Гаўмата
Прамалёўка Бэгістунскага рэльефу, які паказвае трыюмф Дарыя над магам Ґаўматам (ляжыць) і 9-ю мяцежнымі «каралямі». За сьпінай караля — целаахоўнік і ваяр з атрада «несьмяротных». Канец VI ст. да н. э. | |
3-і Шахіншах Пэрсіі | |
---|---|
11 сакавіка 522 да н. э. — 29 верасьня 522 да н. э. | |
Папярэднік | Камбіз II |
Наступнік | Дарый I |
Фараон Эгіпту | |
11 сакавіка 522 да н. э. — 29 верасьня 522 да н. э. | |
Папярэднік | Камбіз II |
Наступнік | Дарый I |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | VI стагодзьдзе да н. э. |
Памёр | 29 верасьня 522 да н. э. |
Род | Ахемэніды? |
Бацькі | Кір II? Касандана? |
Жонка | Атоса |
Рэлігія | зараастрызм |
Дзейнасьць | манарх |
Ґаўмата (або Ілжэбардыя; ? — 29 верасьня 522 да н. э.) — пэрсыдзкі кароль у 522 да н. э.. Паводле афіцыйнае вэрсіі, выкладзенай Дарыем I на Бэгістунскай скале, Ґаўмата, мідыйскі маг (жрэц), скарыстаўшыся адсутнасьцю Камбіза II, які быў на чале свайго войска ў Эгіпце, 11 сакавіка 522 да н. э. узьняў паўстаньне і 2 красавіка захапіў уладу ў свае рукі. Каб абгрунтаваць свае правы на пасад, Ґаўмата выдаў сябе за Бардыю — малодшага брата Камбіза, забітага апошнім яшчэ да свайго паходу ў Эгіпет.
Ґаўмата ў кароткі тэрмін авалодаў большай часткай Дзяржавы Ахемэнідаў. Ужо ў месяцы аяру (красавік — травень) у Бабілёне сталі датаваць дакумэнты ягоным кіраваньнем. Камбіз рушыў свае войскі супраць паўстанцаў, але загінуў пры вельмі загадкавых абставінах (канец красавіка 522 да н. э. Да 1 чэрвеня Ґаўмата атрымаў усеагульнае прызнаньне ў народаў Ахемэнідзкае дзяржавы.
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная вэрсія выкладзеная ў Бэгістунскім надпісы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вось як выкладае гэта Бэгістунскі надпіс, напісаны на скале на трох мовах (старажытнапэрсыдзкай, акадзкай і элямскай) на загад і ад імя Дарыя I:«Кажа кароль Дарый: нехта імем Камбіз, сын Кіра, з нашага роду, быў тут каралём. Гэты Камбіз меў брата, па імі Бардыя, ад аднаго бацькі і аднае маці. Камбіз забіў гэтага Бардыю. Калі Камбіз забіў Бардыю, народу было невядома, што Бардыя забіты. Затым Камбіз пайшоў у Эгіпет. Калі Камбіз пайшоў у Эгіпет, народ абурыўся, хлусьня распаўсюдзілася ў краіне, як у Пэрсіі, так і ў Мідыі, роўна як і ў іншых краінах. Быў чалавек, маг, па імі Ґаўмата, які паўстаў ў Пішыявада, ля гары Аракадрыш; адтуль ён пачаў бунт. У месяцы віякне, 14 чысла (11 сакавіка 522 да н. э.) ён абурыўся. Народу ён ілгаў, кажучы: „Я — Бардыя, сын Кіра, брат Камбіза“. Тады ўвесь народ адпаў ад Камбіза да яго, і Пэрсія, і Мідыя, і іншыя краіны. Ён захапіў уладу; гэта было 9 гармапада (2 красавіка). Тады Камбіз памёр, забіўшы сябе… Гэтая