Перайсьці да зьместу

Джон Літаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Джон Лі́́таў (па-ангельску: John Lettou; XV стагодзьдзе) — адзін з ангельскіх першадрукароў, заснавальнік друкарні ў Лёндане.

Пра раньняе жыцьцё амаль нічога не вядома. Мянушка Літаў паказвае на ягонае замежнае паходжаньне. Пры ўмове, што Lettou — гэта стараангельская назва Літвы, ён быў ураджэнцам ВКЛ. У такім разе па-беларуску ягонае імя гучыць як Ян (Іван) Ліцьвін. Аднак ангельскі дасьледчык Эдвард Гордан Даф у сваёй кніжцы «Першадрукі» (Early Printed Books) сьцьвярджае, што кнігі Джона Літаў вельмі падобныя да тых, што ў свой час надрукаваў Мацей Мараўскі, які дзеіў у Нэапалі. Але ў іншай сваёй кніжцы «Пачаткі кнігадрукаваньня ў Ангельшчыне» (Early English Printing) Даф адзначае аднолькавасьць манэры друку (за выключэньнем некаторых вялікіх літараў) Джона Літаў і Ёганэса Брэмэра «Бульле», які ў 1478 і 1479 надрукаваў дзьве кніжкі ў Рыме.

У 1480 годзе распачаў сваю друкарскую дзейнасьць у Лёндане. Першай зь ягонага друку выйшла індульгенцыя Джона Кейдэла ўдзельнікам змаганьня з туркамі. Першай кнігай, якую ён надрукаваў, была «Quaestiones Antonii Andreae super duodecim libros metaphysicae Aristotelis» (1480), другой — «Thomas Wallensis super Psalterium» (1481). Абедзьве кнігі былі выдадзеныя на сродкі Ўільяма Ўілкака, пра якога нічога невядома, апроч таго, што ў 1487 годзе ён жыў Лондысэлі. Стыль, які ўжываў Джон Літаў, пасьля быў запазычаны Ўільямам Кэкстанам. Апроч таго, Літаў першым у Ангельшчыне пачаў ужываць напісаньне тэксту ў дзьве калёнкі. Трохі пазьней да Літава далучыўся Ўільям дэ Манчлія (верагодна, з гораду Мішлен у Бэльгіі). У асноўным яны друкавалі зборнікі законаў, але невядома, ці быў гэта ўрадавы заказ. Толькі адна зь вядомых пяці іхніх кнігаў (Tenores Novelli) мае выходныя зьвесткі, але ж ніводная ня мае даты выхаду. Паводле каляфону, друкарня месьцілася ў Лёндане «juxta ecclesiam omnium sanctorum» (ля касьцёлу ўсіх сьвятых), але, паколькі такіх касьцёлаў было шмат, вызначыць дакладнае месца немагчыма. Пасьля надрукаваньня гэтых пяцёх кнігаў імя Літаў больш ня ўзгадвалася. У 1483 годзе Ўільям дэ Манчлія заснаваў уласную друкарню.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]