Гузаў
| Гузаў | |
| Населены пункт | |
Капліца ў палацава-паркавым ансамблі | |
| Краіна | Польшча |
|---|---|
| Ваяводзтва | Мазавецкае |
| Павет | Жырардаўскі |
| Гміна | Віскіткі |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 52°06′58″ пн. ш. 20°20′13″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 1013 чал. (2010)[1] |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | 46 |
| Паштовы індэкс | 96-317 |
| TERYT | 0739308 |
| Нумарны знак | WZY |
| Гузаў на мапе Польшчы Гузаў | |
Гу́заў (па-польску: Guzów) — вёска ў Жырардаўскім павеце Мазавецкага ваяводзтва Польшчы, разьмешчаная ў гміне Віскіткі. Месца нараджэньня кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага.
Знаходзіцца за 6 км на паўночны захад ад Віскітак, 10 км на паўночны захад ад Жырардава і за 47 км на захад ад Варшавы.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1765 уласьнікам Гузава і вакольных маёнткаў быў Андрэй Агінскі. Па III падзеле Рэчы Паспалітай Гузаў апынуўся ў прускай частцы. На падставе дэклярацыі караля прускага Фрыдрыха Вільгельма II 28 ліпеня 1796 царкоўныя маёнткі, староствы й іншы каралеўскія ўладаньні перайшлі ў валоданьне прускае казны, а ўжо кароль раздаваў іх сваім службоўцам і генэралам[2]. Гузаўскае староства атрымаў міністар Сьлёнску Карл Георг фон Гойм, але неўзабаве прадаў іх ранейшай уласьніцы, Паўліне Агінскай, маці Фэлікса Лубенскага[2]. Па ейнай сьмерці Гузаў перайшоў да Фэлікса. Калі ў 1856 маёнтак быў выстаўлены на аўкцыён, яго набыў Фэлікс Сабанскі. У іхнім валоданьні Гузаў знаходзіўся да 1944 року, калі быў нацыяналізаваны.
Палацава-паркавы ансамбль
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Андрэй Агінскі паставіў у Гузаве мураваны, велічны дом. У II палове XIX стагодзьдзя, на замову Фэлікса Сабанскага архітэктар Уладыслаў Гіршэль разбудаваў яго ў палац паводле ўзору замкаў на Люары, надаўшы яму цяперашні выгляд. Потым пры палацы быў разьбіты ляндшафтны парк, запраектаваны Валерыянам Кронэнбэргам і Францішкам Шаніёрам.
У часе I сусьветнай вайны палац служыў прыфрантавым шпіталём і разам з паркам быў зьнішчаны, але ў міжваенны час атрымаў ранейшы выгляд. У хадзе II сусьветнай вайны палац быў разрабаваны, а ў 1944 нацыяналізаваны. Па вайне ў палацы разьмясьціліся жылыя памяшканьні і кабінэты супрацоўнікаў цукроўні. У 1992 палацава-паркавы ансамбль быў вернуты роду Сабанскіх.
Пасьля столькіх гадоў занядбаньня палац апынуўся ў вельмі благім стане, як і парк, парослы хмызьнякамі. Адноўленая і дагледжаная толькі даўняя каплічка (цяпер касьцёл сьв. Фэлікса дэ Валюа) і невялікі ўчастак саду побач зь ёю.
Ураджэнцы і жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Міхал Клеафас Агінскі — кампазытар, нарадзіўся тут у 1765.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ GUS. Bank Danych Lokalnych
- 1 2 Iwona Maria Szustakiewicz, Guzów. Podwarszawska rezydencja Łubieńskich i Sobańskich(недаступная спасылка), «Rocznik Warszawski», nr 26 z 1996, s. 77-101. [dostęp 20.03.2012]
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гузаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Гузаў — Палац Сабанскіх (пол.) // Sztuka.net
- Guzów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. — S. 919
| Гэта — накід артыкула пра Польшчу. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |