у Лёнданскім цэнтры сучаснага мастацтва адбыўся сама вядомы і сама скандальны пэрформанс — «Prostitution», на якім Козі Фані Туці прэзэнтавала сябе, як жанчыну, артыста, мадэль і прастытутку.

Пі-Орыджу, які захапляўся творчасьцю біт-пакаленьня, удалося ў 1973 сустрэцца з адным з найвядомейшых прадстаўнікоў гэтага руху: Ўільямам Бэроўзам. Пазьней Джэнэзіс стане курыраваць ягоныя лёнданскія фэсты ў кастрычніку 1982. Таксама Пі-Орыдж прыняў удзел у выданьні Nothing Here Now but the Recordings — альбому з раньнімі тэкстамі Бэроўза, які выйшаў на Industrial Records у 1980. Творчасьць Бэроўза мела значны ўплыў на Пі-Орыджа: пад уражаньнем ад тэхнікі «cut-up» (напісаныя словы выразаліся з старонак і, перамяшаныя, у выпадковым парадку ўтваралі ўрыўкі, гатовыя для ўстаўкі ў прозу) Пі-Орыдж пачаў ужываць такі мэтад у музыцы. Гэты стыль дасягнуў апагею ў альбомах Psychic TV «Electric Newspaper. Issue 1, 2, 3».

У 1976 з ініцыятывы Пі-Орыджа C.O.U.M. Transmission перафармаваўся ў музычны гурт Throbbing Gristle, у рамках якога маглі працягвацца ранейшыя экспэрымэнты, цяпер у музычнай форме. Склад быў ранейшы: Джэнэзіс Пі-Орыдж — вакал, бас-гитара, тэксты; Крыс Картэр — клявішнік; Пітэр Крыстафэрсан — электроніка, праграмаваньне; Козі Фані Туцігітара.

З утварэньнем Throbbing Gristle пачала разьвіцьцё зьява з назовам «індастрыял». Пі-Орыдж заявіў, што наступіла індустрыйная эпоха, і сам стаў ідэолягам індустрыйнай культуры. Таксама ён стварыў Industrial Records. Лэйбл выдаваў ня толькі праект Пі-Орыджа Throbbing Gristle і іншыя індастрыял-гурты, але й мастака-пэрфармансіста Монтэ Казаза і нават вядомага контаркультурнага пісьменьніка Ўільяма Бэроўза.

З 1975 да 1981 Throbbing Gristle выпусьцілі дванаццаць альбомаў. У 1981 гурт быў распушчаны з абвяшчэньнем канца індустрыйнай эры і пераходу да эры пост-індустрыйнай. У 2007 выйшаў альбом узьяднанага Throbbing Gristle Part Two: The Endless Not.

Джэнэзіс зьвярнуўся да новага праекту Psychic TV у 1981. З чальцоў Throbbing Gristle прыняў удзел толькі Крыстафэрсан. Psychic TV стаў сама значным гуртом Джэнэзіса. Менатвіта там ён стаў выкарыстоўваць тэлевізію як вялізную сілу што гіруе грамадзтвам: аднойчы Пі-Орыдж заявіў, што ў ягонай хаце тэлевізар увамкнёны заўжды. Аб’ём матар’ялу, створанага для Psychic TV вялізны: за пэрыяд з 1982 да 1995 выдадзена болей як 40 студыйных альбомаў и болей як 20 канцэртных. Psychic TV унесьлі ў Кнігу Рэкордаў Гінэса за 23 альбомы, выпусканыя штомесяц з 1985.

Аднак з часам у Пі-Орыджа пачаліся праблемы з брытанскімі ўладамі, упэўненымі ў сэктанцкім характары ягонай арганізацыі "Храм душэўнай маладосьці". "Храм" хутка разрастаўся, створаны пад уплывам Алістэра Кроўлі. Праз гэты скандал Пі-Орыдж зьехаў у Каліфорнію.

З 1990 да 1997 Пі-Орыдж займаўся сумесным праектамі з Master Musicians of Jajouka, Bachir Attar, Pigface. Psychic TV спынілі дзейнасьць у 1998. Сумесна з Браянам Далам и Лары Трэшэрам ён утварыў гурт Thee Majesty, што й выступае дасёньня, карыстаючыся зробленымі ўручную інструмэнтамі.

Вялікай падзеяй для прыхільнікаў Джэнэзіса стаў фэст «Time's Up!», які адбыўся ў лёнданскім Royal Festival Hall у 1999. Удзел прынялі: абноўлены склад Psychic TV (PTV3), Thee Majesty, Billy Childish and Thee Headcoats, Scanner, Master Musicians of Jajouka ды інш. Канцэрт выдадзены на DVD.

У студзені 2003 Soft Skull/Shortwave Press выдалі манаграфію Painful but Fabulous, the Lives and Art of Genesis P-Orridge.

У 2003 Джэнэзіс зьмяніў імя на Джэнэзіс Браер Пі-Оррыдж, у гонар Лэдзі Джэй Браер Пі-Оррыдж — жонкі. У тым жа годзе пара пачала сэрыю выступаў «Breaking Sex», прысьвечаную аб’яднаньню мужчынскага і жаночага пачаткаў. У сувязі з гэтым Джэнэзіс з жонкаю прыжывілі сабе грудныя імплянтанты. У 2007 г. Джэй памерла ад праблемаў сэрца на фоне анкалёгіі.

Апошнім праектам Джэнэзіса стаў студыйнік Throbbing Gristle Part Two: The Endless Not, (2007).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Джэнэзіс Пі-Орыджсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Genesis Breyer P-Orridge Dead at 70 (анг.) // PitchforkCondé Nast, 2020. — ISSN 2574-2183
  2. ^ Industrial Music Architect Genesis P-Orridge Dies at 70 // Den of GeekDen of Geek, 2020.
  3. ^ Genesis P-Orridge, of Throbbing Gristle and Psychic TV, Dies at 70 (анг.) // VarietyNew York, Los Angeles, CA: Variety Media, Penske Media Corp., 2020. — ISSN 0042-2738
  4. ^ Genesis Breyer P-Orridge, Musician, Artist and Provocateur, Dies at 70 (анг.) // The New York Times / J. KahnManhattan: New York Times Company, A. G. Sulzberger, 2020. — ed. size: 443000 — ISSN 0362-4331; 1553-8095; 1542-667X
  5. ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  6. ^ Leland J. Genesis Breyer P-Orridge, Musician, Artist and Provocateur, Dies at 70 (анг.) // The New York Times / J. KahnManhattan: New York Times Company, A. G. Sulzberger, 2020. — ed. size: 443000 — ISSN 0362-4331; 1553-8095; 1542-667X
  7. ^ а б https://www.nytimes.com/2020/03/14/arts/music/genesis-breyer-p-orridge-dead.htmlThe New York Times, 2020.