ўлада, якую чараўнік Ґаўмата адрынуў у Камбіза, здаўна належыла нашаму роду. Затым Ґаўмата адабраў у Камбіза і Пэрсію, і Мідыю, і іншыя краіны; ён прысвоіў іх сабе і стаў каралём. Не было ніводнага чалавека, ні пэрса, ні мідзяніна, ні з нашага роду, які бы адабраў уладу ў гэтага мага Ґаўматы. Людзі вельмі баяліся яго: ён мог пакараць сьмерцю шматлікіх людзей, якія некалі ведалі Бардыю, каб яны не пазналі, што ён ня Бардыя, сын Кіра. Ніхто не адважваўся штосьці сказаць аб Ґаўмаце-магу, пакуль я не прыбыў. Тады я памаліўся Агурамазьдзе аб дапамозе. Агурамазда паслаў мне дапамогу. У месяцы багаядышы, 10 чысла (29 верасьня 522 да н. э.), я зь нешматлікімі людзьмі, загубіў гэтага Ґаўмату і яго знатнейших прыхільнікаў. Ёсьць крэпаьсць Сыкаяўватыш, у вобласьці, названай Нісая, у Мідыі, — тамака загубіў я яго і забраў у яго ўладу. Воляй Агурамазды я стаў каралём; Агурамазда ўручыў мне каралеўства. Уладу, аднятую ў нашага роду, я вярнуў і паставіў яе на належнае месца, як было раней. Храмы, разбураныя чараўніком, я аднавіў, народу выгады, статкі і жыльлё — хаты, аднятыя Ґаўматам, я вярнуў, Я вярнуў народу яго ранейшае становішча, як у Пэрсіі, так і ў Мідыі, так і ў іншых краінах. Я вярнуў, што было аднята. Воляю Агурамазды я ўсё гэта зьдзейсьніў. Я працаваў, каб вярнуць нашаму дому яго ранейшае становішча, як было здаўна, я імкнуўся (пракласьці) па волі Агурамазды, як калі б Ґаўмата не ўхіляў нашага дому».
З Бэгістунскага надпісу відаць, што пераварот Ґаўматы быў ня чым іншым як мідыйскай рэакцыяй, накіраванай супраць улады пэрсаў — Ахемэнідаў. Справа ў тым, што Дарый I у сваім надпісе звычайна называе этнічную прыналежнасьць сваіх супраціўнікаў («бабілёнец», «армянін», «эляміт» і г. д.). Таму натуральна выказаць здагадку, што калі кароль кліча Ґаўмату «магам» (магі былі адным зь мідыйскіх плямёнаў, зь ліку якіх пастаўляліся жрацы, якія зваліся таксама магамі), дык ён мае на ўвазе ў першую чаргу этнічную прыналежнасьць паўстанца і ўжо ў другую чаргу — прыналежнасьць Ґаўматы да жрэцкага саслоўя. Аб гэтым сьведчыць тэкст бабілёнскае вэрсіі Бэгістунскага надпісу, дзе галоўны супраціўнік Дарыя прама названы «мідыйцам, па імі Ґаўмата, магам». Цікава, што ў гэтай вэрсіі, у адрозьненьне ад пэрсыдзкага і элямскага варыянтаў, у якіх гаворыцца, што Ґаўмата зрабіў мяцежнай Пэрсію, дададзена — «і Мідыю». Такім чынам, пераварот Ґаўматы быў мідыйскай рэакцыяй супраць панаваньня пэрсаў. Толькі прамідыйскай палітыкай варта растлумачыць жаданьне Ґаўматы атачыць сябе даверанымі людзьмі і сам факт перанясеньня рэзыдэнцыі мага з Пэрсыды ў Мідыю. Антычныя аўтары таксама не сумняваліся ў тым, што захоп улады Ґаўматам азначаў пераход яе ў рукі мідыйцаў.
