Джон Дункан (мастак)
Джóн Дýнкан (па-шкоцку і па-ангельску: John Duncan; 19 ліпеня 1866, Дандзі, Шкоцыя — 1945, Эдынбург, Шкоцыя) — шкоцкі мастак-сымбаліст.
Джон Дункан | |
Імя пры нараджэньні | John McKirdy Duncan |
---|---|
Дата нараджэньня | 19 ліпеня 1866 |
Месца нараджэньня | Дандзі, Шкоцыя |
Дата сьмерці | 1945 |
Месца сьмерці | Эдынбург, Шкоцыя |
Адукацыя | Мастацкая школа Дандзі, Антвэрпэнская каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў, Дусэльдорфская акадэмія мастацтваў |
Месца вучобы | |
Занятак | Мастак |
Сябра ў | Society of Eight[d] |
Плынь | сымбалізм |
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ягоны бацька быў жывёлагадоўцам, але Джон заўсёды дэманстраваў адсутнасьць цікавасьці да сямейнага бізнэсу і схільнасьць да выяўленчага мастацтва, настолькі, што ва ўзросьце 11 гадоў ён ужо быў таленавітым студэнтам Школы мастацтваў Дандзі. Ва ўзросьце 15 гадоў ягоныя ілюстрацыі былі апублікаваныя ў мясцовым часопісе The Wizard of the North («Чараўнік Поўначы»)[1].
Дж. Дункана многія называлі «вар'ятам», а іншыя — «містыкам». Ён прызнаўся, што падчас маляваньня слухаў «казачную музыку». Нягледзячы на тое, што ягоная творчасьць застаецца моцна ўкаранёнай у рух прэрафаэлітаў, ён вылучаўся сярод сваіх сучасьнікаў і параўнальны хутчэй з мадэрністамі, у той час як ягоная ўлюбёная тэма - кельцкі рэнэсанс[2].
Мастацтвазнаўцы яго звычайна лічаць сымбалістам. Ягоная цікавасьць да кельцкага Адраджэньня таксама падзяляла шкоцкая сьпявачка Марджары Кенэдзі-Фрэйзэр; яны сталі блізкімі сябрамі, і Дункан намаляваў яе падчас паездкі ў Эрыскей у 1905 годзе[3].
У 1887—1888 гадах Дж. Дункан працаваў у Лёндане як мастак-ілюстратар, а потым адправіўся на кантынэнт, дзе вучыўся ў Антвэрпэнскай каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў пад кіраўніцтвам Шарля Вэрла і ў Дусэльдорфскай акадэміі мастацтваў[4].
У 1892 годзе Дж. Дункан пераехаў у Эдынбург, дзе пачаў плённае супрацоўніцтва з сацыёлягам, біёлягам і местабудаўніком Патрыкам Гедэсам, зь якім пазнаёміўся ў Дандзі. Неўзабаве ён атрымаў вядомасьць як адзін з вядучых мастакоў «кельцкага адраджэньня» ў Шкоцыі. У 1890-я гады Дункан стварыў цыклі фрэсак на міталягічныя тэмы, якія ўпрыгожылі сьцены кватэры Гедэса і ўнівэрсытэцкага інтэрнату ў эдынбурскім квартале Рэмсі-гардэн. У 1894 годзе па замове Гедэса ён распрацаваў праект «Ведзьмін калодзеж» — помнік ахвяраў ганеньняў на ведзьмаў у Эдынбургу[5].
У 1900 годзе дзякуючы падтрымцы Патрыка Гедэса Дункан атрымаў пасаду прафэсара ў Чыкакскім інстытуце, заснаваным Фрэнсісам Уэйландам Паркерам. Тут у ліку ягоных вучняў быў амэрыканскі скульптар і мастак-акварэліст Уільям Зорах. Вярнуўшыся ў Шкоцыю пасьля сьмерці Паркера ў 1902 годзе, Дункан пасяліўся ў Эдынбургу, дзе і пражыў астатак гадоў[6].
Памёр у 1945 годзе, пахаваны ў Эдынбургу[7].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стылістычна творы Дж. Дункана нагадваюць творы сымбалістаў П'ера Пюві дэ Шавана і Гюстава Маро, прэрафаэліта Эдварда Бэрн-Джонса[8].
Дункан быў найважнейшым прапагатарам матываў з кельцкай міталёгіі ў шкоцкім мастацтве, але ён таксама прысьвяціў сябе біблейскім сцэнам і тэмам з грэцкай міталёгіі. Дэкаратыўнасьць карціны была для яго найвышэйшым прыярытэтам, нават калі ён не заўсёды імкнуўся да гэтага ідэалу так пасьлядоўна, як у карціне «Сьвятая Брыгіта» (1913)[9].
Г. Штухці апісвае карціны Дункана як «незвычайныя і ўнікальныя ў шкоцкім мастацтве першай паловы 20-га стагодзьдзя ў выбары сюжэта, дэкаратыўным і ўсё больш вытанчаным адлюстраваньні і тэхнічным майстэрстве»[10].
Творы Дункана знаходзяцца пераважна ў музэях Шкоцыі[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Young, Clara (2004). "John Duncan". Oxford Dictionary of National Biography (online ed.). Oxford University Press.
- ^ Kemplay, John (2009). The Paintings of John Duncan: A Scottish Symbolist. Pomegranate Artbooks.
- ^ Jarron, Matthew (2015). "Independent & Individualist": Art in Dundee 1867–1924. Dundee: University of Dundee Museum Services / Abertay Historical Society. pp. 49–83.
- ^ Young, Clara (2004). "John Duncan". Oxford Dictionary of National Biography (online ed.). Oxford University Press.
- ^ Mellor, Helen (1990). Patrick Geddes: Social Evolutionist & City Planner. London: Routledge. p. 76.
- ^ The Decorative Paintings of John Duncan (англ.) // The Artist: an illustrated monthly record of arts, crafts and industries. — London, UK, 1898. — Vol. 21. — P. 146–152.
- ^ Young, Clara. John Duncan (англ.) // Oxford Dictionary of National Biography. — 2004.
- ^ John Kemplay: The paintings of John Duncan: a Scottish symbolist. Pomegranate, San Francisco 1994.
- ^ John Kemplay: The paintings of John Duncan: a Scottish symbolist. Pomegranate, San Francisco 1994.
- ^ Henriette Stuchtey: Duncan, John. In: Allgemeines Künstlerlexikon. Die Bildenden Künstler aller Zeiten und Völker (AKL). Band 30, Saur, München u. a. 2001, ISBN 3-598-22770-1, S. 536.
- ^ The Decorative Paintings of John Duncan (англ.) // The Artist: an illustrated monthly record of arts, crafts and industries. — London, UK, 1898. — Vol. 21. — P. 146–152.