Разьвіцьцё падзеяў паводле Герадота
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыблізна празь семдзесят гадоў пасьля мецяжу Герадот запісаў вестку аб гэтым перавароце ў тым выглядзе, у якім яна хадзіла тады па Азіі, а можа быць, і паводле перадачы Запіра, праўнука Мэгабіза, удзельніка падзеі — аднаго зь сямі вяльможаў, паплечнікаў Дарыя I. Гэты Запір, перабегшы да грэкаў і пасяліўшыся ў Атэнах, дзяліўся з Герадотам зьвесткамі з падданьняў свайго роду, якія належылі да ліку найболей шляхетных і блізкіх да двара, а таму мог паведаміць і шматлікія падрабязнасьці, вядомыя пры двары. Суцэль магчыма, што імя брата самазванца і яго натхніцеля Πατιζεινης (Патызыт), паведамленае Герадотам, зьяўляецца ўскосным доказам таго, што гісторык атрымліваў зьвесткі ад Запіра, бо гэта не імя, а тытул першага міністра («патыкшаятыя», рэгент, адгэтуль турэцкае падышах). Герадот прыняў тытул за ўласнае імя.
Герадот таксама як і Бэгістунскі надпіс кліча самазванцам чараўніка, аднаго з двух братоў, пакінутых Камбізам для кіраваньня палацам і былых у ліку тых нешматлікіх, якія ведалі аб забойстве Бардыі. Самазванец таксама завецца Бардыем (у Герадота — Смэрдыс) і быў падобны да яго тварам; брат ягоны Патызыт быў галоўным вінаватым бунту; ён пасадзіў Смэрдыса на пасад і разаслаў паўсюль вяшчальнікаў, асабліва да войскаў, з загадам прысягаць самазванцу. Слых дайшоў да Камбіза, які рушыў з Эгіпту назад у Пэрсію, каб здушыць мяцеж, але па дарозе памёр. Смэрдыс жа цалкам авалодаў становішчам і замацаваўся на пасадзе. Каб утрымаць заваяваныя народы ад паўстаньняў ён адмяніў на 3 гады падаткі і воінскія павіннасьці. Унутраная палітыка Смэрдыса была накіраваная на зьнішчэньне прывілеяў пэрсыдзкае радавое шляхты і яе панавальнага становішча ў эканоміцы і грамадзтве. Дзякуючы гэтаму Смэрдыс карыстаўся вялікай папулярнасьцю і падтрымкай шырокіх народных масаў, як у самой Пэрсіі, так і ў іншых падуладных пэрсам краінах.
Аднак Смэрдыс ніколі не выходзіў з палацу і не паказваўся перад народам. Гэта выклікала сумневы ў аднаго шляхетнага пэрса Атана, дачка якога раней была жонкай Камбіза, а пасьля сьмерці апошняга, як і іншыя гарэмные жанчыны, перайшла ўва ўласнасьць Смэрдыса. Ён папытаў дачку высьвятліць, ці сапраўдны кароль. Ён высьвятліў, што ў мага Смэрдыса павінны быць адрэзаныя вушы як пакараньне за злачынства. Яго дачка, калі наступіла яе чарга праводзіць ноч з каралём, таемна абмацала яго і выявіла, што ў караля няма вушэй. Пэрсы такім чынам даведаліся, што Смэрдыс — ня сын Кіра, а іншы чалавек, і арганізавалі змову. Смэрдыс і яго брат былі забітыя змоўшчыкамі, прадстаўнікамі сямі найшляхотнейшых родаў пэрсыдзкае арыстакратыі. Пасьля перавароту адбылося масавае зьнішчэньне магаў. Кіраўнік змовы Дарый стаў каралём.
Ці мог Ґаўмата быць сапраўдным Бардыем?
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя Бэгістунскага надпісу й Герадота аб перавароце Ґаўматы распавядаюць яшчэ ў розных варыяцыях Эсхіл, Ктэсій і Пампэй Трог (у перадачы Юстына). За выключэньнем Эсхіла, сучасьніка самога Дарыя, усе антычныя аўтары ўсьлед за Бэгістунскім надпісам клічуць Ґаўмату магам. У Юстына гісторыя Лжэбардыі перадаецца паводле Герадота, але, акрамя таго, зь нейкага добрае крыніцы паведамляецца імя самазванца ў форме Каматыс, блізкай да пэрсыдзкага Ґаўмата.
Некаторыя гісторыкі схільныя бачыць, што вэрсія пра Ґаўмату ілжывая і што да ўлады праўда прыйшоў Бардыя, якога Камбіз ніколі не забіваў. На карысьць гэтае тэорыі можа служыць тое, што Герадот ня кажа ні словы аб сваяцтве Дарыя з Ахемэнідзкай дынастыяй — Дарый толькі намесьнік Пэрсыды і атрымаў пасад толькі дзякуючы хітрасьці свайго канюшага, які прымусіў каня Дарыя заржаць перш канёў іншых удзельнікаў змовы. (Змоўшчыкі дамовіліся, што чый конь першым заржыць на сьвітанку той і стане каралём над іншымі). Да таго ж пэрсыдзкая народная традыцыя адмаўляла праўдзівасьць сьцьвярджэньняў Дарыя, што да яго на троне сядзеў Ілжэбардыя. Масы пэрсыдзкага народу, як, зрэшты, і народы іншых краінаў Ахемэнідзкае дзяржавы, былі перакананыя, што над імі валадарыў сын Кіра Бардыя, якога Дарый для сваіх мэтаў назваў магам Ґаўматам. Гэта пацьвярджае і ўсеагульнае паўстаньне народаў усяе Ахемэнідзкае дзяржавы, зь якім Дарый сутыкнуўся пры ўсшэсьці на пасад. Ствараецца ўражаньне, што Дарый быў узурпатарам, які для ўмацаваньнья сябе на пасадзе прыдумаў і гісторыю зьвяржэньня самазванца, і сваю генэалёгію, якая ўзводзіць яго да продкаў Кіра ІІ і Камбіза. Але з гэтым нельга пагадзіцца. Бэгістунскі надпіс — першы важны афіцыйны пэрсыдзкі тэкст — як бы знарок складзены на трох мовах для ўсеагульнага азнаямленьня, на самай люднай дарозе каралеўства, паміж дзьвюма сталіцамі Бабілёнам і Экбатанай, дзе ён быў зьмешчаны на вышыні, даступнай для чытаньня; акрамя таго, на папірусе ён быў разасланы па ўсёй дзяржаве на арамейскай мове; гэта адбылося празь які-небудзь дзясятак гадоў пасьля распавяданае падзеі, калі яшчэ яго памяталі як сучасьнікі, так і відавочнікі. Наўрадці ўзурпатар мог так бравіраваць сьвядомай хлусьнёй. Акрамя таго ў сьвіце Дарыя былі такія заслужаныя паплечнікі Кіра, як Гобрый; яго галоўнай жонкай, якая мела на яго велізарны ўплыў, была дачка Кіра — Атоса, якая спачатку была за сваім братам Камбізам, потым дасталася Ґаўмаце, а пасьля зьвяржэньня апошняга адышла Дарыю. Так што адмысловых падстаў сумнявацца ў прылналежнасьці Дарыя да Ахемэнідаў, роўна як і ў іншых паказаньнях Бэгістунскага надпісу няма.
Кіраваньне Гауматы працягвалася меней за 7 месяцаў.
Ахемэніды? | ||
Папярэднік: Камбіз II |
пэрсыдзкі кароль 522 да н. э. |
Пераемнік: Дарый I |
фараон Эгіпту 522 да н. э. |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бехистунская надпіс Дарыя I
- Герадот. Гісторыя. Кніга III, Раздзелы 61—79
- Тураев Б. А. История древнего Востока / Под редакцией Струве В. В. и Снегирёва И. Л. — 2-е стереот. изд. — Л.: Соцэкгиз, 1935.
- Дандамаев М. А. Мидия и Ахеменидская Персия // История древнего мира / Под редакцией И. М. *Дьяконова, В. Д. Нероновой, И. С. Свенцицкой. — Изд. 3-е, испр. и доп. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1989. — Т. 2. Расцвет древних обществ.
- Дандамаев М. А. Политическая история Ахеменидской державы. — М.: Наука, 1985.